У Ляхавічах няшмат гістарычных помнікаў, але багатая гісторыя. Гэты горад у XVII стагоддзі фактычна спыніў ваенную агрэсію Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Тут размяшчалася знакамітая фартэцыя, а таксама знайшлі спачын прадстаўнікі шляхецкага роду Рэйтанаў. Распавядаем, на чым засяродзіць сваю ўвагу ў гэтым горадзе.

Што паглядзець у Ляхавічах 1.jpgПомнік у гонар Ляхавіцкай фартэцыі ў цэнтры горада 

Крыху гісторыі  

Гэты ўтульны невялікі горад вядомы яшчэ з XV стагоддзя. Першая згадка пра яго датуецца 1492 годам. Тады паселішча было цэнтрам воласці (маёнтку). Ім у розныя часы валодалі: Гаштольды, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, Хадкевічы, Сапегі, Масальскія. З 1775 года Ляхавічы лічыліся дзяржаўнай маёмасцю, а пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай сталі часткай Расійскай імперыі.  

Што паглядзець у Ляхавічах 2.jpgВул. Пінская ў Ляхавічах, паміж 1901-1939 гг. 

Паводле самай папулярнай версіі, назва Ляхавічы ўзнікла ад слова "лях" – так раней называлі палякаў. Мяркуецца, што першымі жыхарамі паселішча былі менавіта палякі. Таксама ёсць версія, што назва ўзнікла ад аднаго з прозвішчаў: Лях, Ляхаў, Ляховіч. Верагодна, чалавек з такім прозвішчам быў адным з першых уладальнікаў паселішча.  

Ляхавіцкая фартэцыя – адна з наймацнейшых у ВКЛ 

Распачаць знаёмства з горадам можна з невялікага помніка на беразе ракі Ведзьма, што працякае ў цэнтры Ляхавічаў. Помнік стаіць за 100 метраў ад месца, дзе раней быў велічэзны бастыённы замак – Ляхавіцкая фартэцыя. Крэпасць лічылася адной з наймацнейшых у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. 

Што паглядзець у Ляхавічах 3.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 4.jpg

Прайшоўшы крыху далей, у бок сённяшняга аўтавакзала, можна ўбачыць тое месца, дзе раней і знаходзіўся гэты помнік архітэктуры. Зараз тут прыватны сектар з некалькімі вуліцамі.

Што паглядзець у Ляхавічах 5.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 6.jpgВул. Замкавая ў Ляхавічах, дзе раней пачыналіся сцены фартэцыі 

Збудавалі замак напрыканцы XVI ст. па загадзе Яна Караля Хадкевіча, замест невялікага драўлянага. Фартэцыя ў стылі рэнесанс мела прамавугольную форму і памеры 175 на 200 метраў. Яна размяшчалася на левым беразе ракі Ведзьма і была акружана вадзяным ірвом.  

Што паглядзець у Ляхавічах 7.jpgЛяхавіцкі замак. Рэканструкцыя паводле гравюры XVII ст. мастака С. Чарановіча 

Замак складаўся з чатырох бастыёнаў, якія злучаліся валамі-курцінамі. Заехаць у фартэцыю можна было праз чатырох’ярусную вежу-браму. Да яе вёў драўляны мост на палях. Ва ўнутраным двары замка, насупраць вежы, стаяў двухпавярховы палац у форме літары П. А ўздоўж курцінаў размяшчаліся будынкі з дрэва для службаў і казармаў. Таксама з левага боку ад брамы быў мураваны арсенал. 

Што паглядзець у Ляхавічах 8-1.jpgЛяхавіцкі замак, фрагмент гравюры XVII ст. 

Падчас шматлікіх ваенных дзеянняў канца XVI-XVII стагоддзяў замак некалькі разоў штурмавалі казацкія загоны, а таксама маскоўскія войскі. Але ўвесь час беспаспяхова. І толькі ў перыяд Вялікай Паўночнай вайны, ў 1706 г., шведы зруйнавалі фартэцыю. Потым два разы замак бралі ў аблогу войскі караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага.  

Абраз, які ўратаваў замак 

Многія, асабліва вернікі, лічаць, што ў 1660 годзе фартэцыю збярог абраз Маці Божай Бялыніцкай, які выпадкова прывезлі ў горад манахі-кармеліты. Спачатку ён знаходзіўся ў Бялынічах, але з-за ваеннай небяспекі падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. быў вывезены з мястэчка.  

Што паглядзець у Ляхавічах 9.jpgАбраз Маці Божай Бялыніцкай, копія са Снова, XVII ст. 

Законнікі хацелі схаваць святыню ў Кракаве і ехалі туды праз Ляхавічы. І тут здарылася дзіўнае: коні спыніліся каля Ляхавіцкай фартэцыі і не захацелі ісці далей. Кармеліты доўга спрабавалі прымусіць жывёл рухацца, але безвынікова. Яны зразумелі, што Божая воля ў тым, каб абраз застаўся ў замку, і пакінулі яго ў крэпасці. 

23 сакавіка 1660 года маскоўскія войскі на чале з ваяводам Іванам Хаванскім пачалі штурмаваць фартэцыю. Камандзірам крэпасці на той момант быў Мікалай Юдзіцкі.  

Што паглядзець у Ляхавічах 10.jpgПомнік у гонар Ляхавіцкай фартэцыі ў цэнтры горада 

Амаль тры месяцы працягвалася аблога. За гэты час вораг тройчы спрабаваў захапіць замак, але гэта не атрымлівалася. Падчас чацвёртай спробы жыхары і абаронцы крэпасці сталі на калені перад абразом Маці Божай Бялыніцкай і пачалі прасіць дапамогі ў Багародзіцы.  

Што паглядзець у Ляхавічах 11.jpgАблога Ляхавіцкага замка ў 1660 г., гравюра XVII ст. 

У хуткім часе маскоўскія войскі страцілі значную частку сваіх жаўнераў і адступілі.  

Абраз прабыў у Ляхавічах да 1760 года, пасля чаго яго вярнулі ў Бялынічы ў наноў пабудаваны касцёл.  

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, замак быў прададзены гандлярам, якія паразбіралі яго абмуроўку і пабудовы. У выніку – да нашага часу амаль нічога ад яго не засталося.  

Зараз на месцы фартэцыі размешчаны прыватныя дамы і падворкі, на тэрыторыі якіх, дарэчы, жыхары час ад часу знаходзяць цікавыя артэфакты.  

Што паглядзець у Ляхавічах 12.jpgЗавулак Замкавы ў Ляхавічах, які знаходзіцца на месцы Ляхавіцкай фартэцыі

Што паглядзець у Ляхавічах 13.jpgРэшткі муроў Ляхавіцкага замка, знойдзеныя мясцовымі жыхарамі пры сваіх сядзібах 

Так, напрыклад, мясцовы жыхар Генадзь, распавёў, што падчас гаспадарчых прац на сваім участку ён знайшоў старадаўнюю плітку, а таксама цэглу ручной работы. Таксама мужчына перыядычна знаходзіў розныя старадаўнія прадметы, сярод якіх была нават рыцарская шпора.

Што паглядзець у Ляхавічах 14.jpgЖыхар завулка Замкавага Генадзь паказвае на месца, дзе быў раней роў фартэцыі 

Што паглядзець у Ляхавічах 15.jpgЗа альхой у цэнтры фота размяшчаўся замкавы роў, які акружаў фартэцыю 

А адзін са старых прыватных дамоў знаходзіцца над падвальнымі памяшканнямі замкавага комплексу, якія да гэтага часу даволі добра захаваліся. Гаспадары дома выкарыстоўваюць іх для захавання прадуктаў і іншых рэчаў. 

Што паглядзець у Ляхавічах 16.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 17.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 18.jpg

У 1986 годзе на замчышчы праводзіў даследаванні археолаг Міхась Чарняўскі. Аднак глабальныя археалагічныя раскопкі так і не праводзіліся.  

З-за таго, што помнік Ляхавіцкай фартэцыі сёння знаходзіцца не на самім месцы замка, многія турысты і мясцовыя жыхары, не ведаюць яго сапраўднага размяшчэння. Што, безумоўна, трэба выпраўляць.  

