Кім былі мае продкі? Напэўна гэтае пытанне паўставала ў многіх? І шмат хто нават імкнуўся даведацца больш пра сваіх родзічаў і скласці генеалагічнае дрэва сям’і. Але гэта не заўсёды проста. Мы даведаліся (з падрабязнасцямі), дзе і як гэта сёння можна зрабіць у Беларусі.

Генеалагічнае дрэва2.jpg
 

Генеалагічнае дрэва. З чаго пачаць?

Перш чым звяртацца ў архівы, каб знайсці інфармацыю пра сваіх родзічаў, спецыялісты раяць прайсці падрыхтоўчы этап і сабраць пачатковыя звесткі:

Паразмаўляць са сваімі роднымі. 

На гэтым этапе можна наведаць родныя мясціны сваіх бацькоў, бабуль, дзядуль... Паразмаўляць з найстарэйшымі членамі сям’і і ўзяць ад іх самую неабходную інфармацыю (імёны, прозвішчы, род заняткаў, сямейны статус і інш.) пра тых асоб, якіх вы шукаеце. У працэсе можна адкрыць для сябе яшчэ некалькі “галін” радаслоўнага дрэва.

Разабраць хатнія архівы (фота, дакументы, запісы, дзённікі...) 

Шмат інфармацыі для радаслоўнай можна ўзяць з асабістага архіву. Напрыклад, з пасведчанняў аб нараджэнні, шлюбе, смерці г.д. А старыя фотаздымкі дапамогуць не толькі ў будучым ілюстраваць генеалагічнае дрэва, але і скласці меркаванне аб тым, наколькі багатымі былі вашыя родзічы і чым яны займаліся.

Пашукаць інфармацыю ў адкрытых крыніцах. 

Зараз у сеціве ёсць шмат сайтаў, дзе можна знайсці цікавую генеалагічную інфармацыю. Вось, напрыклад, некаторыя:

  • база дадзеных ваенных арміі СССР, якія загінулі, прапалі без вестак, патрапілі ў палон падчас Другой сусветнай вайны: https://obd-memorial.ru/html/;
  • база з інфармацыяй аб савецкіх грамадзянах, якіх рэпрэсіравалі ў 1920-1950-я гады:  https://lists.memo.ru/;
  • сайт, прысвечаны генеалогіі Беларусі: https://www.radzima.net/;
  • база дадзеных аб партызанах Беларусі, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: https://partizany.by/
  • “Всероссийский генеологический форум” (можна знайсці інфармацыю па розных краінах): https://forum.vgd.ru/
Таксама можна паспрабаваць знайсці родзічаў у розных сацыяльных сетках (а раптам у вас атрымаецца).
 
Падрыхтоўчы этап будзе карысным не толькі для тых, хто вырашыў скласці дрэва самастойна, але таксама і тым, хто звярнуўся да спецыялістаў. 

Пошук у архівах

архив-поиск.png

Сёння ў Беларусі генеалагічныя даследаванні можна замовіць у наступных дзяржаўных архівах. Гэта:

  • Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (Мінск, вуліца Крапоткіна, 55). Але са студзеня 2024 года архіў больш не прымае заявы на платныя паслугі па пошуку генеалагічных дадзеных, таму што заявак паступае шмат, а супрацоўнікаў, якія гэтым займаюцца, не хапае. Прыём новых заяў будзе закрыты да Новага года, а далей пакуль невядома. У архіве Смартпрэс распавялі, што варта сачыць за навінамі на сайце арганізацыі, дзе можа з’явіцца новая інфармацыя. 
  • Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродна (плошча Тызенгаўза, 2, Гродна). Тут заявы на платныя паслугі працягваюць прымаць, але папярэджваюць, што патрэбна будзе доўга чакаць сваёй чаргі — зноў жа, з-за недахопу супрацоўнікаў. Праца ідзе па перадаплаце (165 рублёў), а канчатковую суму вылічваюць ужо па выніках даследавання (да 1100 рублёў). Па адной генеалогіі спецыялісты тут працуюць да 3 месяцаў.
  • У абласных і занальных дзяржаўных архівах (кошт лепей удакладняць пры звароце). Але ў такіх архівах знаходзяцца дакументы перыяда пасля 1917 года. 
Таксама інфармацыю за перыяд пасля 1920-га года аб шлюбах, нараджэннях дзяцей, або памерлых можна знайсці ў ЗАГСах. 

У Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску знаходзяцца дакументы, якія ахопліваюць усю тэрыторыю Беларусі за перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а таксама тут прадстаўлены звесткі па былых Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Часткова ёсць метрычныя кнігі па Вілейскім і Дзісненскім паветах Віленскай губерні, якія датуюцца ХІХ-першай чвэрцю ХХ стагоддзя. 

А ў Нацыянальным гістарычным архіве Гродна захоўваюцца дакументы толькі па тэрыторыі Гродзенскай губерні (перыяд да 1917 года), а таксама па Брэсцкім, Кобрынскім і Пружанскім паветах. 

Асноўная частка дакументаў па тэрыторыі былой Віленскай губерні (у тым ліку сучасных Валожынскага, Браслаўскага, Вілейскага, Воранаўскага, Глыбоцкага, Іўеўскага, Ашмянскага, Лідскага, Міёрскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Пастаўскага, Астравецкага і Шаркаўшчынскага раёнаў) знаходзіцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы.

А дакументы з тэрыторый, якія напрыканцы ХVIII стагоддзя ўвайшлі ў склад Лідскага, Вілейскага, Мінскага, Пінскага, Ашмянскага, Пружанскага, Рэчыцкага, Слонімскага і Слуцкага паветаў, знаходзяцца зараз у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве. Там жа, па звестках Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, размяшчаецца фонд Дэпартаменту Герольдыі Сената, у якім можна знайсці дакументы па гісторыі ўсіх дваранскіх родаў Расейскай імперыі. 

Таму перад тым, як наведаць архіў, лепей удакладніць, ці ёсць у ім звесткі пра населены пункт пэўнага перыяда. 
 

Як шукаць у архівах?

Пошук можна весці:

  • самастойна (можна працаваць у чытальнай зале. Пры гэтым можна замовіць платныя кансультацыі супрацоўнікаў чытальнай залы);
  • даверыць справу спецыялістам (вы плаціце грошы, а пошукі за вас вядуць прафесіяналы).

У любым выпадку трэба быць гатовым да таго, што пошукі могуць заняць не адзін месяц, і нават год.
Для таго, каб правесці даследаванне самастойна або з дапамогай спецыяліста, неабходна звярнуцца ў архіў з адпаведнымі заявамі (узоры, напрыклад, можна ўбачыць на сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Мінску). 

Там на аснове заявы і пашпарта вас і могуць дапусціць у чытальную залу для самастойнай працы з дакументамі. Допуск дзейнічае 1 каляндарны год. Потым яго, пры неабходнасці, можна працягнуць.

Перад тым, як прыходзіць у Нацыянальны гістарычны архіў і афармляць патрабаванне на выдачу неабходных дакументаў, спецыялісты раяць пазнаёміцца з вопісамі фондаў, справы з якіх вы захочаце замовіць. Іх можна паглядзець вось тут. 

Падчас самастойнай працы ў чытальнай зале Нацыянальнага гістарычнага архіва вам могуць дапамагчы яе супрацоўнікі. Але іх функцыянал абмежаваны.
Супрацоўнікі чытальнай залы могуць толькі: дапамагчы знайсці неабходныя дакументы, растлумачыць, як афармляць патрабаванні на выдачу, падказаць, з якіх дакументаў пачынаць пошукі і г.д. Але ў іх абавязкі не ўваходзіць, напрыклад, пераклад дакументаў, разбор почыркаў і чытанне асобных словаў і сказаў. Гэта ўсё вы будзеце рабіць самастойна.

