Сядзібу-музей "Стары Менск" Глеб Лабадзенка адкрыў акурат ля ракі Менкі ў вёсцы Гарадзішча, дзе па адной з версій гісторыкаў была заснавана будучая беларуская сталіца. Праект пачаўся са звычайнага шпацыру: пераехаўшы з сям’ёй шэсць гадоў таму ў гэтае мястэчка, спадар Глеб папрасіў вядомага беларускага гісторыка Сяргея Тарасава правесці экскурсію для жыхароў вёскі. А той на мясцовым полі пачаў падымаць чарапкі гаршкоў ХІ-га стагоддзя. Стала зразумела: неабходна месца, дзе можна паказваць людзям тую гісторыю, што ў Гарадзішчы ляжыць літаральна пад нагамі.

Лободенко-еще портрет.jpg

"У суседкі ў парніку знайшлі печку ХІ-га стагоддзя"

Гарадзішча месціцца ў 7-мі кіламетрах ад мінскай кальцавой. У мястэчка ходзяць рэйсавыя аўтобусы і маршруткі са сталіцы, так што для патэнцыйных наведвальнікаў меліся ўсе ўмовы. Тут журналіст і паэт Глеб Лабадзенка разам з жонкай стаў ствараць у недабудаваным доме аграсядзібу, пры якой па законе можна адчыніць этнаграфічны куток, каб распавесці пра асаблівасці тутэйшых мясцінаў.

Лободенко-музей внешний.jpg

— Звычайна ў такіх этнаграфічных куточках выстаўляюць пралкі і калаўроты, мы ж паказваем, арабскія дырхемы, шахматнага каня, якому больш тысяча гадоў ды каля 500 экспанатаў Х-ХІ-га стагоддзяў. Уся нашая задума была менавіта дзеля экспазіцыі, але, вядома, музей як самастойная ўстанова не зможа сябе пракарміць. Грошы для развіцця музейнай экспазіцыі мы атрымліваем ад дзейнасці сядзібы, якую можна арандаваць на пэўны тэрмін, і ад памяшкання для правядзення канферэнцый на 30-40 чалавек ды банкетнай залы. Мне прыемна, што мы фактычна распрацавалі новы фармат: дзень народзінаў у музеі. Да нас звяртаюцца людзі розных сфер і прафесій. Яны прыходзяць на свята не проста пагуляць ды паесці, але папярэдне схадзіць на валы, дзе тысячу гадоў таму стаяў Менскі замак, праслухаць экскурсію ў выставачнай зале. Зрэшты, многія з гасцей сямейнага мерапрыемства пасля становяцца кліентамі музея, — распавядае спадар Глеб.

Уласна сядзіба-музей адчынілася ў 2020-м. Час складаны: у пандэмію было забаронена праводзіць групавыя экскурсіі, да таго з-за шматлікіх падзей у краіне патэнцыйнай аўдыторыі было не да экскурсій.

— Аднак я не скарджуся, бо за гэты час да нас усё роўна завітала вельмі шмат наведвальнікаў, — дадае заставальнік музея. — Мы не ўклалі ні капейкі ў рэкламу, нам дапамагае сарафаннае радыё і водгукі ў сацсетках. На колькі часу наперад у нас усё распісана.

— У суседкі ў парніку аказалася печка ХІ-га стагоддзя. Яна мне адтуль прынесла донцы з клеймамі Усяслава Чарадзея. А вось сусед гуляў з сабакам непадалек ад замкавых валоў і знайшоў крэмневы наканечнік стралы, якому каля 9000 тысяч гадоў! Узрост прадмета падцвердзілі археолагі. Зараз гэта самы стары экспанат музея, — з гонарам паведамляе Глеб.

Лободенко-наконечник стрелы.jpg

Тыя знаходкі не дзіва, калі ўзяць на ўвагу версію пра паходжання Мінска ад берагоў Менкі.

