Сёлета Навагрудак адзначае 980 гадоў з часу першага ўспаміну горада ў летапісе. Святочная праграма праходзіць 23-25 жніўня. Смартпрэс наведаў фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Меч караля" ў межах святкаванняў і паглядзеў на рыцарскія турніры, спаборніцтвы вершнікаў і іншыя цікавосткі.
Фестываль прайшоў вечарам 23 жніўня ў "Чашы" Навагрудскага замка.
Яго арганізоўваў клуб гістарычнай рэканструкцыі "Вількамір" з Мінску.
На пачатку імпрэзы прайшлі спаборніцтвы конных рыцараў, у якіх вершнікам трэба было прайсці шэраг выпрабаванняў. Напрыклад, патрапіць кап'ём у імправізаваны драўляны цэль; зрубіць на хаду качан капусты, скінуць з каня свайго суперніка і інш.
Затым адбыўся майстар-клас па сярэднявечных танцах, дзе кожны з прысутных на свяце гасцей мог павучыцца танцаваць старадаўнія танцы.
У гэты час таксама ў рыцарскім лагеры можна было сфатаграфавацца з сапраўднымі рыцарамі і нават паспрабаваць сябе ў баі мяккімі мячамі.
Пасля майстар-класа адбыўся рыцарскі турнір, у якім прынялі ўдзел рыцары з клуба рэканструкцыі "Вількамір".
Гэта быў сапраўды напружаны бой, у якім у фінал выйшлі два рыцары - Альгерд і Зміцер. Па выніку асноўнага бою атрымалася нічыя. Але ў дадатковым баі перамогу атрымаў Зміцер.
Пасля турніру зноў працягнуўся майстар-клас па танцах, а затым выступіў музычны гурт.
І завяршылася праграма вогненным шоў.
Навагрудак - старажытны горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, які лічыцца першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
Сярод гісторыкаў няма агульнага меркавання наконт першага летапіснага ўспаміну. Называюцца, напрыклад, 1005/1006 гады, 1044 і 1252 гады.
Такім чынам, у аснову святкавання летапіснага ўспаміну горада ўзялі 1044 год. Гэтая ж дата ўказваецца ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі.
Марына Валасар, фота і відэа аўтара