У якіх крыніцах шукаць інфармацыю?

Калі вы будзеце весці пошук самастойна, спецыялісты раяць ведаць віды генеалагічных крыніц. Яны бываюць прамыя і ўскосныя.

Да прамых крыніц адносяць:

Метрычныя кнігі культавых устаноў (касцёлаў, цэркваў, сінагог...). У іх раней запісвалі дадзеныя аб тых, хто нарадзіўся, уступаў у шлюб, паміраў. Такія дакументы зараз захоўваюцца ў фондах духоўных кансісторый, дэканатаў, духоўных праўленняў, благачыній, яўрэйскіх аб’яднанняў, асобных касцёлаў і цэркваў.
Рэвізскія казкі. Гэта матэрыялы перапісаў (“рэвізій”) насельніцтва. Такія дакументы ў асноўным ёсць ў фондах губернскіх казённых палат. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі размяшчаюцца матэрыялы рэвізій за перыяд з 1795-га па 1858 гады. 
Пасямейныя і прызыўныя спісы. У 1874 годзе ў Расейскай імперыі прынялі “Статут аб воінскай павіннасці”. Паводле яго, з дапамогай пасямейных спісаў складалі прызыўны спіс асоб з падатковых саслоўяў. Для гараджан іх складалі гарадскія управы, для сялянаў — валасныя праўленні. 
Усе пералічаныя дакументы захаваліся толькі часткова. А па асобных рэгіёнах Беларусі прамых крыніц увогуле не захавалася. Таму падчас пошуку могуць узнікнуць цяжкасці. 

Ускосныя крыніцы

Сюды ўключаюць усе астатнія архіўныя дакументы. Наколькі іх мэтазгодна выкарыстоўваць, залежыць ад таго, якія пошукавыя дадзеныя ў вас ёсць. Калі, напрыклад, вы ведаеце, што родзіч працаваў на чыгунцы, спецыялісты раяць праглядзець вопісы фондаў Упраўленняў чыгунак. 

Наколькі запатрабаванае ў Беларусі генеалагічнае дрэва?

архив-поиск2.jpg

Зараз запыт у Беларусі вялікі. А вось супрацоўнікаў архіваў, якія іх праводзяць, няшмат, як мы і пісалі вышэй. Таксама мы паспрабавалі знайсці ў сеціве прыватныя арганізацыі, якія на дадзены момант яшчэ працуюць у Беларусі, але не знайшлі іх.  

Смартпрэс агучылі статыстыку за 2024 год у двух архівах. Так, напрыклад, у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску за гэты год звярнулася каля 500 чалавек. А ў яго філіял у Гродна — 260 (сярод якіх і прыватныя асобы, і арганізацыі). Пры гэтым, напрыклад, у Гродне зараз прыкладна 6-8 супрацоўнікаў займаюцца такімі даследаваннямі. 

Да ўсяго, спецыялісты адзначаюць, што гэта вельмі крапатлівы і доўгі працэс, “таму што захаванасць дакументаў па розных раёнах розная”. 

“Дзесьці яны захаваліся, дзесьці зусім не. Акрамя метрычных кніг можна глядзець дакументы губернскага праўлення, Рэвізскія казкі, перапісы насельніцтва... Бясконца можна шукаць па розных дакументах. Хто пачынае, то ў асноўным адштурхоўваецца ад метрычных кніг. Самае простае — гэта шукаць па іх. Але гэта ў плане вызначэння. Чытаць жа іх вельмі складана, таму што яны напісаныя на розных мовах, розным почыркам...Плюс — шмат памылак. Прозвішчы маглі на працягу часу трансфарміравацца, у залежнасці ад таго, як пісар напісаў. Таму гэта складана і доўга”, — распавяла Смартпрэс супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродне Жана Асмалоўская.