"З валоў вывезлі тры трактарныя прычэпі смецця"

Лободенко_тысячелетний_шахматный_конь.jpg

Вакол сучасных валоў некалі гаманіў вялікі горад. Ён займаў амаль 40 гектараў і месціўся акурат там, дзе сёння стаіць вёска ды сельгасгаспадарчыя палі. Пачынаючы з 1960-х гадоў тут актыўна ідуць раскопкі, падчас якіх было знойдзена нямала цікавостак, у тым ліку самая старая ва Усходняй Еўропе фігурка шахматнага каня, якая сення выстаўляецца ў сядзібе-музеі. Спадар Лабадзенка лічыць яе адным з найкаштоўных экспанатоў:

— Фігурка дапамагае ацаніць узровень цывілізацыі старажытных беларусаў, а нам трошкі вышэй падняць нос і расправіць плечы. Уявіце, на пачатку ХІ-га стагоддзя не было Масквы, Стакгольма, Берліна, Варшавы, Вільні і Рыгі, а Мінск ужо існаваў і нашыя продкі гулялі ў шахматы.

Па замове Лабадзенкі павялічаная копія каня з’явілася на пляцоўцы ўнутры валоў.

— Мы жывем у час, калі людзям абавязкова трэба сфоткацца падчас падарожжа і выкласці здымак у інстаграм. Зрабіш сэлфі на фоне пагорка, дык каментатары не ацэняць. А калі той вал зарослы крапівой, баршчэўнікам, з-за чаго ўзняцца на яго немагчыма! Таму я пачаў з музефікацыі прасторы, каб зрабіць яе прывабнай для наведвальнікаў.

У 2017-м годзе спадар Глеб звярнуўся да Міністэрства культуры з праектам добраўпарадкавання гэтага помніка рэспубліканскага значэння. Атрымаўшы дазвол ад ведамства і ад Акадэміі навук, ён пачаў прыбіраць тут смецце і прыстасоўваць замчышча для турыстаў.

— За чатыры гады з 35-ці пунктаў па добраўпарадкаванню выканалі каля 20-ці. Пачалі з таго, што вывезлі тры трактарныя прычэпы смецця. Менка была закіданая. Ля магілы заснавальніка легендарнага мінскага замка-турмы Пішчалы ляжалі старыя лядоўні, бітыя талеркі. Мы паставілі тут валуны-указальнікі, найвялікшы з якіх важыць 7 тон. Узвялі лесвіцы, кам можна было ўзняцца на валы. Пакуль у нас гатовыя две аглядальныя пляцоўкі, але плануем талакой расчысціць правы бок вала ад кустоў, каб можна было прайсціся па грэбню вала з усіх бакоў.

лободенко_Менка_разлилась_на_телефоне.jpg

Не так даўно спадар Глеб запісаў гадзінную экскурсію па валах для аўдыёгіда. Ён зроблены, як калонка, таму расповед могуць адразу слухаць некалькі чалавек. Можна слухаць у павольным тэмпе, бо тут ты сам выбіраеш, калі рабіць паўзу ці праслухаць другі раз запар.

— Дзеля тых, хто не хоча замаўляць экскурсію ці набываць аўдыёгід, мы плануем усталяваць стэнды і ўказальнікі. Трэба ж даць людзям хаця б мінімальную інфармацыю. Падобныя стэнды мы ўсталявалі тры гады таму на могілках ХV-га і ХVІІІ-га стагоддзяў. Шкада, што гэтыя могілкі штогод варочаюць велізарнымі плугамі. Мы ходзім з дзецьмі на суседняе поле ў пошуках гліняных аскепкаў, а бачым то рабрыну чалавечую, то ключыцу, то кавалак чэрапа. Мы пісалі пісьмы ўладальніку ворных плошчаў — камбінату "Ждановічы", у адказ жа атрымлівалі, што па дакументах тут старажытных могілак няма.

