Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку знаходзіцца на месцы былога Навагрудскага гета, адкуль у верасні 1943 года здзейснілі ўцёкі 250 яўрэяў. Для гэтага яны спецыяльна выкапалі падземны тунэль. Падобныя аперацыі былі і ў іншых краінах, але навагрудская лічыцца самай масавай і паспяховай у Еўропе. Узгадваем гэтую гісторыю і распавядаем, што можна пабачыць у музеі.
Гісторыя ўцёкаў з Навагрудскага гета
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Навагрудскім раёне пражывала больш за 6 тысяч яўрэяў, а ў канцы засталося толькі некалькі дзясяткаў. Амаль усіх знішчылі фашысты падчас карных аперацый. Здзяйснялі як асобныя забойствы, так і масавыя расстрэлы.
Будынак былога Ваяводскага суда ў Навагрудку, на тэрыторыі якога размяшчалася яўрэйскае гета па вул. Мінскай
Акупанты правялі на Навагрудчыне 4 акцыі знішчэння, апошняя з якіх адбылася 7 мая 1943 года. Пасля яе жывымі засталіся толькі каля 500 вязняў Навагрудскага гета, якое размяшчалася на тэрыторыі былога Ваяводскага суда па вуліцы Мінскай. Гэта былі спецыялісты-прафесіяналы з розных галін, якіх фашысты пакінулі ў працоўным лагеры.
Галоўная экспазіцыя музея знаходзіцца ў былым бараку Навагрудскага гета.
Пасля апошняй карнай аперацыі вязні зразумелі, што жывымі адсюль не выйдуць, і трэба бегчы. Яны вырашылі зрабіць падземны ход даўжынёй 250 метраў і ўцякаць праз яго ў партызанскі яўрэйскі атрад Бельскіх.
З усіх вязняў было абрана 50 чалавек нізкага росту, якім даручылі капаць тунэль. Усе астатнія дапамагалі выносіць глебу і шукалі для працоўнай групы дадатковую ежу.
Капалі ноччу па два чалавекі, вахтавым метадам. Уваход у тунэль размяшчаўся пад нарамі, каб яго не знайшла ахова. Для прарыцця выкарыстоўвалі ўсё, што траплялася пад руку – лыжкі, відэльцы і іншыя прадметы.
У такой калясцы вязні вывозілі зямлю з тунэлю. Рэканструкцыя
Зямлю выносілі пад нары, потым сыпалі паміж сценамі барака, на гарышчы і ўсюды, дзе толькі магчыма. Выносілі нават у кішэнях. Пазней змайстравалі невялікую драўляную каляску, і вывозілі зямлю на ёй.
У падземным ходзе зрабілі спецыяльныя адтуліны для паветра, усталявалі падпоркі супраць абвалаў зямлі і нават правялі электрычнасць. Тунэль знаходзіўся на глыбіні 1,5 метра.
Металічныя прадметы, знойдзеныя на месцы былога бараку ў Навагрудскім гета
У бараках была антысанітарыя, таму ахова грэбавала туды заходзіць. Гэта дапамагло захаваць аперацыю ў таямніцы.
Тунэль, памерамі 70 на 70 см, капалі 4 месяцы, і ў сярэдзіне верасня 1943 года ён быў гатовы.
Уцёкі запланавалі на 26 верасня. Вязням дапамагло тое, што ў гэты дзень вечарам пачалася навальніца, якая стварала дадатковыя шумы і маскіравала іх дзеянні ад аховы. За некаторы час да аперацыі мясцовы электрык-яўрэй перыядычна адключаў і зноў уключаў святло каля аховы лагера, каб паліцаі прывыклі да перабояў. Перад уцёкамі святло зноў адключылі.
Не ўсе пагадзіліся бегчы праз тунэль. Некаторыя пабаяліся і засталіся хавацца на гарышчы ў лагеры. Два тыдні яны былі там і чакалі, пакуль фашысты пакінуць лагер. І ў выніку таксама збеглі.
Уцёкі выкрылі яшчэ тады, калі палова вязняў была ў тунэлі. Ахоўнікі зайшлі ў барак, бо там пачаўся пажар ад керасінавай лямпы, і ўбачылі, што вязні збеглі. Яны адкрылі агонь па тунэлі ў бок галасоў і забілі частку ўцекачоў. Таксама некаторых застрэлілі на выхадзе. Але больш за 100 з іх выжылі і дабраліся да партызанаў.
Усяго праз тунэль уцякалі 250 чалавек. Сёння ўдалося ўстанавіць імёны 228-мі.
Партызанскі атрад братоў Бельскіх
Галоўнай прычынай поспеху ўцёкаў называюць тое, што ў ваколіцах Навагрудка быў яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх, у які прымалі ўсіх – нават жанчын, старых і хворых. Яўрэям было КУДЫ збягаць.
Гэтая гісторыя зацікавіла кінематаграфістаў, і пра яе знялі фільм у Галівудзе. Стужка пад назвай “Выклік” выйшла ў 2008 годзе. Асноўны сюжэт распавядае пра партызанскі атрад Бельскіх, але пра ўцёкі яўрэяў там таксама ёсць.
А восенню 2023 года ўжо ў Беларусі прэзентавалі мастацка-дакументальны фільм па матывах уцёкаў. Ён называецца “200 крокаў пад зямлёй”.
Кадр з фільма “Выклік”, 2008 год
Як узнік музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку?
Ініцыятарам стварэння стаў брытанец Джэк (Ідаль) Каган, які таксама ўцякаў праз тунэль. На той час яму было 14 гадоў.
