У Мінску на вуліцы Ракаўскайадкрыўся цэнтр керамікі. Будынак увяла ў эксплуатацыю “Мінская спадчына”, а стваральнікам цэнтра стала кераміст Вольга Угрыновіч. Мы паразмаўлялі з майстрам і даведаліся, што адметнага можна пабачыць у новым “Мастацкім доме Угрыновіч”.
Што паглядзець у цэнтры керамікі
Будынак падзяляецца на тры ўзроўні. У іх рэалізуюцца ўсе чатыры накірункі дзейнасці цэнтра. На першым знаходзіцца салон керамікі, які мае ўнікальны інтэр’ер. Тут можна купіць розныя керамічныя вырабы (посуд, інтэр’ерныя рэчы, брошкі), а таксама паштоўкі і іншыя падарункі для блізкіх.
Салон керамікі ў мастацкім доме Угрыновіч на Ракаўскай, 25 у Мінску
Таксама ў салоне ёсць магчымасць паўдзельнічаць у розных культурных мерапрыемствах і папіць кавы ці гарбаты ў кавярні, якая знаходзіцца тут жа, на першым паверсе. Напоі падаюць у керамічным посудзе, зробленым ў цэнтры.
Два іншых паверхі займаюць майстэрні. У іх керамічная прадукцыя ствараецца і распісваецца ўручную. Сюды наведвальнікі могуць прыйсці на экскурсію і паназіраць за працэсам стварэння керамікі.
І яшчэ адзін накірунак дзейнасці цэнтра — гэта майстар-класы па кераміцы, у якіх могуць удзельнічаць усе жадаючыя.
— Гэтае спалучэнне чатыры ў адным для мяне вельмі важнае. Мне здаецца, што яно ўнікальнае для нашай краіны. Тут праяўлена цэласнасць майго падыходу да сваёй справы: ад самых дробных дэталяў, да гарманічнага спалучэння ўсяго ва ўсім. Ад дызайну будынка, да самай маленькай дробязі, якую можна набыць у нашай краме, — распавяла Вольга Угрыновіч.
У цэнтры разам з Вольгай працуе цэлая каманда, якая складаецца амаль што з 30 чалавек. У яе ўваходзяць: артэксперты, мастакі, керамісты-навічкі, адліўшчыкі і іншыя спецыялісты.
Як узнік цэнтр керамікі на вуліцы Ракаўскай
Вольга — мастачка ў другім пакаленні. Яна займаецца керамікай усё сваё жыццё. Яе бацька — Угрыновіч Уладзімір Вікенцьевіч — мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і выкладчык Беларускай Акадэміі мастацтваў. Такім чынам, Вольга “працягнула радавую справу”.
На пытанне, як узнікла ідэя адкрыць цэнтр, майстар адказала, што гэта быў паступовы доўгі шлях.
— Адкрываючы краму за крамай і развіваючы сваю вытворчасць я прыйшла да гэтага выніковага вялікага дома, — заўважыла яна.
Кераміст дадала, што вельмі любіць сваю справу і першую краму адкрыла яшчэ ў 2018 годзе. Гэта быў “Мастацкі дом Угрыновіч” на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 13. Тую першую краму мастачка назвала прозвішчам свайго бацькі, як знак удзячнасці за тое, што яе справа будзе працягам справы айца.
— Яна была адкрытая як радавы дом, — адзначыла Вольга.
Памяшканне будучага цэнтра на Ракаўскай рыхтавалі амаль год. Вольга выступіла ў ролі яго галоўнага дызайнера. Спачатку тут размясцілі вытворчасць, а потым дапрацавалі ўсё так, як майстар бачыла па сваёй задумцы.
— Мы выкарыстоўваем адбіткі натуральных раслін, і па іх распісваем уручную. Увесь посуд зроблены цалкам уручную. Колеры таксама нашыя індывідуальныя, зробленыя па маёй уласнай тэхналогіі, якая ўжо стала брэндавым набыткам — заўважыла кераміст.
Марына Валасар, фота Вольгі Угрыновіч і Агнэты Угрыновіч-Камінскай