А вы ведалі, што ў Баранавічах ёсць музей Бібліі? Ён існуе ўжо больш за 9 гадоў і ўключае шмат цікавых экспанатаў. Другі падобны ў Беларусі ёсць толькі ў Мінску. У інтэрактыўнай форме тут можна пазнаёміцца са структурай Святога Пісання, убачыць копіі старажытных рукапісаў, а таксама даведацца пра жыццё яўрэйскага народа часоў Ісуса Хрыста.
Музей “Дарогаю Бібліі” быў адкрыты ў Баранавічах у верасні 2014 года. Ён знаходзіцца ў доме айцоў-вербістаў (каталіцкая манаская кангрэгацыя - рэд.), але адкрыты для ўсіх, незалежна ад светапогляду.
Дом айцоў-вербістаў у Баранавічах, у якім знаходзіцца музей Бібліі
Гэта прыватная ініцыятыва фатографа, айца-вербіста, Карнэлія Консэка SVD. Экспазіцыю айцец Карнэлій ствараў 3 гады. Для лепшага афармлення нават ездзіў у Святую Зямлю і рабіў там здымкі, частку з якіх зараз можна ўбачыць у музеі.
Як узнік музей
Стварыць музей Бібліі айцец Карнэлій вырашыў пасля размовы з аўстрыйскім доктарам біблійнай тэалогіі Францам Кегелем, які на той момант арганізаваў падобную экспазіцыю у Аўстрыі, толькі больш накіраваную на дзяцей.
Айцец Карнэлій Консэк, стваральнік музея Бібліі ў Баранавічах
Франц Кегель вельмі хацеў, каб гэтая “ідэя пайшла ў свет” і паабяцаў дапамагчы айцу Карнэлію рэалізаваць штосьці падобнае ў Беларусі. Айцец Карнэлій, аднак, па-свойму ўбачыў ідэю і стварыў музей ў Баранавічах у сваёй, арыгінальнай форме.
– Мэта музея – паказаць, што Біблія – гэта не толькі кніга для святароў, манахаў і манахінь, але кніга для ўсіх. Бог праз святых аўтараў даў нам гэтую кнігу і сказаў: “Бярыце і чытайце”. Можа, спачатку яе складана прымаць, але, калі ўслухаешся ў словы, якія ў ёй чытаеш, разумееш, што там жыццё, – заўважае айцец Карнэлій Консэк.
За першы год музей “Дарогаю Бібліі” наведала каля 2 тысяч чалавек. Потым ужо колькасць не падлічвалі, але гасцей тут было даволі шмат. Зараз, напрыклад, у музей часта прыходзяць групы школьнікаў з розных навучальных устаноў горада.
Што паглядзець у музеі?
Пачынаецца экспазіцыя са знаёмства з Бібліяй. А дакладней – з яе структурай. Святое Пісанне ў музеі прадстаўлена ў вобразе вялікай кнігі, унутры якой змяшчаюцца муляжы маленькіх кніг Старога і Новага Запавету.
Тут можна ўбачыць прыкладныя маршруты, па якіх Маісей вадзіў 40 гадоў ізраільцян па пустыні, а таксама пабываць у доме звычайнай яўрэйскай сям’і і пазнаёміцца з яе побытам.
У музеі адлюстраваны гістарычны момант, калі ў 1946 годзе, ў Кумранскіх пячорах паблізу Мёртвага мора, звычайны пастух знайшоў старажытныя світкі з рукапісамі Святога Пісання, якія былі схаваныя ў гліняных сасудах. Пазней даследчыкі выявілі, што гэтым рукапісам 2 тысячы гадоў! У экспазіцыі музея знаходзяцца копіі некаторых з гэтых світкаў.
Пячора з Кумранскімі світкамі, інсталяцыя ў баранавіцкім музеі Бібліі
Прыклады старадаўняй яўрэйскай керамікі і копіі рукапісаў Святога Пісання ў баранавіцкім музеі Бібліі
Музей Бібліі ў Баранавічах – інтэрактыўны. Тут можна не толькі паглядзець на экспанаты, але, напрыклад, самому стаць перапісчыкам Бібліі і перапісаць адзін з вершаў Святога Пісання. І ўсё гэта – у суправаджэнні аўдыёгіда.
У экспазіцыі прадстаўлены таксама прыправы і прыклады раслін, якія сустракаюцца на старонках Святога Пісання.
І, канешне ж, самі экземпляры Бібліі на розных мовах свету, сярод якіх – Святое Пісанне са шрыфтом Брайля.
Святое Пісанне са шрыфтом Брайля ў баранавіцкім музеі Бібліі
Адрас музея: г. Баранавічы, вул. Шаўчэнкі, д. 6. Зараз часова няма вызначанага рэжыму працы музея, таму перад візітам лепей загадзя дамовіцца з айцом Карнэліем. Тэлефон для сувязі: +375 (29) 227-38-84.
Аўтар: Марына Валасар, фота аўтара
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% - толькі з дазволу рэдакцыі.