7 чэрвеня каталіцкія вернікі адзначаюць урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. У гэты дзень асабліва ўшаноўваецца Сэрца Хрыста. Святкуецца яна звычайна ў пятніцу, на восьмы дзень пасля Божага Цела і на 12-ы пасля Тройцы.
Ініцыятарам устанаўлення ўрачыстасці стаў сам Хрыстос. У XVII стагоддзі Ён некалькі разоў з’яўляўся французскай манахіні Маргарыце Марыі Алякок і прасіў, каб Яго Сэрца ўшаноўвалі ва ўсім свеце.
У манахіні было некалькі містычных аб’яўленняў: яна бачыла Сэрца Хрыста на вогненным троне, абвітае цярновым вянком і са знакам крыжа.
Таксама яна бачыла Езуса, які паказваў на свой прабіты бок і казаў, што людзі праяўляюць няўдзячнасць за Яго пралітую кроў на крыжы. Хрыстос загадаў законніцы прымаць Камунію (Святое Прычасце) кожную першую пятніцу месяца, а ноччу з чацвярга на пятніцу маліцца, упаўшы тварам уніз, перад Святымі Дарамі.
У адным з наступных аб’яўленняў, 16 чэрвеня 1675 года, Езус і загадаў, каб на восьмы дзень пасля Божага Цела праслаўлялася Яго Сэрца, а для гэтага было ўстаноўлена асобнае свята.
Такія дзеянні павінны былі стаць ахвярай уміласціўлення за тых людзей, якія праяўляюць няўдзячнасць і адмаўляюць любоў Хрыста. Асабліва Ён дакараў духавенства, якое часта вяло лад жыцця, няварты свайго статусу.
Паступова пасланне, якое Хрыстос перадаў манахіні, стала распаўсюджвацца па ўсім Каталіцкім Касцёле. З’яўляліся манаскія ордэны, супольнасць у гонар Сэрца Езуса. Так пачалі называць парафіі (прыходы — рэд.), касцёлы, бальніцы... Аднак яшчэ сто гадоў свята афіцыйна не абвяшчалася.
І толькі ў 1765 годзе яно было ўстаноўлена на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, а ў 1856 годзе ўрачыстасць стала абавязковай для ўсяго Каталіцкага Касцёла. Увёў яе папа Пій ІХ.
Зараз у Каталіцкім Касцёле Сэрцу Езуса прысвечаны не толькі асобны дзень, але таксама кожная пятніца і ўвесь месяц чэрвень.
Марына Валасар