14 лютага католікі распачынаюць Вялікі пост, які папярэднічае святу Вялікадня. Традыцыйна гэты дзень называюць “Папяльцовай серадой” – ад абраду пасыпання галоваў попелам, што сімвалізуе пакаянне.
Попел – галоўны сімвал “Папяльцовай серады”, фота: Pixabay.com
Што такое “Папялец”
Папяльцовая серада (або “Папялец”) – дзень супольнага пакаяння і сціслага посту, якім распачынаецца 40-дзённы Вялікі пост.
У “Папялец” не толькі забараняецца спажываць мясныя стравы, але таксама абмяжоўваецца колькасць ежы, якую можна ўжываць. Дазваляецца адзін раз паесці дасыта і два разы – лёгка перакусіць.
Гэтае правіла абавязковае для вернікаў ад 18 да 60 гадоў. Аднак, не будзе грахом, калі не атрымліваецца захоўваць пост па аб’ектыўных прычынах. У асобных выпадках пробашч (святар, адказны за пэўны прыход - Рэд.) можа даць дазвол верніку не пасціць, або замяніць пост іншымі пабожнымі ўчынкамі.
У той жа час, па ўласным жаданні, вернікі могуць узяць на сябе дадатковыя абмежаванні. Напрыклад, некаторыя прымаюць пост “толькі на хлебе і вадзе”.
У гэты дзень католікі наведваюць касцёлы, дзе праводзяцца святыя Імшы на пачатак Вялікага посту. Падчас набажэнстваў святары пасыпаюць галовы вернікаў попелам са словамі: “Ты прах і ў прах вернешся”, або “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. У некаторых краінах попелам не пасыпаюць галаву, а робяць ім знак крыжа на ілбе.
Абрад пасыпання попелам, фота: katolik.life
Пасыпанне попелам нагадвае, што чалавечае жыццё хутка прамінае і ад яго застаецца толькі пыл. Таму варта жыць па-божаму, справядліва. Абрад заахвочвае вернікаў да будавання свайго жыцця на Божым слове.
Гісторыя абраду
Пасыпанне сябе попелам было вядомае яшчэ ў старажытных грэкаў і егіпцян. Гэта быў знак скрухі і жалобы па памерлых. Пазней абрад пераняў ізраільскі народ.
“Папяльцовая серада”, Ю. Фалат, 1881 год
У каталіцкім Касцёле абрад пасыпання попелам на пачатак Вялікага посту афіцыйна ўвёў Папа Урбан ІІ. Адбылося гэта на пачатку ХІ стагоддзя. У той жа час было прынята, што попел, якім пасыпаюць галовы вернікаў, будзе атрыманы ад спальвання мінулагодніх вербных галінак, асвечаных у Пальмовую нядзелю.
Вялікі пост. Як правільна перажыць
Вялікі пост – перыяд супольнага пакаяння, калі вернікі рыхтуюцца да свята Уваскрасення Ісуса Хрыста. Гэты час напоўнены шматлікімі малітоўнымі і аскетычнымі практыкамі. Ён працягваецца 40 дзён і завяршаецца перад Імшой Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер.
Перыяд устанавілі ў памяць таго, што Ісус Хрыстос 40 дзён пасціўся ў пустыні перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці. Адбылося гэта пасля яго хрышчэння ў рацэ Іардан, якое здзейсніў святы Ян Хрысціцель.
“Хрыстос у пустыні”, Іван Крамскі, 1872 год
Ёсць і іншыя Біблійныя асацыяцыі з лічбай 40. Напрыклад, 40 дзён працягваўся патоп, пасля якога Бог заключыў з Ноем запавет; 40 гадоў Маісей вадзіў ізраільцян па пустыні, а таксама 40 дзён ён знаходзіўся на гары Сінай, дзе Бог адкрыў Маісею Божыя запаведзі…
Гэты перыяд напоўнены рознымі формамі пакаяння. Асноўныя з іх - пост, малітва і міласціна. У час Вялікага посту забараняецца ўдзельнічаць у гучных забавах (з танцамі і музыкай).
Адной з галоўных практык у Вялікі пост з’яўляецца малітва, фота: freepik
Устрымлівацца ад мяса патрэбна ва ўсе пятніцы Вялікага посту і на працягу года. Але, калі на пятніцу прыпадае ўрачыстасць, то можна не пасціць. У той жа час малочныя прадукты, яйкі і дадаткі да страваў з жывёльнага тлушчу спажываць можна. Пятнічны пост – абавязак вернікаў, якія дасягнулі 14 гадоў.
Аднак святары падкрэсліваюць, што важна не толькі абмяжоўваць сябе ў стравах, ці іншых рэчах, але і па-добраму адносіцца да бліжніх.
Мэта Вялікага посту - асабістае навяртанне чалавека, умацаванне адносінаў з Богам і духоўнае аднаўленне.
Як правіла, вернікі бяруць пастановы на гэты перыяд. Гэта можа быць: абмежаванне сябе ў ежы, адмова ад сацсетак, музыкі, штодзённае чытанне Бібліі, дапамога патрабуючым і іншае.
“Крыжовы шлях” на Залатой Горцы ў Мінску, 2022 г., фота: Марына Валасар
Падчас Вялікага посту Імшы ў касцёлах праводзяцца ў больш стрыманай форме, святыні не ўпрыгожваюцца кветкамі і змяншаецца выкарыстанне аргану. Святары адпраўляюць службы ў літургічным адзенні фіялетавага колеру, які мае сімвал пакаяння. Таксама праводзяцца набажэнствы Крыжовага шляху і Песні жальбы, прысвечаныя разважанням над цярпеннямі Хрыста.
Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц