Навагрудскі касцёл святога Міхала Арханёла сёлета адзначае 400 гадоў з дня свайго заснавання. З гэтай нагоды 28 і 29 верасня ў святыні прайшлі ўрачыстыя святкаванні.

Касцёл у Навагрудку.jpgКасцёл святога Міхала Арханёла ў Навагрудку

Такія даты выбралі невыпадкова. 29 верасня Каталіцкі касцёл адзначае ўрачыстасць святых Арханёлаў — Міхала, Рафала і Габрыэля. Традыцыйна кожны храм, які носіць імя пэўных святых, або святаў, адзначае фэст ў дзень іх успаміну.

Абраз святога Міхала Арханёла.jpgАбраз св. Міхала Арханёла ў Навагрудскім касцёле

Святкаванне 400-годдзя святыні адбывалася на працягу ўсяго 2024 года. Але іх кульмінацыя прайшла менавіта 28-29 верасня. Спецыяльна да гэтай даты была адноўлена старажытная крыпта св. Дамініка і біскупа Віта, адрэстаўраваныя капліцы ў Мількавічах, Несутычах, Навагрудку (на старых могілках) і Гарадзечне. Таксама была зроблена копія "Келіха Ядзвігі" — артэфакта, які знайшлі падчас археалагічных раскопак на ўзвышшы Навагрудскага замка і вывезлі ў музей Эрмітажа. І яшчэ шмат розных цікавых мерапрыемстваў зрабілі да гэтага юбілею вернікі парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку на чале са сваім пробашчам — ксяндзом Юрыем Жэгарыным, а таксама з дапамогай шматлікіх добрых людзей — прафесіяналаў з розных сфераў. 

Праграма галоўных дзён святкаванняў была даволі насычанай і ўключала: святыя Імшы, эўхарыстычныя працэсіі, Навагрудскія гістарычныя чытанні, містэрыю, канцэрты і інш.

Мікалай Гайба1.jpgМікалай Гайба падчас дакладу на Навагрудскіх чытаннях

Былы дырэктар музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба падчас Навагрудскіх гістарычных чытанняў распавёў пра ўнутранае жыццё школы дамініканаў, якая існавала пры кляштары ордэна і пра тое, якім вучнем быў Адам Міцкевіч. З гісторыяй самога дамініканскага ордэна на Беларусі гасцей пазнаёміла кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк.

1Раіса Зянюк.jpgГісторык Раіса Зянюк распавядае пра Дамініканскі ордэн на беларускіх землях

Пасля дакладаў адбылася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп каад'ютар Уладзімір Гуляй.

1Біскуп Гуляй.jpg


Затым прайшло падсумаванне вынікаў конкурсаў малюнка і віктарыны, у якіх удзельнічалі дзеці і моладзь з Навагрудчыны; канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў Навагрудскай раённай школы мастацтваў і містэрыя "Дамініканцы Навагрудка". 

У другі дзень святкаванняў, акрамя святых Імшаў, прайшоў урачысты прыём і ўручэннем памятнага юбілейнага знака, а таксама ўзнагародаў сябрам і дабрачынцам касцёла. Уручэнне чаргавалася з канцэртам хора Verum Cantus і гурта RYBY.

З гісторыі святыні

Касцёл святога Міхала Арханёла ў Навагрудку пабудавалі ў 1624 годзе на сродкі канюшага вялікага літоўскага Крыштафа Хадкевіча. 

Спачатку храм быў драўляны і асвечаны ў гонар святога Яцэка. А каля 1724 года на яго месцы манахі-дамініканцы ўзвялі мураваную святыню, у якую ўключылі частку ранейшай пабудовы. У 1751 годзе храм амаль цалкам быў знішчаны падчас пажару, але адноўлены ў 1805 годзе. 


Пасля пажару 1751 года касцёл перайменавалі ў гонар святога Міхала Арханёла. Паводле падання, ён выратаваў Навагрудак ад знішчэння падчас вайны 1654-1667 гадоў.

Працэсія другі дзень4.jpg

Працэсія другі дзень3.jpg

Працэсія другі дзень.jpg

Адначасова з касцёлам быў збудаваны і кляштар манахаў-дамініканцаў. Пры ім у 1794 годзе адкрылі школу, у якую прымалі дзяцей розных веравызнанняў і светапоглядаў. Тут, сярод іншых, вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот.

Пасля паўстання 1830-1831 гадоў школу зачынілі, а ў ёй размясцілі гарадское вучылішча, затым - гімназію. 

Праз некаторы час зачынілі і кляштар, а законнікаў размеркавалі ў іншыя месцы.

Касцёл Навагрудак3.jpgКляштар дамініканаў пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. Адбудаваны на месцы гістарычнай пабудовы ў наш час.

Касцёл Навагрудак.jpg

У будынку кляштара размясцілі павятовы і земскі суды, а потым яго ўвогуле разабралі на цэглу. Касцёл жа стаў парафіяльным.

У савецкі час касцёл быў зачынены ўладамі, а ў яго будынку размешчана мэблевае сховішча. А пасля пажару яго ўвогуле пакінулі ў руінным стане.


Толькі ў 1992 годзе касцёл зноў вярнулі вернікам, дзякуючы намаганням біскупа Антоні Дзям'янкі. Святыню адрэстаўравалі, а духоўнае жыццё ў ёй аднавілася. У хуткім часе быў таксама зноў адбудаваны кляштар, які зараз з'яўляецца рэкалекцыйным домам. У ім зараз праводзяцца духоўныя практыкаванні, а таксама розныя каталіцкія мерапрыемствы.

Фота: Марына Валасар