25 снежня католікі і іншыя хрысціяне заходняга абраду адзначаюць свята Божага Нараджэння. З гэтай нагоды ў каталіцкіх храмах свету адбываюцца святочныя набажэнствы. Мы пабывалі на Вігілійнай святой Імшы-пастэрцы ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах і паказваем, як гэта адбывалася.
Святкаванне Божага Нараджэння ў католікаў пачынаецца яшчэ 24 снежня. Гэты дзень называюць Вігіліяй. Гэта апошні дзень Адвэнту — перыяду радаснага чакання на нараджэнне Хрыста.
На працягу дня 24 снежня католікі прытрымліваюцца сціслага посту, і толькі адзін раз могуць паесці дасыта.
Вечарам уся сям’я збіраецца разам за Вігілійным сталом, на які, па традыцыі, ставяць 12 посных страў, а таксама безалкагольныя напоі. Перад вячэрай католікі чытаюць урывак з Евангелля, які распавядае пра Нараджэнне Хрыста, моляцца і дзеляцца аплаткамі (кавалкамі белага прэснага хлеба).
Пасля вячэры ўсе разам ідуць на святочную Імшу-пастэрку.
Перад святой Імшой у цемры святар праносіць ва ўрачыстай працэсіі фігурку маленькага Ісуса і кладзе яе ў імправізаваныя яслі. Разам з ім ідуць іншыя святары (калі яны служаць у святыні), а таксама службай алтара.
Затым адбываецца святая Імша-пастэрка. Яе назва паходзіць ад слова pastor (пастух), таму што першымі, хто прыйшоў пакланіцца нованароджанаму Ісусу, былі менавіта пастухі з Бэтлеему, якія пасвілі свой статак недалека ад месца нараджэння Хрыста.
А зараз вернікі, нібы тыя пастухі, прыходзяць прывітаць Збаўцу свету.
Святую Імшу-пастэрку ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ляхавічах цэлебравалі ксёндз Аляксандр Фядотаў і пробашч парафіі, ксёндз Станіслаў Маленькі.
Марына Валасар, фота аўтара