У Беларусі Адвэнт мае свае асаблівасці: еўрапейскія касцёльныя абрады тут спалучаюцца з мясцовымі народнымі традыцыямі. Хоць сучаснае кананічнае права Каталіцкага Касцёла не вызначае Адвэнт як час строгага посту, у нашай краіне захавалася традыцыя ўстрымання.

Адвэнт – гэта перыяд радаснага чакання Божага Нараджэння, які ахоплівае чатыры нядзелі перад святам. У гэты час вернікі стараюцца адмаўляцца ад гучных забаў і ўжывання алкаголю, а некаторыя абмяжоўваюць сябе ў мясной ежы, асабліва па серадах і пятніцах.
Адвэнт часткова супадае з Калядным постам у праваслаўных вернікаў, які ў Беларусі ў народзе называюць “Піліпаўкай”. Гэта сведчыць пра блізкасць традыцый нашага народа незалежна ад веравызнання.
Напярэдадні Вігіліі, якую адзначаюць 24 снежня, у беларускіх касцёлах прынята асвячаць аплаткі – тонкі прэсны хлеб. За святочным сталом члены сем’яў будуць дзяліцца аплаткамі і прасіць прабачэння адзін у аднаго.