Калі прыязджаеш у Мазыр, адразу заўважаеш яго ўзгорысты рэльеф, які ўтварыўся тут пасля сходу ледавіка. Уздоўж горада працякае рака Прыпяць, а наводдаль ад цэнтра размясцілася “Даліна Анёлаў” - з помнікамі архітэктуры барока. Але аб усім - па парадку. 

Едзем у Мазыр 1.jpgКасцёл святога Міхала Арханёла ў Мазыры

Мазыр - горад дастаткова старажытны. Першая ўзгадка пра яго датуецца 1155 годам і сустракаецца ў “Аповесці мінулых гадоў”. Тады кіеўскі князь Юрый Даўгарукі перадаў Мазыр чарнігаўскаму князю Святаславу Алегавічу.  

Гісторыкі мяркуюць, што заснаваны горад быў значна раней, у VIII стагоддзі. Першае паселішча, ад якога пайшоў Мазыр, знаходзілася на месцы старажытнага гарадзішча позняга бронзавага веку, у прадмесці Кімбараўка. Потым, у XI-XII стст. яго перанеслі на “Замкавую гару” ў цэнтры горада, дзе з цягам часу ўзвялі драўляны замак. 

Едзем у Мазыр 2.jpgВежа на Замкавай гары

За сваю гісторыю Мазыр неаднаразова знішчаўся знешнімі ворагамі, а потым зноў адбудоўваўся. Уваходзіў у склад Кіеўскага, Чарнігаўскага і Тураўскага княстваў. З XIV ст. знаходзіўся ў складзе ВКЛ. Потым, як і іншыя гарады Заходняй Беларусі, - у Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польшчы і БССР. 

Мазырскі замак: драўляны навабуд 

Бадай што першай славутасцю, якую можна наведаць у Мазыры, з’яўляецца Мазырскі замак. Ён знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, на Замкавай гары. Гэта навабуд, створаны ў 2005 годзе на месцы старадаўняга Мазырскага замка. 

Едзем у Мазыр 3.jpg

Едзем у Мазыр 4.jpg

У канцы XV ст. замест драўлянай пабудовы на Замкавай гары ўзвялі замак. Першыя згадкі пра яго сустракаюцца ў летапісах 1519 года. На тэрыторыі старадаўняга замка знаходзіліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, палац, царква св. Спаса, калодзеж і тры вежы. 

Замак руйнаваўся падчас набегаў татараў, паўстання Міхаіла Глінскага (1508 г.) і пахода войскаў Васіля IV у 1535 годзе. Але кожны раз яго аднаўлялі.

Едзем у Мазыр 5.jpg

У 1676 годзе замак перабудавалі. Яго тэрыторыю пашырылі, узвялі яшчэ дзве вежы - “Птушыную” і вежу каля старога рынку. Кіраваў будаўніцтвам Міхаіл Нарбут. З гэтага часу замак быў умоўна падзелены на “стары” і “новы”. 

Падчас розных баявых дзеянняў XVII стагоддзя замак неаднаразова знішчаўся і паступова прыйшоў у заняпад.  

Едзем у Мазыр 6.jpg

Едзем у Мазыр 7.jpg

Сённяшні Мазырскі замак з’яўляецца паменшанай копіяй былога збудавання. У яго вежах размешчаны тры экспазіцыі - “Збройная”, “Паляўнічая” і “Адміністрацыйная”. На тэрыторыі замка знаходзіцца праваслаўная капліца Праабражэння Гасподняга, калодзеж, розныя пабудовы і краязнаўчы музей.  

Едзем у Мазыр 8.jpgКраязнаўчы музей на тэрыторыі Мазырскага замка 

Сабор святога Арханёла Міхаіла: былы касцёл і турма НКУС

Недалёка ад Мазырскага замка знаходзіцца праваслаўны сабор св. Арханёла Міхаіла, які раней з’яўляўся касцёлам і належаў каталіцкаму ордэну бернардынцаў. 

Едзем у Мазыр 9.jpgСабор святога Арханёла Міхаіла ў Мазыры 

Гісторыя сабора пачалася ў 1615 годзе, калі кароль Рэчы Паспалітай Сігізмунд ІІІ Ваза вырашыў заснаваць у Мазыры кляштар ордэна бернардынцаў. Задума была рэалізаваная праз 3 гады. Мазырскі стараста Балтазар Стравінскі, на выдзеленай каралём зямлі, ўзвёў касцёл і некалькі домікаў для манахаў. 

У 1645 годзе землі ордэна пашырыліся. Палкоўнік у адстаўцы Стэфан Лазко падарыў манахам частку узвышша каля Мазырскага замка і пачаў будаваць там каменны кляштар. Але ў выніку казацка-сялянскай вайны кляштар быў знішчаны. І толькі ў 1745 годзе, па ініцыятыве мясцовага шляхецкага роду Аскеркаў, пачалося будаўніцтва новага каменнага кляштара і касцёла. На тым самым месцы. 

