Smartpress працягвае падарожжы па Беларусі і знаёміцца з новымі маршрутамі. Гэтым разам мы завіталі ў Ляхавічы — горад гераічнай фартэцыі і апошняга спачыну роду Рэйтанаў.
У Ляхавічах калісьці быў вялікі ўмацаваны замак — магутная фартэцыя памерамі 175 на 200 метраў, збудаваная ў стылі Рэнесанс напрыканцы XVI стагоддзя. Яна спыніла ваенную агрэсію Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ ў 1660-м годзе, а дапамог у гэтым абраз Маці Божай. Мы прайшліся месцамі, дзе размяшчаўся замак, і даведаліся, што ад яго засталося.
На мясцовых могілках наведалі старадаўнія капліцы і магчымыя месцы пахавання прадстаўнікоў шляхецкага роду Рэйтанаў, а таксама завіталі ў касцёл святога Юзафа, пабудаваны ў 1907 годзе па фундацыі Юзафа Рэйтана.
У цэнтры горада пабачылі старую забудову канца ХІХ - першай паловы ХХ ст. А напрыканцы падарожжа прагуляліся таксама да адносна новага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.
Больш падрабязна пра гэтае падарожжа можна прачытаць у нашым вялікім матэрыяле.