Сёння ў многіх населеных пунктах краіны прайшлі каталіцкія працэсіі Божага Цела, прымеркаваныя да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Як праходзіла гэтае прыгожае набажэнства ў Ляхавічах, глядзіце ў нашым фотарэпартажы.

Працэсія Божага Цела была прымеркавана да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначалася сёлета 30 мая. У некаторых касцёлах працэсіі праводзіліся адразу ў дзень урачыстасці, а ў іншых, як у Ляхавічах, — у бліжэйшую нядзелю пасля яе.

Традыцыйна, спачатку адбылася святая Імша, на якую сабраліся вернікі і духавенства з абодвух парафій горада. Цэлебраваў Імшу кс. Аляксандр Фядотаў SCJ, а канцэлебравалі кс. Павел Мазан і кс. Станіслаў Маленькі SCJ. Набажэнства праходзіла ў касцёле св. Юзафа.

Затым пачалася працэсія - Святыя Дары пранеслі вуліцамі Ляхавічаў.




У горадзе былі ўсталяваны 4 алтары, каля якіх чыталіся ўрыўкі са Святога Пісання, прысвечаныя Эўхарыстыі. Колькасць алтароў звязаная з чатырма евангелістамі — Мацвеем, Маркам, Лукой і Янам, якія па-свойму пісалі пра Эўхарыстыю ў Новым Запавеце. Таксама гэтая лічба абазначае чатыры бакі свету.

Ля кожнага з алтароў святары таксама благаслаўлялі ўсіх Найсвяцейшым Сакрамэнтам.


Урачыстасць Божага Цела з’явілася ў ХІІІ стагоддзі ў Бельгіі, пасля містычных аб’яўленняў манахіні Юліяне — настаяцельніцы кляштара сясцёр аўгустынак. Яна неаднаразова бачыла месячны дыск з чорнай плямай.



Пасля гэтых бачанняў мясцовы біскуп Робэрт у 1246 годзе ўстанавіў свята Божага Цела для дыяцэзіі ў Льежы. У гэтым жа годзе адбылася першая Эўхарыстычная працэсія.

Мэта ўрачыстасці Божага Цела — гэта падкрэсліванне любові і пашаны вернікаў да Эўхарыстыі (святой Імшы, Цела і Крыві Хрыста пад відам хлеба і віна).





Марына Валасар, фота аўтара