Вядомая беларуская калядка "Добры вечар табе, пане гаспадару, сын Божы нарадзіўся" – адзін з сімвалаў святкавання Калядаў. Але традыцыя калядаваць з’явілася задоўга да прыходу хрысціянства на нашыя землі. Калі ўвогуле можна калядаваць і як адзначалі гэты перыяд у розных кутках Беларусі? Распавядаем!
1. У апошнія дзесяцігоддзі адной з асноўных дат калядавання ў Беларусі стала 13 студзеня, калі па Юліянскім календары адзначаецца Шчодры вечар, або Шчодрая куцця. Напрыклад, менавіта ў гэты дзень супрацоўнікі вясковых устаноў культуры арганізавана ходзяць калядаваць – з казой, песнямі ды музыкамі.
2. Але адзінай дакладнай даты для калядак няма, ёсць перыяд – прыкладна ад каталіцкага Раства і да сярэдзіны студзеня. Па словах этнографаў, няма такога, што дзесьці святкаванне адпавядае традыцыі, а дзесьці – не. У кожнай мясцовасці свае асаблівасці.
3. Традыцыйныя хрысціянскія канфесіі перанялі народны звычай калядкаў. Аснову складаюць спевы пра “Зорку Вефліема” і іншыя. Але ў царкоўных і касцёльных калядаваннях звычайна няма той жа казы і іншых калядных масак.
4. Дарэчы калядных масак існуе вельмі шмат – тут вам і цыганка, і маршалак, і конь, і мядзведзь. Але найбольш распаўсюджаны персанаж Калядаў ўсё ж каза, ці як ласкава яе называюць, “козачка”. На Мазыршчыне нават сам Шчодры вечар раней называўся “Святы козлік” обо “Куцця святога козліка”.
5. У некаторых паветах Усходняй Беларусі як “каралеўну каляднага карнавала” таксама выбіралі Шчодру, ролю якой абавязкова выконвала ладная ды прыгожая дзяўчына. А ў вянок ёй запляталі рознакаляровыя стужкі. Маладыя кабеты на чале са Шчодрай хадзілі па хатах і спявалі калядкі. Лічылася, што Шчодра ў хаце зробіць год добрым і багатым на ўраджай.
6. У Клецкім раёне этнографамі зафіксаваны цікавы калядны абрад “шчадравання з жарэбнай (ці “жаробнай” на мясцовым дыялекце) кабылай”. Спрадвеку яно ажыццяўляецца толькі хлопцамі. Сярод асноўных персанажаў абрада вылучаюцца Дзед-павадыр, які сімвалізуе продкаў, і Жарэбная кабыла – сімвал пладавітасці і дастатку. Да якой хаты завядзе павадыр кабылу, там і будзе дастатак.
7. Працягваючы “конскую тэму”, не абмінем увагай цікавы абрад “Конікі” з Давыд-Гарадку, што на Століншчыне. Галоўнага персанажа імпрэзы, каня, робяць з двух лазовых круглых кошыкаў, прыбітых да каркаса з дошак або палак. Галава – з валёнка, абабітая белай тканінай і размаляваная, хвост – з лёну. Акрамя каня ў гэтым палескім карнавале ўдзельнічаюць Дзед і Баба, Мядзведзь, Воўк, Баран, Ліса і Заяц, Чорт і Баба Яга, Цыган і Цыганка з дзіцем, Смерць з касой, і нават пан Астролаг.
8. На Шчодрую куццю, у адрозненні ад так званай “Беднай куцці” (яна гатуецца перад Раством), накрывалі сапраўды шчодры святочны стол. І галоўнай стравай на Шчодры вечар на беларускіх землях здаўна лічацца бліны з кілбасой. Таксама існуе традыцыя, што на стале павінны быць менавіта 12 аладак – па колькасці месяцаў у годзе.
Аўтар тэксту і фота – Мікіта Пастухоў