Ці ведалі вы, што ў Пінску некалі меў сваю рэзідэнцыю каталіцкі ордэн камуністаў, а ў адным з храмаў горада вянчаўся са сваёй жонкай Якуб Колас? А яшчэ Пінск – рэзідэнцыя Боны Сфорцы і першага беларускага кардынала. Што паглядзець у горадзе тым, хто любіць вандроўкі па Беларусі і хоча больш даведацца пра гісторыю нашай краіны?
У Пінску 44 гістарычных помніка! Па гэтым паказчыку ў Беларусі горад саступае толькі Гродна. З самымі галоўнымі з іх пазнаёмімся ў гэтым артыкуле, а пакуль узгадаем гісторыю горада над Пінай.
Пінск – ад Тураўскага княства да нашых часоў
Паводле адной з версій назва горада ўтварылася ад ракі Піна. Першыя згадкі пра Пінск сустракаюцца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1097 годам. Але ёсць версіі, што паселішча ўзнікла значна раней.
Да ХІІ стагоддзя Пінск быў часткай Тураўскага княства і ўваходзіў у склад Кіеўскай Русі. Потым стаў сталіцай Пінскага ўдзельнага княства. Паселішчам валодалі князі Яраслаў і Яраполк. Яно гандлявала з Валынню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем.
Пінск, краявід з берагу Піны, 1863 год
На пачатку XIV ст. Пінск увайшоў у склад ВКЛ. У горадзе хутка з’явіўся нават свой замак. Паселішча увесь час змяняла гаспадароў, а ў 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары падарыў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы, якая праводзіла на Палессі аграрныя рэформы.
Рака Піна, 2024 год
У часы Рэчы Паспалітай Пінск атрымаў Магдэбургскае права (1581 год), і свой герб. У сярэдзіне ХVII стагоддзя лічыўся важным гандлёвым цэнтрам. Гэта было адначасова плюсам і мінусам, бо неаднаразова горад знішчаўся ў шматлікіх войнах. Але зноў і зноў адбудоўваўся.
Пінск, вул. Леніна
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Пінск увайшоў у склад Расійскай імперыі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён таксама лічыўся буйным гандлёвым цэнтрам. Тут было шмат прадпрыемстваў, а большую частку жыхароў складалі яўрэі.
Рыначная плошча ў Пінску, прыкладна 1930 год
На пачатку ХХ стагоддзя развіццё горада працягвалася. У яго былі нават свае прыстані – пасажырская і грузавая. Затым Пінск здолеў перажыць шматлікія войны і аднавіцца.
Дарэчы, у Пінску вучыўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, а адзін з прэм’ер-міністраў гэтай краіны Голда Мэір правяла тут частку свайго дзяцінства.
Што паглядзець? Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў
Першы гістарычны помнік у нашай падборцы – гэта комплекс былога кляштара францішканаў на вуліцы Леніна. Храм і кляштар на тэрыторыі сучаснага касцёла заснавалі яшчэ ў 1396 годзе князь пінскі, тураўскі і старадубскі Жыгімонт Кейстутавіч і яго жонка Ганна Мазавецкая. Некалькі разоў ён знішчаўся ў пажарах у ХVI-XVII стагоддзях, але кожны раз аднаўляўся. У асноўным – з дрэва. Пасля чарговага знішчэння шведамі ў 1705 годзе было вырашана ўзводзіць мураваную святыню.
Будаўніцтва барочнага касцёла пачалося ў 1706 годзе, а ў 1730 годзе ён быў асвечаны. Фасад аформілі ў 1766-1769 гг. Адначасова з гэтым завяршылі будаўніцтва кляштарнага комплекса.
Старажытны арган у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску
У касцёле знаходзіцца самы старажытны з дзеючых арганаў на тэрыторыі Беларусі (яму ўжо 187 гадоў), а таксама карціна мастака Альфрэда Ромера “Пінская Мадонна”, якую ён пісаў з мясцовай жыхаркі. Святыня мае ганаровы статус basilica minor, які прысвойвае Папа Рымскі ў знак асаблівай важнасці храма.
А. Ромер, “Пінская Мадонна”, 1894 г., фота: katedra.pcd.by
Побач з касцёлам на пачатку ХІХ стагоддзя была збудавана таксама званіца з трыма ярусамі. Чацверты ўзвялі ў ХХ стагоддзі.
У 1852 годзе кляштар францішканаў быў зачынены, а касцёл стаў звычайным парафіяльным (прыходскім – рэд.).
Новае жыццё кляштар атрымаў у 1920-я. Яго перабудавалі, а ў 1925-м біскуп Зыгмунт Лазінскі адкрыў тут Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага. Праіснавала яна да 1939 года. Касцёл зноў дзейнічаў як кафедральны з 1925 па 1940-я гг.
Кляштар францішканаў і касцёл Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, 1930-я гг.
У савецкі перыяд касцёл не зачыняўся. З 1954 года тут больш за 50 гадоў служыў першы беларускі кардынал Казімір Свёнтэк. Ён прыклаў шмат намаганняў, каб аднавіць святыню, а таксама ў 2001 годзе аднавіў дзейнасць Пінскай семінарыі.
Былы кляштар францішканаў у Пінску. Зараз Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага
Пінскі езуіцкі калегіум
Гісторыя калегіума пачалася ў 1630 годзе, калі ў Пінску з’явіўся каталіцкі ордэн езуітаў. Манахаў запрасіў стольнік М. Ельскі і пасяліў у сваім доме. Ужо ў наступным годзе для іх пачалі будаваць каменны кляштар. Скончылася будаўніцтва ў 1638 годзе (па іншых звестках – у 1635-м).
