1 лістапада католікі адзначаюць урачыстасць Усіх Святых. А 2-га — Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў. У гэтыя дні ўзгадваюцца ўсе святыя, якія ўславілі Бога сваім жыццём і вернасцю Яму. Таксама католікі моляцца за душы памерлых — у касцёлах і на могілках.

урачыстасць Усіх Святых.jpg

З гісторыі святкавання

Дзень памяці ўсіх святых існаваў яшчэ ў ранняй хрысціянскай царкве. Але тады святымі называліся ўсе хрысціяне, якія атрымалі хрост.

А першымі з іх, якіх царква стала ўшаноўваць асабліва, сталі тыя, хто аддаў сваё жыццё за веру. Так, напрыклад, першым вядомым ушанаваным пакутнікам лічаць святога Палікарпа Смірнскага. Пра яго пакутніцкую смерць падрабязна напісана ў "Акруговым пасланні Смірнскай Царквы іншым Цэрквам" (155 год).

У пасланні таксама было напісана, што існаваў звычай захоўваць парэшткі пакутнікаў у выглядзе каштоўнай рэліквіі, а таксама з пашанай адносіцца да месца іх пахавання. Такія святкаванні, а таксама малітвы на магілах пакутнікаў, існавалі там, дзе былі іх пахаванні.

Днём шанавання святых зазвычай быў іх дзень смерці. Яго сталі называць днём іх нараджэння для неба.

урачыстасць Усіх Святых1.jpg

Потым культ пакутнікаў распаўсюдзіўся сярод усіх памесных цэркваў. Пачалі адзначаць не толькі дні памяці асобных пакутнікаў, але таксама агульнае свята, прысвечанае ім.

Па сведчанні Яна Залатавуста (архіепіскапа Канстанцінопальскага, багаслова — рэд.), візантыйская царква ўшаноўвала памяць усіх пакутнікаў у першую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы. Усходнесірыйская — у першую пятніцу пасля Вялікадня.

Заходняя царква пачала адзначаць свята ў VI стагоддзі. Спачатку яго таксама адзначалі ў першую нядзелю пасля Пяцідзесятніцы. Пазней святкаванне перанеслі на 13 мая. Перанос быў звязаны з днём асвячэння храма ў Рыме 13 мая 610 года, які перабудаваў Папа Баніфацый IV з язычніцкага пантэона ў гонар Дзевы Марыі і ўсіх пакутнікаў (St. Maria ad Martyres).

Спецыяльна да гэтага дня з катакомбаў перавезлі 28 вазоў з парэшткамі хрысціянаў, якія загінулі за сваю веру. Менавіта штогадовы ўспамін гэтай падзеі стаў першым святкаваннем дня, які цяпер называецца Урачыстасць Усіх Святых.

Пры Папе Рыгоры ІІІ паняцце святасці пашырылі. Да святых сталі прылічваць не толькі тых, каго пераследавалі і хто памёр за веру ў Хрыста, але таксама тых, чые ганенні не завяршыліся пакутніцкай смерцю. Сюды ж уключылі падзвіжнікаў, якія вялі дабрадзейнае жыццё.

1 лістапада урачыстасць Усіх святых сталі адзначаць пры Папе Рыгоры ІV (827-844 гг.). Ён увёў афіцыйна свята ў касцёльную практыку. Святкаванне перанеслі з вясны на восень — па прыкладзе таго, як гэта зрабілі ў Англіі і Ірландыі. Там ужо больш за 100 гадоў адзначалі памяць усіх святых менавіта ў гэты дзень. Гэта зрабілі для таго, каб цалкам адыйсці ад святкавання язычніцкага кельцкага свята Самайна.

Як адзначаюць?

Урачыстасць Усіх Святых з’яўляецца абавязковай у Каталіцкім Касцёле, таму ў гэты дзень кожны католік абавязаны прыйсці на святую Імшу. Няўдзел у Імшы па няўважлівых прычынах лічыцца грахом.

Падчас набажэнства вернікі аддаюць пашану ўсім святым — вядомым і невядомым.

Успамін усіх памерлых вернікаў

2 лістапада ў Каталіцкай Царкве таксама адзначаецца Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў, калі ў касцёлах і на могілках католікі моляцца найперш за душы сваіх родных і блізкіх памерлых, але таксама і за ўсіх астатніх, за каго пажадаюць.

малітва за памерлых на могілках.jpgМалітва за памерлых на могілках у Фаніпалі, 2021 год, фота: dvasercy.by

Затым, з 1 і да 8-га лістапада праходзіць актава ўспаміну ўсіх памерлых. На працягу гэтых 8 дзён, па традыцыі, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых. 

Таксама праходзяць святыя Імшы за памерлых і спецыяльныя набажэнствы — на саміх могілках і ў касцёлах.