14 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. У гэты дзень вернікі ўзгадваюць момант, калі была асвечана святыня над месцам Гробу Хрыста, а для вернікаў быў “узвышаны” крыж, на якім ён быў укрыжаваны.
Гісторыя свята
Свята бярэ свой пачатак яшчэ ў IV стагоддзі. У 325 годзе маці імператара Канстанціна Алена напрыканцы свайго жыцця адправілася ў Ерузалем, каб знайсці крыж, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос.
"Святыя Канстанцін і Алена вакол Жыватворчага Крыжа Гасподняга", Васіль Сазонаў, не пазней за 1870 год
За 200 гадоў да гэтага імператар Адрыян выдаў загад засыпаць месца пахавання Хрыста і збудаваць там храмы Венеры і Юпітэра.
Дзякуючы намаганням Алены ў Ерузалеме прайшлі археалагічныя раскопкі, падчас якіх было знойдзена шмат месцаў евангельскіх падзей, якія з той пары хрысціянская традыцыя перадае праз пакаленні.
Падчас раскопак пячоры на Галгоце, дзе, паводле падання, пахавалі Хрыста, быў знойдзены Жыватворчы Крыж, а таксама чатыры цвікі і надпіс "Езус Назаранін Кароль Юдэйскі".
Паводле легендаў, знайшлі адразу тры крыжы, два з іх былі тымі, на якіх укрыжавалі злачынцаў, а адзін — Хрыстовы. Крыж Хрыста вызначылі па тым, што калі да яго прыклалі мёртвае цела чалавека, ён уваскрос. Па гэтай прычыне крыж і назвалі Жыватворчым.
Аньола Гадзі (1350-1396). Адкрыццё Сапраўднага Крыжа. 1380-я гады, фрэска
На месцы знаходкі ў 335 годзе па загадзе імператара Канстанціна пабудавалі 2 базылікі — Пакутнікаў (Марытрыюм) і Уваскрасення (Анастасіс). Затым туды ўнеслі знойдзены раней крыж.
13 верасня 335 года гэтыя святыні былі асвечаныя і перададзеныя мясцоваму біскупу. А 14 верасня адбылося першае публічнае выстаўленне знойдзенага крыжа.
На ўрачыстасць прыбыло шмат хрысціянаў, і, каб яны змаглі ўбачыць Крыж Збаўцы, патрыярх Макарый узняў (“узвысіў”) яго над галовамі вернікаў.
Свята спачатку адзначалі 13 верасня, а потым перанеслі на 14-га — гадавіну першага публічнага выстаўлення Крыжа.
У Рыме свята ўвёў папа Грыгорый І.
Святыня Гроба Пана, або храм Уваскрасення ў Ерузалеме
Другое ўзвышэнне Крыжа Збаўцы
Таксама свята звязана з іншай важнай падзеяй — вяртаннем святога Крыжа Збаўцы з персідскай няволі.
У 614 годзе персідскі цар Хазрой заваяваў Ерузалем і забраў знойдзены крыж у горад Кцесіфон. Праз 14 гадоў імператар Іраклій пасля перамогі над персамі знайшоў Крыж Збаўцы і вярнуў яго ў Ерузалем, дзе 14 верасня адбылося яго другое ўрачыстае ўзвышэнне.
Значэнне
Свята Узвышэння Святога Крыжа з’яўляецца сімвалам трыумфу веры хрысціянаў, увасобленай у крыжы, над бязвер’ем і пераследам, трыумфу жыцця над смерцю, перамогі Бога над усімі ворагамі.
Як святкуюць?
У гэты дзень католікі наведваюць храмы і ўдзельнічаюць у святых Імшах.