Не стала беларускага пісьменніка Юрыя Станкевіча, паведамілі знаёмыя і родныя літаратара.

Сапраўднае имя пісьменніка, драматурга, сцэнарыста - Георгій Васільевіч Харытановіч. Яму было 76 гадоў.

"Яго забірала "хуткая" ў шпіталь разам з жонкай, але Юры Васільевіч адмовіўся. Яна на кіслародзе ляжыць, трошкі ўдалося паразмаўляць. Суседа папрасіла і той знайшоў яго дома ўжо нежывым побач з любімай коткай. Перад тым Юры перанёс два прыступы кавіда, але вось упартасць -- не вакцынаваўся і ў бальніцу не лёг, хоць сын там працуе тэрапеўтам... Цяпер -- у моргу, у лядоўні. Хацелі заўтра пахаваць па ковідным раскладзе, але Ала (жонка) распарадзілася іначай: крэміруюць, а яна пасля, як ачуняе, пахавае Юру ў Мінску ў калумбарыі на Паўночных ці на Кальварыі... Тады, сказала, і пасядзім невялікім гуртам за хаўтурным сталом, паўспамінаем пражытае... Светлая памяць таленавітаму нацыянальнаму творцу...", - распавёў літаратар Леанід Галубовіч.

Нарадзіўся будучы піьсменнік у Барысаве. Яго бацька ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны па 58-м артыкуле. Юрый рана кінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у барысаўскай аб’яднанай газеце. Неўзабаве пераехаў у Мінск. Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела часопіса "Маладосць", загадчыкам аддзелу часопіса "Крыніца". З 1990 года — член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Пачаў літаратурную дзейнасць у 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцей і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.

Важнейшымі кнігамі Станкевіча з’яўляюцца "Любіць ноч — права пацукоў" (2000), "Апладненне ёлупа" (2005), "Мільярд удараў" (2008), "П’яўка" (2010). Творы перакладзены на некалькі моў.

У большасці сваіх твораў выяўляе апакаліптычную карціну рэчаіснасці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні. У сваёй творчасці таксама закранае нацыянальную тэматыку. 

Двойчы намінаваны на літаратурную прэмію "Гліняны Вялес" за раман "Мільярд удараў" (2008) і раман "П’яўка".

У 2013 годзе раман "Шал" увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Гедройца.