У Ляхавічах няшмат гістарычных помнікаў, але багатая гісторыя. Гэты горад у XVII стагоддзі фактычна спыніў ваенную агрэсію Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Тут размяшчалася знакамітая фартэцыя, а таксама знайшлі спачын прадстаўнікі шляхецкага роду Рэйтанаў. Распавядаем, на чым засяродзіць сваю ўвагу ў гэтым горадзе.
Помнік у гонар Ляхавіцкай фартэцыі ў цэнтры горада
Крыху гісторыі
Гэты ўтульны невялікі горад вядомы яшчэ з XV стагоддзя. Першая згадка пра яго датуецца 1492 годам. Тады паселішча было цэнтрам воласці (маёнтку). Ім у розныя часы валодалі: Гаштольды, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст, Хадкевічы, Сапегі, Масальскія. З 1775 года Ляхавічы лічыліся дзяржаўнай маёмасцю, а пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай сталі часткай Расійскай імперыі.
Вул. Пінская ў Ляхавічах, паміж 1901-1939 гг.
Паводле самай папулярнай версіі, назва Ляхавічы ўзнікла ад слова "лях" – так раней называлі палякаў. Мяркуецца, што першымі жыхарамі паселішча былі менавіта палякі. Таксама ёсць версія, што назва ўзнікла ад аднаго з прозвішчаў: Лях, Ляхаў, Ляховіч. Верагодна, чалавек з такім прозвішчам быў адным з першых уладальнікаў паселішча.
Ляхавіцкая фартэцыя – адна з наймацнейшых у ВКЛ
Распачаць знаёмства з горадам можна з невялікага помніка на беразе ракі Ведзьма, што працякае ў цэнтры Ляхавічаў. Помнік стаіць за 100 метраў ад месца, дзе раней быў велічэзны бастыённы замак – Ляхавіцкая фартэцыя. Крэпасць лічылася адной з наймацнейшых у ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Прайшоўшы крыху далей, у бок сённяшняга аўтавакзала, можна ўбачыць тое месца, дзе раней і знаходзіўся гэты помнік архітэктуры. Зараз тут прыватны сектар з некалькімі вуліцамі.
Вул. Замкавая ў Ляхавічах, дзе раней пачыналіся сцены фартэцыі
Збудавалі замак напрыканцы XVI ст. па загадзе Яна Караля Хадкевіча, замест невялікага драўлянага. Фартэцыя ў стылі рэнесанс мела прамавугольную форму і памеры 175 на 200 метраў. Яна размяшчалася на левым беразе ракі Ведзьма і была акружана вадзяным ірвом.
Ляхавіцкі замак. Рэканструкцыя паводле гравюры XVII ст. мастака С. Чарановіча
Замак складаўся з чатырох бастыёнаў, якія злучаліся валамі-курцінамі. Заехаць у фартэцыю можна было праз чатырох’ярусную вежу-браму. Да яе вёў драўляны мост на палях. Ва ўнутраным двары замка, насупраць вежы, стаяў двухпавярховы палац у форме літары П. А ўздоўж курцінаў размяшчаліся будынкі з дрэва для службаў і казармаў. Таксама з левага боку ад брамы быў мураваны арсенал.
Ляхавіцкі замак, фрагмент гравюры XVII ст.
Падчас шматлікіх ваенных дзеянняў канца XVI-XVII стагоддзяў замак некалькі разоў штурмавалі казацкія загоны, а таксама маскоўскія войскі. Але ўвесь час беспаспяхова. І толькі ў перыяд Вялікай Паўночнай вайны, ў 1706 г., шведы зруйнавалі фартэцыю. Потым два разы замак бралі ў аблогу войскі караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага.
Абраз, які ўратаваў замак
Многія, асабліва вернікі, лічаць, што ў 1660 годзе фартэцыю збярог абраз Маці Божай Бялыніцкай, які выпадкова прывезлі ў горад манахі-кармеліты. Спачатку ён знаходзіўся ў Бялынічах, але з-за ваеннай небяспекі падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. быў вывезены з мястэчка.
Абраз Маці Божай Бялыніцкай, копія са Снова, XVII ст.
Законнікі хацелі схаваць святыню ў Кракаве і ехалі туды праз Ляхавічы. І тут здарылася дзіўнае: коні спыніліся каля Ляхавіцкай фартэцыі і не захацелі ісці далей. Кармеліты доўга спрабавалі прымусіць жывёл рухацца, але безвынікова. Яны зразумелі, што Божая воля ў тым, каб абраз застаўся ў замку, і пакінулі яго ў крэпасці.
23 сакавіка 1660 года маскоўскія войскі на чале з ваяводам Іванам Хаванскім пачалі штурмаваць фартэцыю. Камандзірам крэпасці на той момант быў Мікалай Юдзіцкі.
Помнік у гонар Ляхавіцкай фартэцыі ў цэнтры горада
Амаль тры месяцы працягвалася аблога. За гэты час вораг тройчы спрабаваў захапіць замак, але гэта не атрымлівалася. Падчас чацвёртай спробы жыхары і абаронцы крэпасці сталі на калені перад абразом Маці Божай Бялыніцкай і пачалі прасіць дапамогі ў Багародзіцы.
Аблога Ляхавіцкага замка ў 1660 г., гравюра XVII ст.
У хуткім часе маскоўскія войскі страцілі значную частку сваіх жаўнераў і адступілі.
