Аднаўленне замка ў Любчы працягваецца ўжо больш за 20 гадоў. За гэты час адрэстаўрыравалі 2 вежы, а таксама аднавілі трэцюю. Зараз праводзяць апошнія працы па аддзелцы яе фасадаў.
Цяпер пачалі аднаўляць чацвёртую – Паўднёвую (Драўляную).
“У мінулым годзе і сёлета тут усталявалі 58 паляў на глыбіню 8,5 м. Зрабілі арміраваную пліту і цокаль. Драўляная вежа была абабіта вертыкальнымі тарціцамі (дошкамі). На мой погляд, пасля аддзелкі паўднёвая вежа будзе самая прыгожая. Калі завершым чацвёртую вежу, сцены, то замак будзе непрыступны, – дадаў ён.
Як распавёў Пячынскі, дапамогу ў аднаўленні замка аказвалі кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і шматлікія іншыя неабыякавыя людзі.
Сярод валанцёраў, якія працавалі на аднаўленні замка, былі і вучні Любчанскай сярэдняй школы. Яны дапамагалі будаўнікам на працягу ўсяго перыяду аднаўленчых прац.
Аднак, падчас прац будаўнікі і валанцёры сутыкнуліся з праблемай: бераг Нёмана, на якім знаходзіцца замак, зарастае самасейнай лазой. Ад гэтага сцяна крэпасці не прасыхае і пакрываецца імхом. Таму працаўнікі не могуць тынкаваць. Таксама няма пад’езду, каб працягваць працы.
Нягледзячы на перашкоды, планаў у кіраўніка рэканструкцыі шмат, таму працы ў замку будуць працягвацца яшчэ не адзін год.
Даведка:
Любчанскі замак — былы замак у гарадскім пасёлку Любча, пабудаваны ў 1581 годзе па ініцыятыве магната Яна Кішкі на беразе Нёмана. Належаў роду Кішкаў, а потым — Радзівілам.
У XVIII стагоддзі Любчанскі замак страчвае сваё абарончае прызначэнне. У 1864—1870 гадах на яго тэрыторыі будуюць палац, які затым часткова быў разбураны падчас Першай сусветнай вайны. У 1947—1949 гадах з выкарыстаннем фундаментаў, а таксама фрагментаў сцен палаца пабудавалі сярэднюю школу. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ад былога замка засталіся толькі дзве вежы.
Фота: novgazeta.by і з адкрытых крыніц