Кожны год у гарадскі пасёлак Лагішын, што на Палессі, прыходзяць каталіцкія пешыя пілігрымкі з Баранавічаў і Бярозы. Паломнікі ідуць, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Лагішынскай. Smartpress.by далучыўся да Баранавіцкай пілігрымкі, каб паглядзець, як паломніцтва адбываецца знутры.
Пілігрымка Баранавічы — Лагішын
У гэтым годзе пілігрымка з Баранавічаў у Лагішын адбывалася з 6 па 9 жніўня. У ёй удзельнічалі католікі розных узростаў, але ў асноўным гэта была моладзь. У мяне таксама атрымалася далучыцца. Пачаць свой шлях я вырашыла з Мядзведзічаў, ад касцёла свв. Апосталаў Пятра і Паўла, які пілігрымы праходзяць у другі дзень.
Падарожжа распачалося з ранішняй цішыні каля касцёла ў Мядзведзічах і чакання пілігрымаў, якіх неўзабаве мы сустрэлі разам з пробашчам парафіі ў Мядзведзічах кс. Леанардам Акалатовічам. У касцёле ў Мядзведзічах для паломнікаў прайшла святая Імша. Затым, пасля невялікага адпачынку і пачастунку пілігрымы вырушылі ў шлях.
Пілігрымы спыняліся на начлегі ў в. Русінавічы, горадзе Ганцавічы, в. Бобрык, а таксама ў самім Лагішыне. Начавалі ў дамах мясцовых вернікаў і школах.
Акрамя гэтага, яны праходзілі шматлікія вёскі Заходняй Беларусі і Палесся, сярод якіх: Куршынавічы, Буды, Любашава, а таксама горад Ганцавічы, вёскі Хатынічы, Пласкінь, Бобрык і іншыя.
У Куршынавічах і Будах, напрыклад, пілігрымаў віталі з караваямі. Усё ў найлепшых беларускіх традыцыях, як кажуць.
Увогуле, на ўсім шляху людзі часта выходзілі са сваіх дамоў і віталі паломнікаў, частавалі яблыкамі, грушамі, бярозавым сокам, прасілі аб малітве, жадалі добрай дарогі…
За столькі гадоў (а пілігрымка адбываецца ўжо ў 28-мы раз — рэд.) яны ўжо прывыклі, што кожны жнівень дарогамі іх вёсак праходзяць каталіцкія паломніцтвы.
Колькасць удзельнікаў увесь час змянялася на працягу шляху. Пастаянна ішло ў сярэднім 60 чалавек, але бліжэй да завяршэння паломніцтва пілігрымаў значна дабавілася, і ўсяго ў Лагішын прыбыла 120.
За 4 дні шляху пілігрымы прайшлі больш за 100 км.
Пілігрымка — гэта цэлая сістэма
У пілігрымцы ўсё арганізавана так, каб паломнікі маглі прайсці гэты шлях з усімі неабходнымі ўмовамі. Гэта цэлая сістэма, у якой кожны адказвае за сваё. Так, напрыклад, ёсць тут медыцынская служба, якая заўсёды залечыць мазалі, перавяжа раны, прапануе пантэнол, або выратуе ад укусаў асы.
За спевы ў пілігрымцы адказвае асобная група паломнікаў, якую выбіраюць з тых, хто ўмее спяваць і граць на музычных інструментах.
Ёсць у паломніцтве і свая кухня. Саму ежу гатуюць вернікі з розных каталіцкіх парафій, а таксама супрацоўнікі Дома Міласэрнасці ў Лагішыне.
Што адбывалася ў пілігрымцы
Большасць часу ў пілігрымцы паломнікі ішлі і спявалі хрысціянскія спевы, праслаўляючы Бога, і просячы ў Яго праз заступніцтва Маці Божай неабходных ласкаў і дароў.
Таксама вялікую частку шляху займала малітва. Ёй, напрыклад, распачынаўся і завяршаўся кожны паломніцкі дзень. А на працягу самога дня абавязкова была малітва да Маці Божай Лагішынскай, Ружанец і Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Кожны дзень у пілігрымцы праходзілі таксама духоўныя канферэнцыі на розныя тэмы. Іх праводзілі святары, якія суправаджалі паломніцтва. У дарозе з пілігрымамі былі: ксёндз Андрэй Рылка (кіраўнік пілігрымкі), кс. Юрый Пракапюк, кс. Аляксандр Канановіч, айцец Леанард Адушкевіч, кс. Віталій Міснікевіч і кс. Вячаслаў Пялінак. Таксама можна было пачуць разгорнутыя адказы на самыя частыя пытанні, якія задавалі пілігрымы. На іх адказваў кс. Андрэй Рылка.
Быў час і на тое, каб проста прайсціся ў цішыні і разважанні, і, наадварот — паразмаўляць з бліжнім.
І, канешне ж, у пілігрымцы была споведзь і святая Імша.
Адным з самых яркіх і глыбокіх момантаў гэтай пілігрымкі быў Крыжовы шлях, падчас якога пілігрымы пранеслі вялікі крыж з бярозавых галінаў, як сімвал Мукі Хрыста. А пасля завяршэння Шляху ўсталявалі крыж каля дарогі, недалека ад Лагішына. Затым кожны мог асабіста падыйсці да крыжа і ўшанаваць яго.
Па традыцыі таксама менавіта тут, на месцы ўшанавання крыжа, пілігрымы дзякавалі адно аднаму за супольны шлях пілігрымкі, абдымаліся, або проста выказвалі свае пажаданні і добрыя словы бліжняму.
На апошнім прывале перад Лагішынам кс. Андрэй Рылка падзякаваў усім арганізатарам паломніцтва і пілігрымам за гэты шлях. А самым актыўным былі ўручаны невялікія падарункі.
