29 чэрвеня каталіцкія вернікі Беларусі і свету адзначаюць урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, якая лічыцца адной з галоўных на працягу года. Прапануем невялікі фотарэпартаж з касцёла ў вёсцы Мядзведзічы, які носіць імя гэтых святых.

Урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў дзень мучаніцкай смерці святых.
У касцёлах, якія названыя ў гонар гэтых апосталаў, праходзяць парафіяльныя фэсты. Гэта своеасаблівыя “святы касцёлаў”, на якія з’язджаюцца таксама вернікі і духавенства з іншых парафій (каталіцкіх прыходаў — рэд.), і акрамя святой Імшы часам праводзяцца таксама святочныя культурныя праграмы. За ўдзел у такой Імшы можна атрымаць адпуст — адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі.
Цэнтральным і галоўным пунктам святкавання ўрачыстасці ў Мядзведзічах стала святая Імша. Яе цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, а канцэлебравалі канцлер курыі Пінскай Дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка, пробашч парафіі ў Мядзведзічах кс. Леанард Акалатовіч, а таксама святары, якія нясуць служэнне ў Ляхавічах і Ганцавічах — кс. Станіслаў Маленькі SCJ, кс. Павел Мазан і кс. Ян Саламон.
Адзначыць парафіяльную ўрачыстасць разам з мясцовымі вернікамі і іх роднымі прыехалі католікі з Ляхавічаў і Баранавічаў.
Падчас урачыстасці вернікі таксама павіншавлі з 60-ці гадовым юбілеем пробашча парафіі св. Апосталаў Пятра і Паўла — кс. Леанарда Акалатовіча, а таксама з імянінамі кс. Паўла Мазана.

А біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прэзентаваў вернікам брашуру-даведку пра былога шматгадовага пробашча Мядзведзіцкай парафіі ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага.

Напрыканцы набажэнства католікі праспявалі гімн падзякі “Хвала на вышынях Богу”. Таксама адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту (Святых дароў) і благаслаўленне.
Кім былі апосталы Пётр і Павел
Ад нараджэння Пётр меў імя Сымон і быў родам з галілейскага горада Бэтсаіда, але жыў у Капэрнауме. Меў жонку і быў рыбаком. Разам са сваім братам Андрэем лавіў рыбу на Генісарэцкім возеры. Хрыстос убачыў Сымона падчас лоўлі рыбы і паклікаў стаць сваім вучнем. Сымон пагадзіўся і стаў першым сярод усіх апосталаў, атрымаўшы ад Ісуса новае імя - Пётр, што ў перакладзе з габрэйскай азначае “скала”.

Побач з Цэзарэяй Філіпавай (горад у Палесціне — рэд.) ён першы раз назваў Ісуса Сынам Божым, і Хрыстос паабяцаў Пятру, што на ім, як на скале будзе пабудаваны Касцёл.
Рэмбранд Хармест ван Рэйн, “Апостал Пётр”, 1632
У ноч перад тым, як Хрыста ўкрыжавалі, Пётр тры разы ад Яго адрокся, але, нягледзячы на гэта, Ісус пасля свайго ўваскрасення з’явіўся Пятру і даручыў яму “пасвіць сваіх авечак”. Тады Збаўца прадказаў, што апостал памрэ мучаніцкай смерцю. Гэтае прадказанне збылося ў Рыме 29 чэрвеня 64 або 67 года. Пятра ўкрыжавалі ўніз галавой, таму што ён не лічыў сябе вартым паміраць такім жа спосабам, як і Хрыстос.
Павел да таго, як стаў апосталам, меў імя Саўл. Быў родам з горада Тарсу (Турцыя) з фарысейскай сям’і. Ад нараджэння ў яго было грамадзянства Рыма, таму, магчыма, імя Павел у яго было таксама ад пачатку жыцця.
У 19 гадоў Павел прыехаў у Ерузалем на вучобу ў рабіністычную школу да знакамітага настаўніка Гамаліэля. На той час Саул быў ворагам хрысціянаў, таму што лічыў, што яны адступнікі ад веры Маісея. І пераследаваў іх. Але ўсё змянілася пасля таго, як ён ехаў у Дамаск, каб знішчыць там хрысціянаў.

На гэтым шляху ён пачуў невядомы голас: “Саўл! Саўл! Што ты гоніш мяне?” Як аказалася, гэта быў голас Хрыста. Пасля здарэння ён аслеп на 3 дні, затым быў аздароўлены ў Дамаску хрысціянінам Ананіяй, і ахрысціўся.
У Дамаску ён пачаў сваё апостальскае служэнне. Праз некаторы час на Кіпры Саўл навярнуў да Хрыста праконсула Сергій Паўла. Менавіта падчас гэтага здарэння ён стаў называцца Паўлам.

Апостал Павел здзейсніў 3 місійныя падарожжы, падчас якіх абвяшчаў Евангелле сярод язычнікаў і стварыў хрысціянскія супольнасці ў Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і іншых краінах. Яго называюць “апосталам язычнікаў”. Загінуў ён мучаніцкай смерцю, як і апостал Пётр, 29 чэрвеня, але дакладны год смерці дагэтуль невядомы.
Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц