15 жніўня католікі адзначаюць урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень узгадваецца момант, калі Маці Божая была з душой і целам узятая на неба. У народзе яе таксама называюць “Маці Божай Зельнай”, або “Зельнай”, таму што вернікі прыносяць ў храмы для асвячэння зёлкі, кветкі, садавіну, гародніну і іншыя плады новага ўраджаю. Распавядаем пра ўрачыстасць больш падрабязна і прапаноўваем невялікі фотарэпартаж з касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах. 

zelna12.jpgШарль Лебрэн, Унебаўзяцце Багародзіцы, 1619-1690

Унебаўзяцце Дзевы Марыі

Лічыцца, што Марыя — маці Хрыста, пасля сваёй смерці была ўзятая на неба разам з целам. Таму дзень яе смерці называецца ў Касцёле Унебаўзяццем.

У той жа час, не засталося ніякіх гістарычных звестак, як доўга Божая Маці пражыла пасля Унебаўшэсця Хрыста. Нічога пра гэта не ўзгадваецца і ў Бібліі.

Урачыстасць Унебаўзяцця ўстанавілі на аснове Традыцыі Касцёла ад часоў апосталаў, апакрыфічных кніг, пастаяннай веры Царквы і адзінападобнага меркавання святых айцоў і настаўнікаў Царквы першага тысячагоддзя хрысціянства.zelna11.jpgДжотта, Пахаванне Марыі, 1310 г.

Згодна з паданнем, за тры дні перад смерцю Марыі з’явіўся арханёл Габрыэль і абвясціў ад яе сына Есуса Хрыста час, калі яна пяройдзе ў вечнасць. У дзень смерці Багародзіцы цудоўным чынам усе апосталы сабраліся ў Іерусаліме, хоць да гэтага былі рассеяныя па розных частках свету. Не было з імі толькі апостала Тамаша.

Марыя захацела, каб яе пахавалі ў Гетсіманіі, каля сваіх бацькоў і абручніка Юзафа. Сам Хрыстос прыйшоў па душу маці, разам з анёламі і святымі. А яе цела пасля смерці апосталы занеслі на плячах у грабніцу, спяваючы гімны.

zelna1.jpg

Тры дні яны не адыходзілі ад грабніцы. Потым прыйшоў апостал Тамаш і вельмі хацеў яшчэ раз зірнуць на Божую Маці. Калі ж спецыяльна для яго адчынілі магілу, цела Марыі там не было, а засталіся толькі пахавальныя рызы. Усе зразумелі, што яна ўваскрэсла і ўзятая на неба з целам і душой.

Калі пачалі святкаваць?

Урачыстасць пачалі адзначаць у Іерусаліме адразу пасля Эфесскага Сабора 431 года, на якім вызначылі догму аб Богамацярынстве Дзевы Марыі.

Унебаўзяцце1.jpg

zelna3.jpgПадчас урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ляхавічах, 15 жніўня, 2024 г.

Спачатку большую ўвагу скіроўвалі менавіта на прывілегіі Богамацярынства Марыі. Таму і дзень гэты называўся “Свята Марыі-Божай маці”. У Сірыі ў V ст. гэты дзень называлі “Памяць Благаслаўлёнай”.

У VI стагоддзі ўрачыстасць атрымала сваю сучасную назву — Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі.

zelna6.jpg

zelna7.jpg

Імператар Маўрыкій (582-602 гг.) распаўсюдзіў урачыстасць Унебаўзяцця на ўсю візантыйскую дзяржаву і загадаў, каб яе адзначалі 15 жніўня, таму што менавіта ў гэты дзень ён перамог персаў.

На Захадзе ўрачыстасць з’явілася пад уплывам Усходу некалькі пазней. У Рыме яе прынялі пры Папе Сергіі І (687-701), а ўжо з Рыму яна распаўсюдзілася ў іншыя еўрапейскія краіны.

zelna8.jpg

Таксама як і на Усходзе, на Захадзе розныя Цэрквы адзначалі яе ў розны час. Рым — 15 жніўня, Францыя — 18 студзеня, Іспанія — 18 снежня.

1 лістапада 1950 года Папа Пій XII абвясціў догму аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як католікі адзначаюць Унебаўзяцце?

Унебаўзяцце — гэта абавязковая ўрачыстасць у Каталіцкім Касцёле. Адна з галоўных на працягу года. Таму кожны вернік абавязаны ў гэты дзень удзельнічаць у святой Імшы. Няўдзел у Імшы без сур’езных прычын і перашкод лічыцца цяжкім грахом.

zelna5.jpg

zelna17.jpg

Па традыцыі вернікі таксама ў гэты дзень прыносяць у храмы зёлкі, кветкі і плады сёлетняга ўраджаю — садавіну, гародніну, зернавыя.

zelna16.jpg

zelna13.jpg

Звычайна ў Беларусі іх афармляюць у выглядзе букетаў, або прыносяць у кошыках. Святар праходзіць па касцёле і асвячае ўсё прынесенае святой вадой. 

zelna9.jpg

zelna14.jpg

zelna15.jpg

Марына Валасар, фота аўтара