Касцёл святога Юзафа 

Яшчэ адзін цікавы помнік архітэктуры ў Ляхавічах – гэта касцёл св. Юзафа, які пабудавалі ў неагатычным стылі ў 1907 годзе па фундацыі Юзафа Рэйтана, прадстаўніка знакамітага роду Рэйтанаў, які пасяліўся недалёка ад Ляхавічаў у Грушаўцы. 

Што паглядзець у Ляхавічах 19.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 20.jpgКасцёл св. Юзафа ў Ляхавічах, 1914 г.

У другой палове ХХ стагоддзя касцёл рэканструявалі і прыстасавалі пад паліклініку. Менавіта тады святыня страціла многія архітэктурныя элементы. Напрыклад, высокую званіцу на фасадным баку будынка.  

Што паглядзець у Ляхавічах 21.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 21-1.jpg

Праз больш чым паўстагоддзя, у верасні 2019 года, касцёл зноў стаў выкарыстоўвацца па прызначэнні. Зараз храм функцыянуе і дае магчымасць маліцца шматлікім вернікам горада.  

Капліцы на могілках 

На новых могілках у Ляхавічах, якія былі заснаваны прыкладна ў 1796 годзе,  знаходзяцца пахаванні прадстаўнікоў знакамітых родаў, якія калісьці пражывалі на гэтых землях. Сярод іх – Рэйтаны: тры браты Тадэвуша Рэйтана, яго пляменнікі і стрыечныя ўнукі. Надмагіллі большасці, на жаль, не захаваліся, але застаўся металічны помнік Дамініку Рэйтану – дзеду апошняга прадстаўніка роду Юзафа.   

Таксама тут можна ўбачыць капліцу-пахавальню Леаніды Солтанавай з Вузлоўскіх.  

Што паглядзець у Ляхавічах 22.jpgКапліца-пахавальня Леаніды Солтанавай з Вузлоўскіх на могілках у Ляхавічах 

Што паглядзець у Ляхавічах 23.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 24.jpg

На могілках захавалася таксама гранітнае надмагілле маці Юзафа Рэйтана з роду Несялоўскіх. Яго знайшлі валанцёры арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана падчас аднаго з суботнікаў.  

Што паглядзець у Ляхавічах 25.jpgНадмагілле маці Юзафа Рэйтана. Зараз размешчана каля адной з каплічак, фота: reyten.blogspot.com

Што паглядзець у Ляхавічах 26.jpgРуіны капліцы, на якой раней быў усталяваны металічны помнік Дамініку Рэйтану.

Што яшчэ паглядзець у Ляхавічах і ваколіцах 

У цэнтры горада ёсць каля тузіна дамоў канца ХІХ – першай паловы ХХ ст.  

Што паглядзець у Ляхавічах 27.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 28.jpg

Таксама можаце зазірнуць у адносна новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, які быў узведзены на пачатку 1990-х. 

Што паглядзець у Ляхавічах 29.jpg

Што паглядзець у Ляхавічах 30.jpg

Калі адпраўляецеся ў падарожжа на сваім транспарце, раім таксама наведаць:

  • Сядзібу роду Рэйтанаў у Грушаўцы, што ў некалькіх кіламетрах ад Ляхавічаў. Пра яе мы ўжо пісалі ў мінулым годзе;
  • вёску Мядзведзічы, дзе захаваўся цудоўны касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла, а таксама старадаўні арган віленскага майстра Пятра Вайцяховіча. 
  • сядзібу роду Навіцкіх у Савейках, дзе акрамя сядзібных пабудоў захаваўся ўнікальны парк. 

Як даехаць да Ляхавічаў з Мінска:

  1. Цягнікамі або на маршрутцы/аўтобусе да Баранавічаў – кошты ад 5,18 руб., затым дызелем або аўтобусам да Ляхавічаў – кошты ад 0,79 руб.
  2. На ўласным транспарце. Выезд з Мінску з боку м. Малінаўка, затым па дарозе Р1 і Е30 да паварота каля в. Скарчава, потым па трасах Е30 і Р4 да Ляхавічаў.  

Аўтар: Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц 

*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.