Сёння дзень народзінаў выдатнага пісьменніка, паэта ды мастака Уладзіміра Караткевіча. З’явіўся на свет ён у 1930 годзе ў сям’і аршанскіх інтэлігентаў.

У 6 год будучы творца склаў свой першы верш. Цікавіўся гісторыяй Беларусі, яе мовай і культурай. І большасць сваіх твораў напісаў менавіта на гэтыя тэмы. 

Караткевіч.jpg

Жыццёвы і творчы шлях

У сям’і бацькоў было трое дзяцей: Валерый, Наталля і Уладзімір Караткевічы. Валодзя быў малодшым.

карат-з мамай.jpegЗ маці і сястрой, 1937 год

Пасля сканчэння школы вучыўся на філфаку Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Там жа прайшоў аспірантуру. Затым — на Вышэйшых літаратурных курсах і сцэнарных курсах Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (зараз Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя Сяргея Апалінаравіча Герасімава), і стаў ужо прафесійным пісьменнікам. З 1963 года жыў у Мінску.

каракткевіч.jpeg19-гадовы юнак Уладзімір

Уладзімір Караткевіч вядомы таксама як драматург,  публіцыст, перакладчык і сцэнарыст. Лічыцца адным з самых вядомых творцаў беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Ён першы з беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Памёр 25 ліпеня 1984 года. Яго магіла знаходзіцца на Усходніх могілках у Мінску. 

Помнік Караткевічу ў Кіеве.jpgПомнік Караткевічу ў Кіеве

Самыя вядомыя творы: аповесці  “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, а таксама нарыс “Зямля пад белымі крыламі”.

Цікавыя факты пра Уладзіміра Караткевіча

  • У 3,5 гады навучыўся чытаць.

  • Вялікі ўплыў на Карткевіча аказаў яго дзядуля па матчынай лініі. Васіль Юльянавіч Грынкевіч распавядаў унуку шмат казак і народных паданняў. Таксама малы пераняў ад яго любоў да прыроды. Пазней дзядуля пісьменніка стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Шматлікія расповеды, якія малы Валодзя чуў ад дзеда, сталі асновай для будучых твораў Караткевіча. 

  • Цікавіўся гісторыяй з самага дзяцінства. Асабліва яму была цікава гісторыя Беларусі.

  • Любіў маляваць і меў абсалютны слых. Схільнасць да малявання ў яго выявілася яшчэ ў дзяцінстве і захавалася на ўсё жыццё. Напрыклад, у малым узросце Уладзімір ужо спрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Таксама некаторы час Караткевіч займаўся ў музычнай школе. Захаваліся сотні яго малюнкаў, у тым ліку і шаржы, на якіх ён таксама адлюстроўваў сябе. Крыніцамі натхнення для Караткевіча былі і сюжэты з Бібліі, цікавыя людзі і сустрэчы з сябрамі. 

  • Цікавіўся тэатрам і разумеў мову ідыш. Пра гэта ўспамінала старэйшая сястра пісьменніка. Разам з братам яны час ад часу хадзілі ў Оршы на пастаноўкі яўрэйскага тэатра. Паколькі яўрэйская мова гучала ў Оршы кожны дзень, яны “без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар”.

  • У дзяцінстве імкнуўся дадумваць сюжэты казак і гісторый, якія яму распавядалі дарослыя.  

  • У літаратуры дэбютаваў як паэт. Нягледзячы на тое, што зараз мы ведаем Караткевіча найперш па яго празаічных творах, у літаратуры ён пачаў свой шлях з паэзіі. Першыя яго вершы апублікавалі ў газеце “Ленінскі прызыў” у 1951 годзе. А ў 1955 годзя ў часопісе “Полымя” размясцілі яго верш “Машэка”. А першы паэтычны зборнік “Матчына душа” з’явіўся ў 1958 годзе.

  • Цікавіўся паўстаннем Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў. Захапіўся гэтай тэмай у студэнцкія гады. І нават прысвяціў ёй цэлы раман “Каласы пад сярпом тваім”, які многія лічаць галоўным творам аўтара.  

  • Ажаніўся ў 41 год і меў адзіную жонку. Са сваёй жонкай Уладзімір пазнаёміўся ў Брэсце, падчас чытацкай канферэнцыі па яго рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Валянціна Нікіціна (у дзявоцтве Ватковіч) тады працавала выкладчыцай Брэсцкага педагагічнага інстытута, а таксама ў Брэсцкім краязнаўчым музеі. Яна захаплялася гісторыяй. Удваіх з мужам яны ездзілі на экспедыцыі і падарожнічалі. У сям’і было паразуменне. Але, на жаль, не было дзяцей. Валянціна памерла ад анкалагічнай хваробы, раней за мужа на паўтары гады. 

  • Помнікі Караткевічу ёсць у Віцебску, Оршы і Кіеве. У гонар пісьменніка таксама ўстанавілі памятныя дошкі — у Мінску і Оршы. Яго імем назвалі школу ў Оршы, дзе ён вучыўся, а таксама вуліцы ў сталіцы, Оршы, Рагачове, Гродне і Віцебску. Таксама ў Оршы ў 2000 годзе адкрылі музей імя Уладзіміра Караткевіча. 

Шаржы Караткевіча1.jpgШарж Караткевіча на самога сябе

Уладзімір Караткевіч паспеў папрацаваць у многіх літаратурных жанрах. Па словах літаратурнага крытыка Адама Мальдзіса, які сябраваў з Караткевічам, было складана знайсці жанр, у якім Уладзімір НЕ працаваў. Ён паспрабаваў сябе ў аповесці, рамане, апавяданні, казках для дзяцей, рэцэнзіі, паэме, навуковым даследаванні, перакладах з розных моў, кінасцэнарыі і інш. 

Караткевіч4.jpgЗ жонкай Валянцінай

Цытаты з твораў

"Хто забыў сваіх продкаў ‒ сябе губляе,

Хто забыў сваю мову ‒ усё згубіў".

****

"Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто ‒ і тады пераможаш". (”Ладдзя Роспачы”)

****

"Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні — непрыкметна адбіраюць". (”Каласы пад сярпом тваім”)

****

“Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі”. (”Каласы пад сярпом тваім”)

****

"Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў”. (”Чорны замак Альшанскі”)

****

“А гэта на тое вам вочы і дадзены, каб разабрацца, дзе вас крытыкуе крытык, а дзе зладзюга ці чокнуты, дзе чалавек хоча выправіць справу словам, а дзе хоча пайсці на недастойны прыклад.” (Чорны замак Альшанскі)

****

"Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў".

****

"Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй".

****

"Уся паэзія – ад кахання".

****

"Лепей ніякай велічы, чым веліч на касцях народа".