27 красавіка ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку ўрачыста адкрылі старажытную крыпту, частцы якой у гэтым годзе спаўняецца 400 гадоў. Мы наведалі гэтае месца і дазналіся, чым яно ўнікальнае і важнае для беларусаў.

Крыпта 1.jpgКрыпта св. Дамініка і біскупа Віта ў Навагрудку

Адкрыццё і пасвячэнне крыпты было прымеркавана да 400-гадовага юбілею касцёла св. Міхала Арханёла, які святкуецца сёлета. З таго часу яе наведалі шматлікія турысты. І людзі працягваюць прыязджаць, каб самім дакрануцца да гісторыі гэтага месца.

Старажытная крыпта-капліца святога Дамініка і біскупа Віта была пабудаваная ў XVII-XVIII стагоддзях. Яна выкарыстоўвалася для пахаванняў манахаў-дамініканцаў, а таксама фундатараў святыні з роду Хадкевічаў.

Крыпта 2.jpg

Крыпта 3.1.jpg

У савецкі перыяд крыпта знаходзілася ў занядбаным стане, як і сам касцёл. У ёй у розны час размяшчаліся: кацельная, склад мінеральных угнаенняў і солі і нават сметнік. Сюды скідвалі гнілую садавіну і гародніну з мясцовага рэстарана і лаўкі, якія знаходзіліся побач з храмам.

— Частка была закопчаная, у крыпце было вельмі шмат смецця і нават падыходзілі грунтовыя воды. Таму яна была вельмі вільготная. Мы яе сушылі можа 4-5 гадоў. Нават наверсе парэшткі былі. І трэба было іх беражліва сабраць, памаліцца за гэтых людзей і адправіць некалькі святых Імшаў — распавёў Smartpress.by пробашч касцёла св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, кс. Юрый Жэгарын.

Як аднаўлялі крыпту

Ідэя адкрыць крыпту для наведвання ўзнікла менавіта ў кс. Юрыя. Рабілася гэта для таго, “каб людзі пазнавалі сваю гісторыю і культуру”, а таксама, каб падкрэсліць старажытнасць самога касцёла:

— Нашая духоўная, архітэктурная і культурная спадчына вельмі вялікая і багатая менавіта ў Каталіцкім касцёле, таму што звычайна пры касцёлах былі не толькі цэнтры веры і духоўнасці, але таксама асветы і адукацыі. У нас была цэлая сетка манастыроў: даменіканцаў, езуітаў і іншых ордэнаў, якія мелі пры сабе школы, гімназіі, акадэміі, багатыя бібліятэкі. Тут было вельмі багатае жыццё. Між іншым, і культурнае таксама, — заўважае кс. Юрый.

Крыпта 3.jpgКс. Юрый Жэгарын, пробашч касцёла св. Міхала Арханёла ў Навагрудку

— Старажытныя касцёлы маюць у сабе вельмі вялікі духоўны, культурны і гістарычны патэнцыял. Трэба гэта выкарыстоўваць па-максімуму, каб людзі акуналіся ў гэтую атмасферу. А найлепш яны акунаюцца, калі сыходзяць у сутарэнні, дзе можна знайсці парэшткі спачылых фундатараў і дамініканцаў, — дадае святар.

Крыпта 4.jpgКрыпта ў Навагрудку. Інтэр’ер

Крыпта 5.jpg

Ачышчэнне крыпты працягвалася з перапынкамі тры гады. Патрэбна было вынесці ўсё смецце, расшыць швы, памыць цэглу, некаторыя месцы падправіць. У такой аб’емнай, крапатлівай працы ўдзельнічалі вернікі-энтузіясты, якія дапамагалі свайму пробашчу ажыццявіць культурную задумку.

У самой крыпце нічога не дабудоўвалі. Усё засталося ў арыгінальным стане. 

Крыпта 6.jpg

— Яшчэ мы плануем закансерваваць гэтую цэглу вельмі дарагімі, але якаснымі матэрыяламі, каб яна далей не нішчылася. І спадзяёмся, што тыя турысты, якія нас наведаюць, будуць шчодра даваць нам ахвяраванні, каб мы гэта скончылі як найхутчэй — распавёў кс. Юрый.

Што можна паглядзець у крыпце

Час наведвання крыпты: з 10:00 да 17:30.

Прыступкі пры ўваходзе ў крыпту дабудаваныя. Пры ўваходзе ў крыпту наведвальнікаў сустракае драўляная скульптура Хрыста ў роздуме. 

Крыпта 7.jpg

Крыпта 8.jpg

Далей адкрываецца сама крыпта, якая падзяляецца на 2 часткі — старажытную, якая захавалася з XVII стагоддзя, і больш маладзейшую — пабудаваную ў XVIIІ стагоддзі. Мяжу паміж імі можна яскрава ўбачыць па адрозненні цэглы на скляпенні.

Крыпта 9.jpg

У алтарнай частцы крыпты, знаходзяцца два саркафагі з парэшткамі манахаў-дамініканцаў, якія калісьці служылі пры святыні і мелі тут свой кляштар.