Побач з валамі пятляе легендарная Менка. Спадар Лабадзенка гаворыць, што многія наведвальнікі глядзяць на яе з недаверам, бо яе ў некаторых месцах за травой не відаць, лёгка можна пераскочыць:

— Праўда, нядаўна Менка паказала свой характар: разлілася два месяцы таму на 100 метраў і знесла два масты. Абмялела ж яна з-за меліярацыі, якую праводзілі на мясцовых палях у 1970-х. Але вы майце на ўвазе, што нашыя продкі, сеўшы тут ў лодачку, маглі па маршруце Менка-Пціч-Прыпяць-Дняпро-Чорнае мора дабрацца да самой Візантыі. Між іншым, мы распрацоўваем новы турыстычны маршрут. Прыдбалі ўжо ГАЗ 1950-х гадоў, на якім будзем вазіць турыстаў на месца, дзе Менка ўпадае ў Пціч. А да вытокаў ракі можна дайсці нагамі: яна пачынаецца ў сажалцы за суседняй вуліцай.

макет.jpg

"Толькі за вітрыны фірма прасіла 5-7 тысяч даляраў"

Не заўважыць "Стары Менск" у Гарадзішчы складана: ён знаходзіцца ўсяго ў 150-ці метрах ад валоў ды і сам стаіць на пагорку, таму яго сцены, распісаныя мастаком Алесем Пушкіным, бачна здалёк. Вакол будынку ўзведзены драўляны плот, імітуючы вежы старажытнага замку.

— Каб лішняга не патраціць, давялося ўнікаць у кожную дэталь, — распавядае прабудаўніцтва спадар Глеб. — Калі б мы гэты плот куплялі ў Мінску, то ён аказаўся б залатым. Мы ж прывезлі яго з Глуску, дзе дрэва каштавала ў тры разы танней. Па гэтай жа прычыне ганчарныя выбары мы заказваем у Івянцы, кавальскія — пад Мядзелам. Ці ўзяць вітрыны для экспанатаў: у фірме, дзе іх робяць прафесійна, за мой праект патрабавалі 5-7 тысяч даляраў. Мы, вядома, адмовіліся, купілі фанеру, пластык, дошкі і самі зрабілі гэтыя вітрыны.

У вежах плоту увоткнутыя стрэлы: іх заказвалі ў якасці сувеніраў, аднак жонка заснавальніка музея прапанавала размясціць звонку, нібы ідзе асада замка.

— Насамрэч, не трэба цурацца парадаў. Вось па падказцы Алеся Пушкіна змясцілі ў вежы каляровыя лямпачкі: па начах яны падсвечваюцца чырвоным і выглядаюць больш пераканаўча. Ці дзверы ў музей: не хацелася, каб яны выглядалі, як уваход у тыповы магазін, таму мастак на месцы размаляваў іх. Атрымаліся дзверы нібы з ХVІІ-га стагоддзя.

Дызайнера Глеб не наймаў, усё падказвала сітуацыя. Прынамсі, рамамі для партрэтаў ад слыннага айчыннага мастака Паўла Татарнікава (зрэшты, Павел асабіста даў дазвол на выкарыстанне яго ілюстрацый пры афармленні музея) сталі арыгінальныя аканіцы 1950-х гадоў:

— На Грушаўцы збіраліся старую хату зносіць. Гаспадыня дазволіла забраць аканіцы, бо усё адно знішчылі б. Вось літаральна з-пад бульдозера выратавалі, — тлумачыць уладальнік музея.

Лободенко-окна с грушевки.jpg

Так жа ашчадна спадар Лабадзенка ставіцца да зямлі, на якой паставіў аграсядзібу. Прынамсі, перад тым, як узвесці побач з асноўным будынкам шматфункцыянальны павільён, запрасіў на раскопкі археолагаў з Акадэміі навук. І нездарма: падчас даследванняў тут знайшлі пярсцёнак, бранзалет, свярдзёлак, ножык, фібулу і дзясятак донцаў гаршкоў з трызубам — гербам Усяслава Чарадзея.

