У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада ў многіх краінах свету адзначаецца свята Хэлоўіна, якое мае кельцкае, язычніцкае паходжанне. Звычайна, у гэты вечар дзеці, моладзь, ды і дарослыя, апранаюцца ў розных пачвараў і нячысцікаў і пужаюць адно аднаго, выкрыкваючы: “Пачастунак або жыццё”. Таксама ёсць і іншыя традыцыі ў той жа танальнасці. Аб тым, ці дазваляюць Цэрквы святкаваць Хэлоўін, мы спыталі ў каталіцкага і праваслаўнага святароў.

Хэлоўін.jpeg

Як Каталіцкая і Праваслаўная цэрквы адносяцца да свята Хэлоўіна?

Ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч каталіцкай парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку:

— Першага і другога лістапада каталікі святкуюць зусім іншае свята — Урачыстасць Усіх Святых, а таксама Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў. У гэты дзень мы ўспамінаем прыклад усіх святых — тых людзей, якія былі верныя Богу, а таксама нашых блізкіх, родных, якія ўжо перайшлі мяжу жыцця і смерці зямной. І наш абавязак і вялікае заданне — клапаціцца пра іх душы. А гэта значыць — маліцца за іх. Гэта ўчынак любові.

успамін усіх памерлых.jpg

Хэлоўін — гэта язычніцкі рытуал

Гэта вераванні, якія выводзяцца з кельцкіх язычніцкіх рытуалаў, дзе ўшаноўваюцца ідалы, розныя язычніцкія багі.

Папа Бенедыкт ХVI калісьці сказаў, што “Хэлоўін — гэта вельмі небяспечнае антыхрысціянскае свята. Таму што яно рэкламуе культуру смерці і заахвочвае новыя пакаленні ісці ў накірунку эзатэрычнай ментальнасці і магіі. Святкаванне Хэлоўіна атакуе святыя і духоўныя вартасці праз д’ябальскія ініцыяцыі, праз пасрэдніцтва розных акультыстычных вобразаў”.

Іерэй Андрэй Ламакін, клірык Свята-Духава катэдральнага сабора ў Мінску

— Праваслаўная Царква адмоўна адносіцца да святкавання Хэлоўіна. На жаль, у народнай свядомасці глыбокія асновы таго, або іншага свята закранаюцца далёка не часта. На першае месца ставіцца знешняе — карцінка, відовішчнасць, пераапрананне ў незвычайныя касцюмы. Але, варта памятаць, што Хэлоўін, маючы карані ў старажытных язычніцкіх традыцыях, звязаны з перайманнем нячыстай сілы, уплыў якой не можа не адчуваць чалавек, які ў такіх святах удзельнічае.

Ці дазваляе Царква святкаваць Хэлоўін і чаму?

Ксёндз Юрый Жэгарын:

Католік не можа ўдзельнічаць у гэтых рытуалах, таму што яны вельмі небяспечныя, бо звязаныя з культурай смерці, з магіяй. І гэта можа мець вельмі непрыемныя і нават катастрафічныя наступствы для духоўнага і псіхічнага здароўя кожнага чалавека.

Хэлоуін1.jpeg

Якія вобразы ў Хэлоўіне? Гэта цемра, труна, вобразы чарапоў, крыві, страху, непакою, роспачы, безнадзейнасці. І пераапранаюцца тыя, хто святкуе Хэлоўін, — у ведзьмаў, вампіраў... Гэта вельмі жудасныя рэчы, якія з думкай хрысціянскай надзеі, веры, любові не маюць нічога супольнага.

Таму заахвочваю ўсіх вернікаў, усіх хрысціянаў — каталікоў і праваслаўных, і пратэстантаў — усіх, хто верыць у Хрыста, ніякім чынам не падтрымліваць гэтыя антыхрысціянскія каштоўнасці, святкаванні, а звяртаць увагу яшчэ больш на Евангелле і прапаведаваць Уваскрослага Хрыста. Папярэджваць іншых людзей пра небяспечныя наступствы, звязаныя з акультызмам, чараўніцтвам і магіяй.

Іерэй Андрэй Ламакін:

Праваслаўная Царква настойвае на тым, што духоўны свет рэальна існуе, у тым ліку — духі нячыстыя. І папярэджвае аб небяспецы духоўнага здароўя для чалавека, які прымае ўдзел у такім свяце.

Таму праваслаўнаму хрысціяніну не належыць удзельнічаць у Хэлоўіне. Ды і, на самой справе, у каляндарным годзе ёсць нямала светлых, радасных і не менш цікавых святаў, удзел у якіх таксама прынясе пазітыўныя эмоцыі, а галоўнае — не нашкодзіць духоўнаму здароўю чалавека. Святкаванне Хэлоўіна чалавекам, які ўспрымае гэта як нявінную забаву, не задумваючыся аб сэнсе гэтай падзеі, можа прынесці шкоду яго духоўнаму стану.

Царква вучыць, што нячыстыя духі і без гэтага спакушаюць кожнага чалавека, а калі чалавек сам праяўляе да іх цікаўнасць і сімпатыю, то такая душа становіцца ўтульным домам для грахоўных страсцей і нячыстых думак. 

Пра тое, як ставяцца да Хэлоўіна некаторыя псіхолагі, Смартпрэс пісаў раней. 

Аўтар: Марына Валасар