Пасля вайны Ідаль пасяліўся ў Лондане, узяў сабе імя Джэк і нават стаў міліянерам. Але ўвесь гэты час ён памятаў пра Навагрудскае гета, сваіх маці і сястру, якіх тут расстралялі немцы, і пра тунэль. Спачатку ён проста хацеў паставіць помнікі родным, але потым узнікла ідэя музея.
Упершыню Джэк Каган наведаў Навагрудак у 1992 годзе і праз знаёмага пацікавіўся ў дырэктара мясцовага краязнаўчага музея Тамары Вяршыцкай, ці ёсць нейкая інфармацыя пра яўрэяў. Калі атрымаў адмоўны адказ, прапанаваў стварыць экспазіцыю.
Жанчына была здзіўленая, таму што раней нічога не чула пра гэтую гісторыю. І згадзілася дапамагчы.
Тамара Вяршыцкая, куратар Музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку
Гісторыю яўрэйскага супраціўлення аднаўлялі 15 гадоў, крок за крокам. Пазней да працы далучыліся былыя вязні і іх родныя.
Джэк Каган у Навагрудку
Музей быў адкрыты 24 ліпеня 2007 года. На адкрыцці, акрамя стваральнікаў музея, прысутнічалі шматлікія госці і былыя вязні Навагрудскага гета.
Лея Кушнер (у карычневым) на адкрыцці музея ў 2007 годзе
5 разоў у Навагрудак прыязджаў амерыканскі бізнесмен Чарльз Кушнер – сын Раі Кушнер. Рая разам з сястрой Леяй былі аднымі з тых, хто выратаваўся з гета. Дарэчы, сын Чарльза, Джарэд Кушнер, прыходзіцца зяцем былому прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.
2016 год, Чарльз Кушнер разам са сваімі ўнукамі ў Музеі яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку, з правага боку - Марына Ярашук, былы дырэктар Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея
Чарльз Кушнер склаў ахвяраванні на музей, а ў 2017 годзе прафінансаваў будаўніцтва Сцяны памяці, якую адкрылі ў 2019-м.
Баракі, падземны ход і Сцяна памяці — чым яшчэ адметны музей?
Асноўная экспазіцыя размяшчаецца ў былых бараках і складаецца з трох пакояў. У першым можна прачытаць інфармацыю пра арганізатараў і ўдзельнікаў будаўніцтва тунэля, усіх вязняў, якія выжылі падчас уцёкаў, а таксама ўдзельнікаў партызанскага атрада братоў Бельскіх. Тут жа размяшчаюцца фотаздымкі некаторых уцекачоў і партызанаў атрада Бельскіх.
Частка экспазіцыі прысвечана і мясцовым жыхарам, якія дапамагалі яўрэям у часы Халакосту, а таксама ўзаемаадносінам паміж яўрэйскім партызанскім атрадам і іншымі партызанскімі фарміраваннямі.
Тут жа знаходзіцца макет Навагрудскага гета і прадметы, якімі яўрэі капалі падземны ход.
Пры ўваходзе ў музей злева размешчана рэканструкцыя ўваходу у падземны ход.
Уваход у выратавальны тунэль. Рэканструкцыя
Іншыя два невялікія пакоі – рэканструкцыя таго, як выглядалі баракі. Тут мы можам убачыць трохпавярховыя нары, прыклады адзення яўрэяў, “керасінавыя” лямпы і невялікія сталы.
На вуліцы, перад музеем, знаходзіцца помнік Міхле Сасноўскай – 12-ці гадовай яўрэйскай дзяўчынцы, якой яшчэ да прарыцця тунэлю ўдалося збегчы з гета, але яе выдалі карнікам мясцовыя жыхары. У выніку падлетка расстралялі. Помнік усталяваны 26 верасня 2017 года і названы “Жаданню жыць”.
Помнік Міхле Сасноўскай у Навагрудку
Каля помніка пачынаецца сімвалічная дарожка, якая паказвае, дзе праходзіў падземны тунэль. Яна вядзе да інфармацыйнай агароджы з успамінамі арганізатараў і ўдзельнікаў уцёкаў.
Шлях, па якім ішоў тунэль у Навагрудскім гета.
Інфармацыйная агароджа ў навагрудскім Музеі яўрэйскага супраціўлення
Побач знаходзяцца рэканструкцыя выхаду з тунэлю, Сцяна памяці і Сад справядлівасці і міласэрнасці.
Сцяна памяці ў Навагрудскім гета, адкрытая ў 2019 годзе
Прамавугольныя праёмы ў Сцяне памяці, праз якія можна ўбачыць дрэвы, дамы і іншыя элементы жыцця, абазначаюць вязняў, якім удалося выжыць; замураваныя адтуліны сімвалізуюць загінулых, а проста прозвішчы на сцяне – тых, хто прапаў без вестак .
На вуліцы, на тэрыторыі музея захаваўся таксама будынак былога Ваяводскага суда, майстэрні, дзе вязні працавалі, і будынак аховы лагера.
Будынак ахоўнікаў гета
Музей штогод наведвае больш за 7 тысяч чалавек з розных краінаў свету.
Адрас музея:
Навагрудак, вул. Мінская, углыб двара, паміж дамамі 64 і 66.
Рэжым працы: з 12:00 да 16:00
Панядзелак – выходны
Кошт уваходу без экскурсіі: 3 руб. – дарослыя; 2,5 руб. – студэнты; 2 руб. – школьнікі
Дзецям дашкольнага ўзросту – бясплатна
Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.