18 мая ў Іванаве адбылася ўрачыстая святая Імша ў гонар галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі святога Андрэя Баболі. У гэты ж дзень вернікі і духавенства віншавалі з юбілеямі святарскага і біскупскага пасвячэння найстарэйшага каталіцкага біскупа Беларусі Казіміра Велікасельца.
Біскуп Казімір Велікаселец
Біскупу Казіміру Велікасельцу споўнілася 79 гадоў. У гэтым годзе ён адзначае 40-гадовы юбілей святарства і 25-годдзе са дня пасвячэння ў біскупы. Прэзбітэрскае пасвячэнне іерарх атрымаў 3 чэрвеня 1984 года, а 6 мая 1999 Папа Рымскі Ян Павел ІІ прызначыў яго дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. У тым жа годзе ён атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук кардынала Казіміра Свёнтка.
Таксама ў студзені-кастрычніку 2021 года біскуп Казімір Велікаселец служыў у якасці апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У набажэнствах ўдзельнічалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, на чале з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, а таксама Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Было шмат духавенства і каталіцкіх вернікаў з розных парафій, у якіх калісьці служыў юбіляр.
Спачатку католікі з малітвамі і спевамі прайшліся ў працэсіі ад месца мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі да касцёла Узвышэння Святога Крыжа, які зараз лічыцца санктуарыем у гонар мучаніка.
Касцёл Узвышэння святога Крыжа ў Іванаве
Затым адбылася ўрачыстая святая Імша, напрыканцы якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі павіншаваў Казіміра Велікасельца з юбілеямі.
Пасля сканчэння літургіі вернікі, па традыцыі, ушанавалі рэліквіі святога Андрэя Баболі.
У гэты ж час перад касцёлам усе ахвотныя маглі таксама павіншаваць біскупа Казіміра з юбілеямі.