Туманным зімнім днём мы выбраліся ў Зэльву – адну з рэзідэнцый роду Сапег і месца, якому ўжо больш за 700 гадоў! Якія цікавосткі можна ўбачыць у пасёлку сёння, распавядаем у нашым матэрыяле.
“Зэльвенскае графства”
Гісторыя Зэльвы налічвае больш за 7 стагоддзяў! Першы летапісны ўспамін мястэчка датуецца 1258 годам. Тады ў Іпацьеўскім летапісе было ўзгадана паселішча, якое знаходзілася на месцы сённяшняга пасёлка.
Зэльва, 1916 год
Паводле сучасных энцыклапедычных даведнікаў Зэльва (Вялікая Зэльва) ўпершыню ўзгадваецца як сяло ў 1470 годзе, калі тут, на пяшчанай (Касцёльнай) гары заснаваў касцёл Міхал Нацавіч.
Герб Зэльвы на сцяне мясцовай крамы. Чорны конь у цэнтры абазначае сілу, жыццё і перамогу
У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні родаў Вішнеўскіх, Ільлінічаў, Забярэзінскіх, Зяновічаў, Камароўскіх, Сапегаў.
Менавіта падчас кіравання Сапегаў Зэльва пачала актыўна развівацца ў эканамічным і культурным плане. Напрыклад, у 1720 годзе Сапегам далі права праводзіць тут штогадовы кірмаш. Ён быў найбольшым у ВКЛ на працягу наступных 130 гадоў і другім па маштабе ў Еўропе пасля кірмашу ў Лейпцыгу.
Кірмаш называўся “Ганненскім” – ад імя святой Ганны, маці Багародзіцы. Пачатак гандлю прыпадаў на 26 ліпеня, калі па каталіцкім календары адзначаецца ўспамін гэтай святой. Працягваўся гандаль цэлы месяц – да 25 жніўня.
Рынак у Зэльве, 1930 год
На кірмаш прыязджалі купцы са Швецыі, Даніі, Італіі, Францыі, Прусіі, Польшчы, Украіны, Аўстрыі і Расійскай Імперыі.
Ён быў адметны тым, што тут масава гандлявалі канямі. Паводле гістарычных дакументаў, у асобныя гады ў Зэльве прадавалі тысячы гэтых жывёлаў!
Пасярод Рынку ў Зэльве існаваў гасціны двор, на якім стаяла 200 крамаў.
Праіснаваў “Ганненскі кірмаш” да пачатку ХХ стагоддзя. Потым на некаторы час гэтая традыцыя знікла. Але ўжо ў 2001 годзе яе зноў аднавілі. Сёння “Ганненскі кірмаш” праводзіцца ў Зэльве кожны год напрыканцы жніўня.
Паселішча развівалася таксама дзякуючы зручнаму геаграфічнаму становішчу. Яно размяшчалася на гандлёвым шляху Мінск – Слонім – Ваўкавыск – Гродна – Беласток. Таксама тут дзейнічаў свой рачны порт, бо раней рака Зэльвянка была судаходнай.
Сапегі вельмі любілі мястэчка і называлі яго “Зэльвенскім графствам”.
Таксама ў XVIII стагоддзі ў Зэльве адкрылі тэатр. На яго сцэне свае ролі выконвалі не толькі беларускія акторы, але і артысты з Польшчы і Францыі. А з 1739 года ў мястэчку дзейнічала рэзідэнцыя ордэну піяраў.
Скульптура каня ў цэнтральным скверы Зэльвы – сімвала Ганненскага кірмашу і Зэльвеншчыны.
Жыхары Зэльвы актыўна ўдзельнічалі ў паўстаннях ХІХ стагоддзя, якія адбываліся на беларускіх землях – паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі 1794 года, вызваленчым паўстанні 1830-1831 гадоў, а таксама нацыянальна-вызваленчым пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Менавіта за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў улады Расійскай Імперыі канфіскавалі мястэчка ў Сапегаў.
Касцёльная гара
Гістарычным цэнтрам Зэльвы лічаць 20-25-метровую гару, якая знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы мястэчка, за Домам культуры.
Гара, на якой, магчыма, размяшчалася старажытная Зэльва
Археолагі лічаць, што менавіта тут знаходзілася старажытная Зэльва. І якраз тут у 1470 годзе гаспадар мястэчка Міхал Нацавіч заснаваў касцёл Святога Апостала Якуба і Міхала Арханёла.
Дарэчы, гару таксама называюць “Касцёльнай”. У розныя часы на ёй будаваліся як мінімум 4 каталіцкія храмы. Апошні пабудаваны касцёл быў знішчаны падчас Другой Сусветнай вайны.
Рэшткі старажытнага касцёла на “Касцёльнай гары” ў паўднёва-ўсходняй частцы Зэльвы
Сёння на гары захаваліся руіны старажытнага касцёла, старыя могілкі і помнік католікам, якія загінулі падчас абароны касцёла ў 1907 годзе.
Помнік католікам, якія загінулі падчас абароны касцёла ў Зэльве ў 1907 годзе
Касцёл Святой Тройцы
Самая заўважальная знакамітасць Зэльвы – касцёл Святой Тройцы. Яго бачна здалёк.
Пабудаваны храм у 1913 годзе з жоўтай цэглы ў стылі неаготыкі – на месцы ранейшай драўлянай святыні. Архітэктар будаўніцтва – Іосіф Піус Дзяконскі. Касцёл мае дзве вялікія вежы і сіметрычна-восевую кампазіцыю.