Недалека ад Лагішына пілігрымы зрабілі таксама сумеснае фота на памяць.
У Лагішынскім Санктуарыі пілігрымаў прывітаў яго кусташ — Ксёндз Андрэй Шут. Святар акрапіў паломнікаў святой вадой і запрасіў памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Лагішынскай.
Затым, перад абразом Маці Божай, пілігрымы перадалі ёй усе тыя інтэнцыі, з якімі ішлі гэты шлях, і падчас якога паспелі стаць адной вялікай сям'ёй.
Вечарам 9 жніўня ў Санктуарыі Маці Божай Лагішынскай прайшла святая Імша для пілігрымаў, якую цэлебраваў найстарэйшы біскуп Беларусі Казімір Велікаселец разам з біскупам Антоні Дзям’нкам і шматлікімі святарамі.
Пасля Імшы праграма ўрачыстасцяў трывала ўсю ноч і скончылася толькі на наступны дзень, 10 жніўня, благаслаўленнем усіх прысутных на ўрачыстасцях.
Навошта ісці ў пілігрымку?
Матывацыя прайсці столькі кіламетраў да цудатворнага абраза маці Божай у Лагішыне можа быць рознай. Таму мы спыталіся ў некаторых пілігрымаў, чаму яны гэта робяць.
“Першы раз я пайшла ў пілігрымку ў 14 гадоў. Але тады мне больш хацелася пазнаёміцца з новымі людзьмі, падабалася атмасфера ў самой пілігрымцы, спевы. У гэтым годзе мне яшчэ самой давялося паспрабаваць паспяваць. Вельмі спадабалася — знайшла сябе”, — распавяла ўдзельніца пілігрымкі Марыя Свірэпа з Мядзведзічаў.
Дзяўчына дадала, што вялікую карысць ёй таксама прыносяць канферэнцыі, якія праводзяць святары, бо інфармацыю з іх яна можа прымяніць у сваім жыцці.
Дзіяне Рачкоўскай з Русінавічаў 21 год. Яна ішла ў пілігрымку ў 4 раз:
“Мне яна падабаецца, таму што тут праслаўляюць Бога і можна знайсці вельмі добрых сяброў. Калі я прыходжу ў Лагішын, менавіта ў самім касцёле мне становіцца спакойна, і я разумею, што я прыйшла да мамы. Некаторыя просьбы, якія я магу папрасіць, могуць споўніцца, канешне. Трэба дзякаваць. Проста так не будзе. І я хачу сказаць іншым, каб не баяліся ісці. Ногі хоць і баляць, але для мяне гэта не ўплывае на саму атмасферу паломніцтва, якую не перадаць словамі”.
Станіслаў Жагунь з Мядзведзіцкай парафіі — сапраўдны старажыл пілігрымкі. Яму 76 гадоў, з якіх апошнія 15 гадоў ён кожны год ходзіць у Лагішын:
“Гэта цяжка, нагрузка на ногі, на ўвесь арганізм, але гэтыя трое сутак ты — з Богам. Молімся і ідзём. Адпачываем, здаецца, і нагрузка гэтая не адчуваецца. Таму хочацца пабыць. Па-першае — сам кантынгент — уся моладзь. Пабудзеш з моладдзю, пагаворыш, пасмяешся, паспяваеш і сам маладзееш. Таму ў мяне цяга.
І дома мяне ніхто не адгаворвае, каб не ішоў. І планую да 80 гадоў дахадзіць. Цяжка ўжо, ногі адказваюць, але неяк вытрымліваю”, — распавядае Станіслаў.
І нават аперацыя на вочы ў мінулым годзе не спыніла яго, каб не пайсці ў пілігрымку. Як толькі тэрмін фізічнага абмежавання скончыўся, мужчына адправіўся ў шлях — прайшоў з пілігрымамі апошні дзень.
“Фізічна ты стамляешся, але адпачываеш душой”, — дадае ён.
Гісторыя абраза Маці Божай Лагішынскай
Цудатворны абраз Маці Божай у Лагішыне здаўна прыцягвае да сябе паломнікаў. Ён з’явіўся тут у 1706 годзе, падчас Паўночнай вайны. Пакінуўшы Гродна, кароль Швецыі Карл ХІІ разам з войскам ішоў на Пінск праз Пружаны, Бярозу і Хомск.
Адзін з вайсковых аддзелаў заехаў у Лагішын для адпачынку і папаўнення правіянту. Афіцэр аддзелу Галабурда вёз з сабой абраз і вырашыў затрымацца на пастой у сакратара Лагішына Малішэўскага. Загарнуўшы абраз Маці Божай у палатно, ён паставіў яго каля дзвярэй у сенях, а калі вайскоўцам загадалі зноў выступаць у паход, проста забыўся пра яго.
Абраз Маці Божай Лагішынскай
Малішэўскія перанеслі абраз у святыню, дзе неўзабаве ён праславіўся многімі цудамі.Так, напрыклад, лічыцца, што ён выратаваў драўляны касцёл ад пажару, у той час, як усе суседнія дамы згарэлі.
Некаторы час абраз Маці Божай Лагішынскай знаходзіўся ў праваслаўных, але потым зноў вярнуўся да каталікоў.
У 1939 годзе, пасля рэстаўрацыі, берасцейскі біскуп Казімір Букраба асабіста прывёз абраз назад у пасёлак і змясціў яго ў галоўным алтары новага касцёла.
Значна пазней, у 1990-х, абраз зноў аднавілі, дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка. 1 студзеня 1997 года яго зноў урачыста перадалі касцёлу свв. Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне, а 10 мая таго ж года ўрачыста каранавалі папскімі каронамі.
Марына Валасар, фота аўтара
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.