Пінскі езуіцкі калегіум
Пры кляштары адразу адкрылі філасофска-тэалагічную школу. У той жа час кляштар набыў статус калегіума, у якім вывучаліся багаслоўскія дысцыпліны, гісторыя, геаграфія, логіка, замежныя мовы і інш. Напрыканцы XVII стагоддзя тут было да 700 навучэнцаў з розных мясцін Рэчы Паспалітай.
На базе калегіума існавалі таксама: бібліятэка, музычная бурса, тыпаграфія, аптэка, бальніца для бедных.
У 1773 годзе ордэн езуітаў распусцілі, а ў калегіуме праз некалькі гадоў арганізавалі рэзідэнцыю ўніяцкага біскупа. Затым ў яго будынку размясціўся праваслаўны мужчынскі манастыр.
Аднак у 1919 годзе езуіты вярнуліся ў Пінск і зноў распачалі сваю дзейнасць. Навучанне аднавілася ў 1923 годзе. Праз два гады таксама была адноўлена семінарыя.
Але ўжо ў 1939-м, з прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь, у калегіуме размясціліся ўстановы адміністратыўнага і грамадскага характару.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны кляштар моцна пацярпеў і патрабаваў аднаўлення. Побач з ім размяшчаўся таксама барочны касцёл святога Станіслава, які лічыўся самым вялікім каталіцкім храмам у ВКЛ. Але, на жаль, у 1953 годзе святыню ўзарвалі па загадзе савецкіх уладаў.
Калегіум езуітаў і касцёл св. Станіслава, 1918 г.
У тым жа годзе калегіум прызналі помнікам гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння, а пасля, у 1965-м, размясцілі ў ім карцінную галерэю. У 1980 годзе будынак калегіума перадалі музею Беларускага Палесся.
Палац Бутрымовічаў
Яшчэ адна знакамітасць Пінска – Палац Бутрымовічаў. Гэта дом колішняга старасты горада Мацея Бутрымовіча. Ён лічыцца першым мураваным свецкім будынкам Пінска.
Палац збудаваны ў 1784-1790 гг. Першы камень у яго заклаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ў той час якраз быў з візітам на Піншчыне.
У савецкі час тут размяшчаўся Палац піянераў і школьнікаў, а сёння знаходзіцца "Палац шлюбу".
Касцёл Карла Барамея
Цікавы гістарычны аб’ект Пінска – касцёл Карла Барамея, які калісьці належаў каталіцкаму ордэну камуністаў.
Манахі ордэна пасяліліся ў Пінску з дапамогай маршалка ВКЛ Яна Караля Дольскага і яго жонкі Ганны, якія ў 1695 годзе падарылі камуністам зямлю і грошы. Дзякуючы ім законнікі змаглі пабудаваць у горадзе драўляны кляштар і касцёл.
У 1700 годзе ордэн пачаў узводзіць новую мураваную святыню на месцы драўлянай, якую скончыў у 1782 годзе. Праз два гады касцёл быў асвечаны.
Касцёл св. Карла Барамея ў Пінску, малюнак Г. Скірмунта, 1868 г.
Напрыканцы XVIII стагоддзя ордэн камуністаў прыйшоў у заняпад. Шматлікія яго кляштары зачынілі, а манахаў размеркавалі па розных парафіях. Касцёл доўгі час знаходзіўся ў занядбаным стане, бо не было сродкаў, каб яго адрамантаваць. Толькі ў 1860 годзе гэта ўдалося зрабіць, пасля чаго храм асвяцілі ў гонар Святой Тройцы. Ен быў адчынены да 1960-х гадоў.
Потым у святыні знаходзіліся розныя ўстановы. Сёння тут размяшчаюцца мастацкія выстаўкі, а таксама праводзяцца музычныя вечары.
Сабор святой Барбары
Царква з’яўляецца кафедральным саборам Пінскай і Лунінецкай епархіі. Аднак раней гэта была каталіцкая святыня.
Гісторыя храма распачалася ў 1712 годзе. Тады ў прадмесці Каралін быў пабудаваны касцёл Міхала Арханёла. Спансіраваў будоўлю Міхал Вішнявецкі і яго жонка Кацярына з Дольскіх.
У 1786-м на месцы драўлянага касцёла быў узведзены мураваны. Значную суму на будаўніцтва ахвяраваў В. Грабоўскі, гараднічы Берасцейскага ваяводства. Да галоўнага фасаду дабудавалі дзве трох’ярусныя вежы, але да нашага часу яны не захаваліся.
Асобна ў 1795 годзе была ўзведзена таксама каменная званіца з чарапічным дахам.
У 1830-я гады касцёл Святога Міхала Арханёла ў Пінску рэканструявалі ў Свята-Варварынскую праваслаўную царкву.
Цікава, што менавіта ў гэтым храме вянчаліся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) і Марыя Дзмітрыеўна Каменская.
Калі Пінск быў у складзе Польшчы па Рыжскай мірнай дамове, храм заставаўся праваслаўным.
Доўгі час царква святой Барбары была адзіным праваслаўным храмам горада.
Зараз пры святыні дзейнічае нядзельная школа, моладзевы цэнтр, сястрыцтва і невялікая бібліятэка.
Як даехаць да Пінска са сталіцы:
- На маршрутцы – кошт білетаў – 35 руб.
- Цягніком – кошты білетаў – ад 18,06 руб.
- На ўласным транспарце – выезд з Мінску з боку метро Малінаўка, затым па трасах Р1 і Е30 да паварота на в. Яглевічы, потым па трасе Р6 да Пінска
Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.