У 1950-х гадах святыню канфіскавалі ў вернікаў і зрабілі ў ёй краму. Пасля там размяшчалася зернесховішча і склад райспажыўсаюза.
Касцёл вярнулі католікам толькі ў 1989 годзе.
Пасля рэстаўрацыі ў храме з’явіліся рознакаляровыя вітражы, на якіх адлюстраваны вобразы святых. Таксама спецыяльна ўсталявалі электронны арган для набажэнстваў.
Інтэр’ер касцёла ў Зэльве
Вадзяны млын ХІХ стагоддя і рака Зэльвянка
На беразе ракі Зэльвянкі можна ўбачыць закінуты вадзяны млын, пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя. У свой час гэта быў даволі магутны млын, які апрацоўваў цэнтнеры зерня.
Стары млын у Зэльве
Гаспадары млына куплялі збожжа ў людзей, затым малолі яго і адпраўлялі ў вагонах цягнікоў па розных гарадах Польшчы.
Спачатку ён складаўся з 4 паверхаў. На верхнім з іх яшчэ можна было ўбачыць дату будаўніцтва. Як распавядалі мясцовыя старажылы, гэта 1884 год.
Млын у Зэльве, 1941 год
Аднак, падчас Вялікай Айчыннай вайны вадзяны млын быў пашкоджаны. Затым яго аднавілі, скараціўшы вышыню на адзін паверх. У савецкі час у ім быў склад, а потым ён доўга стаяў у запусценні. Затым будынак два разы куплялі энтузіясты з мэтай зрабіць у ім гатэль і аграсядзібу. Але ажыццявіць задуманае так і не ўдалося.
Зэльвенскі млын маляўніча стаіць на беразе ракі Зэльвянка
На жаль, з 2000-х гадоў стан млына толькі пагаршаецца, а з 2023 года пабудову зноў выставілі на продаж.
Побач з млынам працякае рака Зэльвянка – левы прыток Нёмана. Раім не пашкадаваць часу і прайсціся ўздоўж яе маляўнічага берага. Хоць бы для таго, каб палюбавацца пейзажамі, якія тут адкрываюцца. Проста неверагодная прыгажосць і атмасфера!
Царква Святой Жываначальнай Тройцы
Яшчэ адно месца, якое можна наведаць у Зэльве – праваслаўная царква Святой Жываначальнай Тройцы. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры з элементамі рускага стылю.
Яе пабудавалі ў 1815 годзе, як уніяцкі храм, на фундаменце старажытнай праваслаўнай царквы 1434 або 1443 гадоў (розныя крыніцы падаюць розныя даты). Архітэктарам будаўніцтва стаў Аляксандр Градзецкі.
Па іншай версіі на месцы царквы на пачатку ХІХ стагоддзя быў тэатр Сапегаў, які яны збудавалі для забавы гасцей, што прыязджалі на Ганненскі кірмаш. Потым яго перабудавалі ў святыню.
Царква ў Зэльве, інтэр’ер. Фота: planetabelarus.by
У 1904-1909 гадах царква была перабудаваная намаганнямі святара Іосіфа Янкоўскага, на сродкі Сінода і ахвяраванняў вернікаў. Архітэктарам перабудовы стаў Іван Плотнікаў. У той час да храма дабудавалі званіцу. Зноў асвяцілі царкву, ужо як праваслаўную, ў 1910 годзе.
У царкве Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве знаходзяцца дзве цудатворныя святыні – іконы, якія ў ХІХ стагоддзі падарыў храму імператар Аляксандр ІІ. Гэта храмавая ікона Найсвяцейшай Тройцы, а таксама спіс (дакладная копія з арыгінала) – цудатворны Ціхвінскі абраз Маці Божай.
Цудатворная Ціхвінская ікона Маці Божай у царкве Зэльвы, фота: Людміла Папко
Шмат гадоў прыхаджанкай храма была беларуская паэтка і празаік Ларыса Геніюш. У Троіцкай царкве нават стварылі невялікую экспазіцыю, прысвечаную ёй.
Некаторы час Ларыса Геніюш жыла побач з храмам, у драўляным доме, які захаваўся і да нашага часу.
Дом у Зэльве, у якім жыла Ларыса Геніюш (вул. Савецкая. 7), фота: Віталь Дэрнейка
Увогуле, паэтка пражыла ў Зэльве больш за 25 гадоў і была пахаваная на мясцовых могілках.
Зэльвенскае вадасховішча
Тым, хто вырашыць паехаць у Зэльву, раім абавязкова наведаць Зэльвенскае вадасховішча. Гэта маляўнічы вадаём, які знаходзіцца на ўскраіне мястэчка і мае плошчу 12 кіламетраў квадратных. Самая вялікая глыбіня ў ім – 7,5 метраў.
На беразе Зэльвенскага вадасховішча
Вадасховішча з’яўляецца самым вялікім вадаёмам Гродзенскай вобласці. Стварылі яго ў 1983 годзе на рацэ Зэльвянка – для арашэння земляў, гадоўлі рыбы, а таксама воднага добраўпарадкавання вакольных вёсак.
Відарысы тут такія, што можна рабіць прыгожыя атмасферныя фотасесіі!
Як дабрацца ў Зэльву з Мінска?
1. На ўласным транспарце – выезд з Мінску з боку метро Малінаўка, затым па трасе Р1 у бок дарогі Е30/M-1, далей – па Е30/M-1, потым звярнуць на з’езд з Е30/M-1, а пасля па Р99 ехаць у бок Зэльвы.
2. На маршрутцы – кошт білетаў – 32 руб.
3. Цягнікамі – кошт білетаў – ад 9,51 руб.
Аўтар: Марына Валасар
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.