Дзяды як дзень памінання продкаў святкуюцца па ўсёй тэрыторыі краіны 2 лістапада. Гэта неад’емная частка культурнай спадчыны беларусаў. Ды яшчэ са своеасаблівым флёрам містыкі. У кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці. Мы сабралі некалькі цікавых фактаў.

Дзяды 1.jpgМогілкі на ўзгорку восеньскім вечарам. Фота Мікіта Пастухоў

1. На Дзяды, як і на Каляды, гатуюць куццю – звычайна пярловую ці ячменную. Часта дадаюць туды мёд ці ягады. Каб дзядам было салодка.

2. Таксама важнай стравай на Дзяды ў нашых продкаў былі тоўстыя бліны. У Кармянскім раёне ёсць традыцыя – першы блін не ядуць, а калі яго гатуюць, то чытаюць над ім малітву. А на раніцу аддаюць катам ці сабакам. Ёсць прымаўка "Першы блін – сабаку".

3. Традыцыйныя беларускія калдуны, альбо цэпіліны, таксама былі памінальнай стравай (напрыклад, на Віцебшчыне), і мелі назву “Клёцкі з душамі” (пад душой мелася на ўвазе начынка).

Дзяды 2.jpgКлёцкі з душамі. Фота Мікіта Пастухоў

4. На Палессі, у ваколіцах Мотыля, Дзяды адзначалі ў пятніцу і суботу. У гэтыя дні  было забаронена працаваць – ткаць, рабіць сякерай і гэтак далей. У пятніцу хадзілі на могілкі, ладзілі вялікую памінальную вячэру, а ў суботу ішлі ў царкву.

5. На Гродзеншчыне, з яе трывалымі каталіцкімі традыцыямі,  1 і 2 лістапада разам з Дзядамі шырока адзначаецца Дзень Усіх Святых і Памерлых, калі людзі прыходзяць на могілкі і запальваюць знічкі.

Дзяды 3.jpgКасцёл у Дзятлава, Гродзенская вобласць. Фота Мікіта Пастухоў

6. Таксама этнографы заўважылі цікавую традыцыю ў Веткаўскім і Лепельскім раёнах. На Дзяды там абавязкова растаплівалі лазні – “каб дзяды памыліся, і праз пар прыйшлі”.

7. На ўсходзе Гомельшчыны, па словах мясцовых старажылаў, у хатах, якія месціліся каля могілак, увечары на Дзяды не зачынялі вокны або дзверы – “каб дзяды маглі зайсці”, бо гаспадары хаты запрашалі іх да вячэры.

Дзяды 4.jpgМогілкі каля хат восеньскім вечарам. Фота Мікіта Пастухоў

8. У некаторых регіёнах каля дзвярэй вешалі чыстыя рушнікі, “бо мёртвыя будуць ісці”.

9. Таксама ў многіх мясцінах Беларусі запальваецца свяча, якую ставілі перад акном, каб продкі бачылі куды ісці.

Дзяды 5.jpgФота Мікіта Пастухоў

10. У залежнасці ад рэгіёну, колькасьць страваў на святочным стале на Дзяды можа быць цотнай альбо няцотнай.

І гэта толькі невялічкая частка з цікавых і разнастайных традыцый якія існуюць у нашай краіне. Таксама адзначым, што “Дзяды” не раз увекавечвалі ў мастацкіх творах. Напрыклад, падрабязна абрад Дзядоў апісаў у сваёй паэме сусветна вядомы ўраджэнец Беларусі, паэт Адам Міцкевіч. 

Дзяды 6.jpgВёска ўначы восенню. Фота Мікіта Пастухоў

Аўтар тэксту і фота – Мікіта Пастухоў