Ружаны з іх знакамітым палацам добра вядомыя як адна з рэзідэнцый князёў Сапегаў. Аднак сляды гэтага роду можна знайсці і ў іншых беларускіх гарадах і мястэчках. Адзін з такіх пунктаў на карце – Дзярэчын у Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласцi.
Упершыню Дзярэчын узгадваецца ў Літоўскай Метрыцы ў 1416 годзе. На працягу некалькіх стагоддзяў мястэчка належала родам Капачоў, Сангушкаў, Валовічаў і Палубінскіх.
Новы этап у яго гісторыі пачаўся ў 1686 годзе, калі Дзярэчын перайшоў да Сапегаў і стаў адной з галоўных рэзідэнцый роду. Пра гэты перыяд тут памятаюць і сёння: напрыклад, у мястэчку ёсць Сапегаўскі парк.
Цяпер адна з галоўных турыстычных візітак Дзярэчына – неагатычны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Храм з чырвонай цэглы пабудавалі ў 1913 годзе.
Непадалёк ад касцёла знаходзіцца яшчэ адзін гістарычны храм – праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква 1865 года. У Дзярэчыне таксама ёсць помнікі ў памяць пра Вялікую Айчынную вайну.
А яшчэ адну загадку для аматараў гісторыі варта шукаць у суседняй вёсцы Алексічы. Пры дарозе там стаіць калона XVIII стагоддзя. Паводле адной з версій, яе маглі пабудаваць у 1791 годзе ў гонар Канстытуцыі 3 мая. Але адзінага меркавання няма – краязнаўцы выказваюць і іншыя версіі.
Мiкiта Пастухоў
Фота аўтара