На возеры Свіцязь зноў дазволілі купацца. Таму карэспандэнт Смартпрэс вырашыла не губляць часу, а лавіць моманты апошніх гарачых дзён лета на адным з самых прыгожых азёр Беларусі. Як Свіцязь выглядала перад гэтымі выходнымі, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.

Свіцязь1.jpg

5 жніўня навагрудскія эпідэміёлагі зноў дазволілі купацца ў возеры Свіцязь. Да гэтага ў вадаёме знайшлі кішэчную палачку і забаранілі купацца дарослым і дзецям.

Я вырашыла “злавіць момант” і наведаць знакамітае возера, пакуль яшчэ можна.

Днём у пятніцу, 16 жніўня, на пляжы каля возера і ў самім вадаёме было ўжо шмат тых, хто прыехаў сюды адпачыць і акунуцца ў крыштальна празрыстую ваду Свіцязі.

Свіцязь2-2.jpg

У возеры было каля 40 чалавек. А ўсе астатнія “прымалі сонечныя ванны” на беразе. Гэта мала для Свіцязі, улічваючы, колькі тут народу бывае звычайна.

Магчыма, не ўсе яшчэ ведалі пра дазвол купацца, а магчыма — яшчэ не надыйшлі паўнацэнныя выходныя.

Свіцязь3-2.jpg

Свіцязь4-2.jpg

Свіцязь5-2.jpg

Але мне было гэта толькі на руку — удалося працяглы час паплаваць амаль у адзіноце на вялікім прамежку вадаёма. Побач было хіба толькі пару чалавек.

Прыкладна а 13:40 вада ў возеры яшчэ была адносна прахалоднай. Пакупаўшыся хвілін пяць, я адаптавалася і ўжо не адчувала холаду. А бліжэй да 15:00 вада сама па сабе крыху нагрэлася. Прынамсі, было такое адчуванне.

Крыштальна чыстая, празрыстая вада Свіцязі заўсёды прыцягвае да сябе і прымушае вяртацца сюды зноў і зноў, каб удосталь наплавацца і адчуць атмасферу лета.

Свіцязь6-2.jpg

Свіцязь7-2.jpg

Сапраўдная глыбіня тут пачынаецца даволі далека ад берага. Таму гэта яшчэ добры варыянт для тых, хто хоча прыехаць на возера з дзецьмі, баіцца глыбіні, або толькі вучыцца плаваць.

Да ўсяго, усе ўмовы для адпачынку тут створаны — абсталяваны пляж, пастаўлены кабінкі для пераапранання, дзейнічаюць ратавальныя службы.

Свіцязь — асноўныя і цікавыя факты

Возера знаходзіцца ў Навагрудскім раёне, за 22 кіламетры ад Навагрудка на поўдзень.

Назва мае балцка-яцвяжскае паходжанне і азначае "Блішчастае (возера)". Значэнне зразумелае, бо вада тут вельмі празрыстая — за кошт вялікай колькасці іонаў срэбра ў яе складзе.

Свіцязь8-2.jpg

Навукоўцы лічаць, што возера ўтварылася пасля правалу грунту ў падземныя пустоты. Яно мае амаль ідэальна круглую форму і акружана лесам.

Плошча возера складае  2,24 км², а максімальная глыбіня яго дасягае 15 метраў.

Даўжыня Свіцязі — 1,7 км, а найбольшая шырыня — 1,6 кіламетраў.

З возера выцякае рака Сваротва. Але няма рэк і ручаёў, якія б у яго ўпадалі.

Свіцязь9-2.jpg

У вадаёме растуць рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта лабелія Дортмана (Lobelia dortmanna) і палушнік азёрны (Isoëtes lacustris).

Таксама тут можна сустрэць каўлінію гнуткую (Caulinia flexilis) і прыбярэжнік аднакветкавы (Littorella uniflora).

Цікава, што на Свіцязі сустракаецца вельмі рэдкая раслінная форма Tetradinium javanicum. Яна расце яшчэ толькі на востраве Ява. А малюск Planorbis stelmachaelius, які абжыўся на Свіцязі, сустракаецца толькі ў азёрах Францыі, Германіі і Бельгіі.

свіцязь10-3.jpg

Сярод заапланктона Свіцязі ёсць мноства відаў, якія з’яўляюцца тыповымі для паўночных азёр. Напрыклад, сустракаюцца нават рэлікты эпохі “Вялікай зімы”.

У 1970 годзе Свіцязь і тэрыторыі вакол яго абвясцілі ландшафтным заказнікам “Свіцязянскі”.

Свіцязь11-2.jpg

Прыгажосць Свіцязі і раней прыцягвала людзей. Асабліва творцаў. Так, напрыклад, Адам Міцкевіч і Ян Чачот напісалі пра возера свае балады пад назвамі “Свіцязь” і “Свіцязянка”, заснаваныя на народных легендах.

Свіцязь12.jpg

Сёння на беразе возера знаходзіцца таксама санаторый “Свіцязь” і шматлікія зоны адпачынку.


Марына Валасар, фота аўтара