58.jpg

— Насамрэч, гэта сенсацыя, — упэўнены суразмоўца. — Таму што такую колькасць знайшлі за час раскопак Менкі. Гэтыя ж былі акуратна складзены ў адно месца, каб не выкідаць на двор. У археолагаў дзве версіі, чаму і тут так шмат: ці на гэтым месцы жыў ганчар, які ляпіў гэтыя гаршкі, ці чыноўнік, які з іх еў. Гэта крута, бо з такога гаршка мог есці толькі прадстаўнік  княжацкай адміністрацыі. Зараз знойдзеныя прадметы выстаўляюцца ў нашым музеі: Акадэмія навук перадала мне іх на дэпазіт — часовае захоўванне. Штогод трэба будзе працягваць (ці не) дакументы на іх.

"Без экскурсавода экспанаты будуць казацца кучай няясных рэчаў"

Глеб Лабадзенка не мае гістарычнай адукацыі, таму па навуковую канцэпцыю для музея звярнуўся да гісторыка і археолага Сяргея Тарасава. Ён жа распрацоўваў макет, як бы мог выглядаць замак, ад якога да нашага часу дайшлі толькі муры. Наведвальнікам дазваляецца не толькі глядзець на выстаўленыя за шклом экспанаты, але і памацаць некаторыя прадметы са шматвекавой гісторыяй.

— На кожнай вітрыне ляжыць экспанат, да якога можна дакрануцца ці патрымаць у руках. Некаторыя наведвальнікі просяць паглядзець выставу без замаўлення экскурсавода ці набыцця аўдыёгіда. Аднак без прафесійнага суправаджэння ўсе гэтыя прадметы будуць казацца звычайнаму чалавеку кучай няясных рэчаў. Ляжыць, напрыклад, палачка: ну, жалязяка чарговая. А экскурсавод растлумачыць, што гэта капавушка — спецыяльная палачка, якой у Х-м стагоддзі чысцілі вушы. Ці вось просты на першы погляд кавалачак каляровага шкельца акажацца арабскай пацеркай, якой больш за тысячу гадоў.

Лободенко-иголки.jpg

 — Я ўвогуле прыхільнік таго, каб для кожнага чалавека знаходзіць даступную форму тлумачэння гісторыі. Памятаю, як у свой час мне было нецікава на уроках: напрыклад, уся гісторыя Полацкага княства ў тры старонкі нудоты. Як з тых радкоў разабрацца, хто тут Брачыслаў, хто Ізяслаў? А вось праз прызму рэчаў можна зразумець маштаб тых людзей. Гэта спрацоўвае, як кручок: зацікавіўшыся, чалавек пачынае сам шукаць факты, звязаныя з гісторыяй продкаў, у інтэрнеце, чытаць тэматычныя кнігі.

41.jpg

Суразмоўца разумее, што прафесійныя гісторыкі могуць знайсці ў яго музеі недакладнасці. Спадар Лабадзенка падкрэслівае, што хоць экспанаты тут сур’ёзныя, аднак сама установа мусіць быць для шырокага кола наведвальнікаў:

— Нашая роля — не даследванне гісторыі, а яе папулярызацыя. Мы не прэтэндуем на навуковасць, а расказваем пра складанае проста і цікава. Магчыма, кагосьці душыць жаба, што так прыцягальна расказаць не можа. Мяркую, у нас самы лепшы ў Беларусі прыватны музей, які паказвае гісторыю таго часу. І я буду шчыра радавацца, калі сюды будзе прыязджаць як мага болей людзей, якіх пасля экскурсіі будзе перапаўняць гонар за нашую вялікую гісторыю і нашых слаўных продкаў.

Настасся Панкратава

Фота Ганны Шарко