Крыпта 10.jpgСаркафагі з парэшткамі манахаў-дамініканцаў у навагрудскай крыпце

Крыпта 11.jpg

У адной з ніш крыпты размешчаны труны з парэшткамі прадстаўнікоў сям’і Хадкевічаў — фундатараў будаўніцтва касцёла. Сярод іх найбольш вядомы Хрыстафор Хадкевіч — дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. Ён дапамагаў дамініканцам, выдзеліўшы ім латыфундыі — зямельныя надзелы, якія манахі маглі выкарыстоўваць для жыцця і ўтрымання касцёла.

Крыпта 12.jpgУ гэтых трунах захоўваюцца парэшткі прадстаўнікоў роду Хадкевічаў

Крыпта 13.jpg

— Гэтая ніша была замураваная і бальшавікі не ведалі, што тут штосьці ёсць. А пазней мы яе адкрылі: зверху ляжалі струхлелыя труны з парэшткамі Хадкевічаў. Таксама мы тут знайшлі фрагмент шляхецкага жупана і паса, — распавёў кс. Юрый Жэгарын.

Святар заўважыў, што знойдзеныя ў крыпце фрагменты вопраткі поўнасцю супадаюць з намаляванымі на партрэце Хрыстафора Хадкевіча, які знаходзіцца на сцяне касцёла. Верагодна, што партрэт магната пісалі ўжо пасмяротна.

Крыпта 14.jpg

Крыпта 15.1 .jpg

У астатніх нішах крыпты размешчана невялікая экспазіцыя цікавых літургічных рэчаў, якія калісьці належалі касцёлу. Тут можна ўбачыць Імшал 1854 года, ампулкі для цэлебрацыі Эўхарыстыі, пектарал, крыж, місачкі для літургічных рэчаў.

Крыпта 15.jpg

Крыпта 16.jpgЭкспазіцыя старажытных касцёльных рэчаў у навагрудскай крыпце св. Дамініка і біскупа Віта

Унікальны экспанат музея — копія келіха святой Ядвігі, знойдзенага археалагічнай экспедыцыяй з Эрмітажа. Мяркуецца, што з гэтага келіха адбывалася прычашчэнне самых знатных людзей. Ёсць версія таксама, што гэты келіх падарыў Міндоўгу на каранацыю візантыйскі імператар. Арыгінал чашы знаходзіцца ў Эрмітажы.

Крыпта 17.jpg

— Нам вельмі важная гэтая копія, таму што яна паказвае пачаткі хрысціянства на нашых землях. Тут змешчаны тры хрыстыялагічныя сімвалы: грыфон, дрэва жыцця і леў, — распавёў кс. Юрый Жэгарын.

У крыпце таксама можна ўбачыць рэпрадукцыі прац вядомага беларускага мастака Паўла Татарнікава, прысвечаныя Навагрудку.

— Я пасябраваў з ксяндзом Юрыем. Ведаў, што ён хоча стварыць музей у былым кляштары дамініканцаў, і трэба збіраць калекцыю на тэму.Тым больш такая дата сёлета. А ў мяне ўжо шмат гадоў па розных нагодах накопліваўся творчы матэрыял па гісторыі Наваградка і гістарычных асобах, з ім звязаных. Вось так ідэя з’явілася, дамоўленасць — распавёў мастак у каментары Smartpress.by.

Крыпта 18.jpg

Крыпта 19.jpg

Крыпта 20.jpg

Сярод рэпрадукцый вылучаецца арыгінальны твор — мапа Навагрудка 1654 года. На ёй мастак паказаў размяшчэнне ўсіх касцёлаў і манастыроў, якія на той час існавалі ў горадзе. Гэты твор Павел перадаў у дар касцёлу св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.

крыпта 21.1.jpgП. Татарнікаў, “Theatrum orbis terrarium circa Navagradak. Anno 1654”, фота: П. Татарнікаў

Карціну мастак намаляваў у сакавіку гэтага года ў былым кляштары дамініканцаў пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, знаходзячыся на 3-ім паверсе будынка з відам на статую святога, якую паставілі ў двары кляштара яшчэ ў мінулым годзе.

крыпта 21.2.jpg

Павел Татарнікаў са сваёй працай і святарамі навагрудскага касцёла св. Міхала Арханёла ў старажытнай крыпце, фота: facebook Святара Юрыя

Кс. Юрый Жэгарын запрасіў Паўла Татарнікава і яшчэ некалькіх яго калег у такую незвычайную “творчую камандзіроўку” — “пажыць у кляштары і стварыць твор на тэму святога Арханёла Міхала.

— Я рабіў некалькі гістарычных рэканструкцый Наваградскага замка на розныя перыяды, а сярэдзіны XVII ст. не было. Вось нагода і адкрылася, — узгадаў Павел.

Крыпта 21.jpg

Карціна была напісаная ў стылі гравюры па ўсіх сярэднявечных канонах, толькі аўтар яшчэ дамаляваў Арханёла Міхала, які нібы асвячае горад. І гэта невыпадкова, таму што амаль 400 год таму менавіта гэты святы быў абраны заступнікам Навагрудка.

Марына Валасар, фота аўтара