Васілёк сіні абралі раслінай 2025 года ў Беларусі. За гэта прагаласавалі самі беларусы анлайн падчас штогадовага конкурса, на якім вызначаюць расліну года. І нездарма! Гэтая кветка ўжо даўно стала негалосным сімвалам Беларусі. Яе размяшчаюць на прынтах і лагатыпах кампаній, складаюць пра яе вершы і нават называюць рэстараны. Адкуль такая любоў да такой простай, на першы погляд, кветкі, якая звычайна расце ў полі сярод злакавых раслін?
Чым адметны васілёк і дзе яго можна ўбачыць?
У беларускай мове ёсць дзве назвы гэтай кветкі — васілёк і валошка. І ўжываць можна і першую, і другую.
Васілёк (або валошка) — гэта род травяністых раслін сямейства Астравыя. Сёння вядома пра сотні відаў гэтай кветкі, якія сустракаюцца ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы, Паўночнай Афрыцы і Аўстраліі.
Растуць васількі ў пасевах, лясах, хмызняках, на лугах, пустках, пясчаных мясцінах, а таксама ўздоўж дарог. Цвітуць валошкі ў чэрвені-верасні.
У Беларусі расце 11 відаў васількоў. Хіба самым папулярным і пазнавальным з іх з’яўляецца менавіта васілёк сіні.
Радзімай сіняга васілька лічаць Паўднёвую Еўропу.
Валошка і масавая культура
Валошка сустракаецца не толькі ў народнай культуры і творчасці, але таксама ў сучасным масмаркеце.
Так, напрыклад, гэтую кветку ў якасці свайго лагатыпа выбралі: Belavia, рэстаран “Васількі”, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, фестываль “Славянскі Базар”, фестываль нацыянальных культур у Гродна і іншыя.
Часта прынт, або вышыўка з валошкай, выкарыстоўваюць у сваіх лінейках адзення вядомыя беларускія брэнды: “Світанак”, “Марк Формэль”, "Модум" і інш.
А пра вялікую колькасць кубкаў, сарочак з вышыўкай, магнітаў і іншых сувенірных вырабаў і казаць не трэба!
Валошка ўжо даўно лічыцца адным з культурных сімвалаў Беларусі, займаючы сваё месца побач з буслом, зубром, бульбаю і дранікамі.
Васілёк і літаратура
Канешне ж, не маглі абыйсці бокам васількі беларускія паэты і пісьменнікі. Мабыць, першы твор, які ўзгадваецца пры слове “васілёк” — гэта верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, у якім паэт піша:
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.”
Дарэчы, на ўзгаданых Багдановічам Слуцкіх паясах насамрэч прысутнічалі выявы васількоў. Але ў рэальнасці іх заўсёды ткалі не жанчыны, а мужчыны. Адной з прычын было тое, што праца за станком патрабавала добрай фізічнай падрыхтоўкі.
Таксама васількам прысвяцілі свае творы пісьменнік Ядвігін Ш., паэты кастусь Кірэенка, Міхась Лынькоў і іншыя.
Вось, напрыклад, як піша пра сімвал Беларусі Кастусь Кірэенка:
Былі яшчэ юнакі,—
Дзяўчаты кашулі нам вышывалі
У сінія васількі.
І зараз успомню: як высыпле вёска
У поле пад звон сярпоў,
Дык аж цямнелі
шнурыны-палоскі,
Сінія ад васількоў.”
Васількі ў кулінарыі і медыцыне
З даўніх часоў васілёк выкарыстоўваецца як лекавая расліна. Для гэтых мэтаў бяруць толькі сінія краявыя кветкі. Пры высыханні іх колер павінен быць ярка-сінім. Настой з пялёсткаў васількоў дапамагае пры захворванні вачэй і нырак.
Таксама ў народнай медыцыне кветкі васілька сіняга выкарыстоўваюць у мачагонных зборах пры цысцітах, мочакаменнай хваробе, неўрозах, для лячэння ранаў і кан’юктывітаў, хворай печані, падчас прастуды — для зніжэння высокай тэмпературы.
У кулінарыі выкарыстоўваюць усе часткі васілька — кветкі, насенне і лісце. Кветкі дадаюць у соусы, а таксама ў першыя і другія стравы.
Насенне змяльчаюць і выкарыстоўваюць як прыправу для рыбы і мяса. Лісце дадаюць у засолкі, каўбасы і пашцеты.