Абраз прабыў у Ляхавічах да 1760 года, пасля чаго яго вярнулі ў Бялынічы ў наноў пабудаваны касцёл.
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, замак быў прададзены гандлярам, якія паразбіралі яго абмуроўку і пабудовы. У выніку – да нашага часу амаль нічога ад яго не засталося.
Зараз на месцы фартэцыі размешчаны прыватныя дамы і падворкі, на тэрыторыі якіх, дарэчы, жыхары час ад часу знаходзяць цікавыя артэфакты.
Завулак Замкавы ў Ляхавічах, які знаходзіцца на месцы Ляхавіцкай фартэцыі
Рэшткі муроў Ляхавіцкага замка, знойдзеныя мясцовымі жыхарамі пры сваіх сядзібах
Так, напрыклад, мясцовы жыхар Генадзь, распавёў, што падчас гаспадарчых прац на сваім участку ён знайшоў старадаўнюю плітку, а таксама цэглу ручной работы. Таксама мужчына перыядычна знаходзіў розныя старадаўнія прадметы, сярод якіх была нават рыцарская шпора.
Жыхар завулка Замкавага Генадзь паказвае на месца, дзе быў раней роў фартэцыі
За альхой у цэнтры фота размяшчаўся замкавы роў, які акружаў фартэцыю
А адзін са старых прыватных дамоў знаходзіцца над падвальнымі памяшканнямі замкавага комплексу, якія да гэтага часу даволі добра захаваліся. Гаспадары дома выкарыстоўваюць іх для захавання прадуктаў і іншых рэчаў.
У 1986 годзе на замчышчы праводзіў даследаванні археолаг Міхась Чарняўскі. Аднак глабальныя археалагічныя раскопкі так і не праводзіліся.
З-за таго, што помнік Ляхавіцкай фартэцыі сёння знаходзіцца не на самім месцы замка, многія турысты і мясцовыя жыхары, не ведаюць яго сапраўднага размяшчэння. Што, безумоўна, трэба выпраўляць.
Касцёл святога Юзафа
Яшчэ адзін цікавы помнік архітэктуры ў Ляхавічах – гэта касцёл св. Юзафа, які пабудавалі ў неагатычным стылі ў 1907 годзе па фундацыі Юзафа Рэйтана, прадстаўніка знакамітага роду Рэйтанаў, які пасяліўся недалёка ад Ляхавічаў у Грушаўцы.
Касцёл св. Юзафа ў Ляхавічах, 1914 г.
У другой палове ХХ стагоддзя касцёл рэканструявалі і прыстасавалі пад паліклініку. Менавіта тады святыня страціла многія архітэктурныя элементы. Напрыклад, высокую званіцу на фасадным баку будынка.
Праз больш чым паўстагоддзя, у верасні 2019 года, касцёл зноў стаў выкарыстоўвацца па прызначэнні. Зараз храм функцыянуе і дае магчымасць маліцца шматлікім вернікам горада.
Капліцы на могілках
На новых могілках у Ляхавічах, якія былі заснаваны прыкладна ў 1796 годзе, знаходзяцца пахаванні прадстаўнікоў знакамітых родаў, якія калісьці пражывалі на гэтых землях. Сярод іх – Рэйтаны: тры браты Тадэвуша Рэйтана, яго пляменнікі і стрыечныя ўнукі. Надмагіллі большасці, на жаль, не захаваліся, але застаўся металічны помнік Дамініку Рэйтану – дзеду апошняга прадстаўніка роду Юзафа.
Таксама тут можна ўбачыць капліцу-пахавальню Леаніды Солтанавай з Вузлоўскіх.
Капліца-пахавальня Леаніды Солтанавай з Вузлоўскіх на могілках у Ляхавічах
На могілках захавалася таксама гранітнае надмагілле маці Юзафа Рэйтана з роду Несялоўскіх. Яго знайшлі валанцёры арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана падчас аднаго з суботнікаў.
Надмагілле маці Юзафа Рэйтана. Зараз размешчана каля адной з каплічак, фота: reyten.blogspot.com
Руіны капліцы, на якой раней быў усталяваны металічны помнік Дамініку Рэйтану.
Што яшчэ паглядзець у Ляхавічах і ваколіцах
У цэнтры горада ёсць каля тузіна дамоў канца ХІХ – першай паловы ХХ ст.
Таксама можаце зазірнуць у адносна новы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, які быў узведзены на пачатку 1990-х.
Калі адпраўляецеся ў падарожжа на сваім транспарце, раім таксама наведаць:
- Сядзібу роду Рэйтанаў у Грушаўцы, што ў некалькіх кіламетрах ад Ляхавічаў. Пра яе мы ўжо пісалі ў мінулым годзе;
- вёску Мядзведзічы, дзе захаваўся цудоўны касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла, а таксама старадаўні арган віленскага майстра Пятра Вайцяховіча.
- сядзібу роду Навіцкіх у Савейках, дзе акрамя сядзібных пабудоў захаваўся ўнікальны парк.
Як даехаць да Ляхавічаў з Мінска:
- Цягнікамі або на маршрутцы/аўтобусе да Баранавічаў – кошты ад 5,18 руб., затым дызелем або аўтобусам да Ляхавічаў – кошты ад 0,79 руб.
- На ўласным транспарце. Выезд з Мінску з боку м. Малінаўка, затым па дарозе Р1 і Е30 да паварота каля в. Скарчава, потым па трасах Е30 і Р4 да Ляхавічаў.
Аўтар: Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.