Штогод вёску Будслаў у Мядзельскім раёне наведваюць тысячы чалавек з усёй Беларусі і нават з-за мяжы. Усе яны ідуць да абраза Маці Божай Будслаўскай, які з’явіўся тут ў XVII стагоддзі і стаў цудатворным. Распавядаем, як так сталася.
Гісторыя Будслава і Нацыянальнага санктуарыя
Першыя згадкі пра Будслаў у архіўных крыніцах датуюцца 1504 годам, калі манахі бернардыны атрымалі у падарунак ад вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка 600 моргаў лесу (1 морг гэта, прыблізна, 0,56 га – Рэд.) побач з ракой Сэрвач. У той час мястэчка называлася Буда або Слаўная Буда.
Тады ж манахі збудавалі сабе для жылля часовыя шалашы, якіх называлі будамі, і маленькае памяшканне, у якім цэлебравалі святую Імшу і адпраўлялі розныя набажэнствы.
Бэрнардынаў сюды адправілі з Вільні. Яны павінны былі сплаўляць дрэва ў віленскі кляштар. Спачатку манахаў было двое, а да паловы ХVІ ст. стала чацвёра.
Элементы інтэр’еру касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе
Манахі вялі пустэльніцкі лад жыцця. Аднак, усё змянілася пасля таго, як у 1588 годзе ў Слаўнай Будзе адбылося першае аб’яўленне Маці Божай. Пасля яго сюды пачалі прыходзіць шматлікія пілігрымы і вандроўнікі. Было вырашана пабудаваць вялікую драўляную капліцу спецыяльна для людзей, якія прыбывалі ў гэтае месца.
Касцёл у Будславе на гравюры з кнігі Э. Зеляевіча "Задыяк на зямлі". 1650 г.
Святыню ўзвялі ў 1589 годзе, а ў 1591-м яе асвяціў віленскі біскуп Кіпрыян. У капліцы быў змешчаны абраз Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, які прывязлі з Вільні. Ад таго часу гэтае месца пачалі называць Будаю і Будславам.
Слава Будслава пашыралася сярод насельніцтва, і паломнікаў сюды станавілася ўсё больш. Таму бернардыны вырашылі будаваць мураваны касцёл.
Фундатарам святыні стаў гетман ВКЛ і ваявода полацкі Ян Кішка. Таксама фінансава далучыліся да будаўніцтва лоўчы Мікалай Ісайкоўскі і Фларыян Калецкі — гвардыян Віленскага кляштару бэрнардынаў.
28 жніўня 1633 года быў закладзены першы камень святыні, а праз амаль што 10 гадоў, 9 ліпеня 1643 года, яе асвяцілі. У 1750 годзе быў збудаваны таксама жылы корпус для манахаў.
Касцёл і кляштар бэрнардынаў у Будславе, малюнак Г. Ляйбовіча, змешчаны на яго знакамітай карце. 2-я палова XVIII ст.
З-за вялікай колькасці пілігрымаў касцёл вырашылі перабудаваць, і ў 1767 годзе пачалі ўзводзіць новую святыню ў стылі позняга барока, па праекце архітэктара К. Пэнса. Для гэтага выкарысталі муры бакавой капліцы са старога касцёла XVII стагоддзя.
У 1783 годзе новы касцёл асвяцілі ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У другой палове XVIII да храма дабудавалі разнастайныя касцёльныя памяшканні.
Што ж датычыцца самога Будслава, то ў кастрычніку 1732 года ён стаў мястэчкам. Такі статус паселішча атрымала ад вялікага князя Аўгуста Моцнага.
Як знакаміты сёння абраз трапіў у Будслаў
Абраз Маці Божай Будслаўскай быў напісаны невядомым аўтарам ў XVI стагоддзі. У 1598 годзе Папа Клімент VIII падарыў яго мінскаму ваяводу Яну Пацу, пасля таго, як той перайшоў у каталіцтва з кальвінізму.
Абраз ваявода вельмі шанаваў і заўсёды браў з сабою ў паходы. Пасля яго смерці (у 1610 годзе) святыня перайшла да капелана ваяводы – Ісака Салакая. Святар хутка стаў вікарыем (дапаможным ксяндзом у прыходзе – рэд.) у Даўгінава, што недалека ад Будслава.
Падчас чування перад абразом Маці Божай Будслаўскай, 6 ліпеня 2024 года
У 1613 годзе Ісак Салакай быў на набажэнствах Вялікага чацвярга і пятніцы ў Будзе і, вельмі ўзрушаны ад іх, а таксама ад просьбаў бэрнардынаў, перадаў абраз будслаўскаму касцёлу.
Святыню змясцілі ў драўлянай капліцы, і да яе адразу пачалі прыходзіць простыя людзі. Абраз стаў вядомым з-за шматлікіх цудаў і ласкаў, якія, як сцвярджаецца, атрымлівалі людзі пасля малітвы перад ім.
У 1635 годзе абраз Маці Божай Будслаўскай перанеслі ў галоўны алтар касцёла.
Аднаўленне культу Маці Божай Будслаўскай
У 1858 годзе кляштар бэрнардынаў у Будславе быў скасаваны, а ў касцёле пачалі служыць дыяцэзіяльныя святары (звычайныя ксяндзы, якія не належаць да якіх-небудзь манаскіх каталіцкіх ордэнаў – рэд.). Затым у 1939 годзе касцёл быў зачынены.
Будслаўскі фэст, пачатак ХХ ст., фота: budslau.by
Але ў савецкі час у святыні не размяшчалася ніякіх устаноў, як гэта рабілася са многімі іншымі касцёламі.
Пасля Другой Сусветнай вайны час ад часу ў Будслаў прыязджалі святары, каб тут служыць.
І толькі ў 1992 годзе ў мястэчку зноў пачало адраджацца паўнавартаснае духоўнае жыццё. У гэтым годзе адбылося першае афіцыйнае паломніцтва да цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, у якім прынялі ўдзел 45 пілігрымак з 70 мясцовасцяў.
Пілігрымы і госці фэсту ў Будславе, 2024 г.
Будслаўскі фэст. Падчас імшы для пілігрымаў, 2024 г.
Да гэтага, у 1990-1991 гг., будслаўскі абраз быў адрэстаўраваны.
У 1994 годзе Папа Рымскі Ян Павел ІІ надаў касцёлу ў Будславе тытул Базылікі Меншай (тытул прысвойваецца асаблівым каталіцкім храмам, як правіла, гэта касцёлы з асаблівым гістарычным значэннем або паломніцкія – рэд.).
Праз 2 гады ў Будслаў вярнуліся манахі-бэрнардыны, а 2 ліпеня 1998 года абраз Маці Божай Будслаўскай каранавалі папскімі каронамі.
Моладзь з Беларусі перадае ў дар Папу Яну Паўлу ІІ абраз Маці Божай Будслаўскай, 17 кастрычніка 1998 года, фота: budslau.by
Каранацыя была здзейснена падчас святой Імшы кардыналам Казімірам Свёнткам. У час казання кардынал абвясціў Маці Божую Будслаўскую Апякункай і Каралевай Беларусі, а касцёл у Будславе – Нацыянальным санктуарыем (месцам, дзе ўшаноўваюцца рэліквіі святых, цудатворныя абразы і інш., важным для ўсёй краіны – рэд.).
У 2016 годзе фэст у Будславе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, а ў 2018-м ЮНЕСКА ўключыла яго ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Тэкст: Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.