Едзем у Мазыр 10.jpg

Кляштарны комплекс узвялі ў стылі позняга барока. Касцёл пабудавалі ў выглядзе базылікі з дзвюма вежамі і трыма нефамі. Пры кляштары працавала пачатковая школа і бібліятэка, а ў крыпце касцёла знаходзілася фамільная ўсыпальніца роду Аскеркаў.

Пасля нацыянальна-вызваленчых паўстанняў ХІХ ст. кляштар зачынілі, у яго сценах размясціліся прысутныя месцы Мазырскага павета, а касцёл у 1864 годзе перадалі праваслаўным і асвяцілі ў гонар архістратыга Божага Міхаіла. 

Едзем у Мазыр 11.jpg

Едзем у Мазыр 12.jpg

Едзем у Мазыр 13.jpg

У перыяд з 1937 па 1941 гг. у царкве размяшчалася турма НКУС (НКВД) Палескай вобласці. У былым кляштары - упраўленне гэтай арганізацыі. Паводле некаторых звестак, тут было вынесена больш за 2000 смяротных прысудаў.  

Храм зноў адчынілі ў 1941 годзе, а ў 1952-м савецкія ўлады яго зарэгістравалі. 

З 1992 года сабор св. Арханёла Міхаіла ў Мазыры лічыцца галоўным храмам адроджанай Тураўскай епархіі. 

Едзем у Мазыр 14.jpg

У крыпце царквы, на месцы расстрэлаў і катаванняў, створаны храм у гонар Новапакутнікаў Палескіх. Гэта першы ў Беларусі храм, прысвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэсій. У памяць аб загінулых тут пастаянна гарыць каля 100 лампадаў. 

Едзем у Мазыр 15.jpgХрам у гонар Новапакутнікаў Палескіх у Мазыры 

Таксама ў саборы адкрыты Царкоўны гісторыка-археалагічны кабінет. 

Касцёл Святога Крыжа і мужчынскі кляштар цыстэрцыянаў  

У Мазыры існавала таксама два кляштары ордэна цыстэрцыянаў - мужчынскі і жаночы. Месца, дзе яны размяшчаліся, называлі “Далінай Анёлаў” - з-за белага адзення манахаў. 

Мужчынскі кляштарны комплекс быў закладзены ў 1711 годзе ва ўрочышчы Кімбараўка. У яго склад уваходзілі: касцёл, кляштар, каменная агароджа і званіца ў стылі барока. Пры кляштары функцыянавала школа і бібліятэка на 850 тамоў.  

Едзем у Мазыр 16.jpgКасцёл пры мужчынскім кляштары цыстэрцыянаў, 1916 г., фота з архіву Аляксандра Баранава

Едзем у Мазыр 17.jpgКляштар цыстэрцыянаў у Мазыры, 1885 год 

Фундатарам комплекса стаў наваградскі кашталян Антоні Аскерка. Матэрыяльна дапамагалі манахам вялікія князі - Аўгуст ІІ Моцны і Аўгуст ІІІ,  а таксама прадстаўнікі роду Аскеркаў.

Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гг. кляштар ліквідавалі, а касцёл прымусова перарабілі ў царкву Урадавага сіноду Расійскай імперыі. 

У савецкі час у будынках кляштара доўгі перыяд была запалкавая фабрыка “Маланка”, а пасля - мэблевая фабрыка, якую зачынілі толькі ў 2010 годзе.  

Едзем у Мазыр 18.jpgКасцёл пры кляштары цыстэрцыянаў у Мазыры, сучасны выгляд 

Едзем у Мазыр 19.jpgКасцёл і кляштар цыстэрцыянаў у Мазыры, 2023 г. 

Едзем у Мазыр 20.jpg

Едзем у Мазыр 21.jpg

Едзем у Мазыр 22.jpg

Як бачна, зараз кляштарны комплекс знаходзіцца ў занядбаным стане, але ў асобных яго будынках зроблены рамонтныя працы і праводзяцца каталіцкія службы.

Едзем у Мазыр 23.jpg

Едзем у Мазыр 24.jpg

Касцёл святога Міхала Арханёла і былы кляштар цыстэрцыянак

Ва ўрочышчы Кімбараўка, у гэтак званай “Даліне Анёлаў”, знаходзіцца яшчэ адзін выдатны помнік архітэктуры барока - касцёл святога Міхала Арханёла. Побач з храмам размешчаны корпус былога кляштара цыстэрцыянак.

Едзем у Мазыр 26.jpg

Едзем у Мазыр 27.jpg

Першы драўляны касцёл тут пабудавалі ў 1610 годзе. Загад на гэта даў кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІ Аўгуст. Пры кляштары была адкрытая школа для дзяўчынак, у якой вывучаліся: лацінская і французская мовы, арыфметыка, музыка і гігіена. 

Едзем у Мазыр 28.jpg

Едзем у Мазыр 29.jpg

У 1743-1745 гг., па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара цыстэрцыянаў, Бенедыкта Ражанскага, на месцы драўляных будынкаў былі ўзведзены цагляныя, у стылі позняга барока, а з Вільні запрасілі некалькі манахінь для служэння. Матэрыяльна падтрымаў будаўніцтва Казімір Сапега. 

Едзем у Мазыр 30.jpgБудынак былога кляштара цыстэрцыянак у Мазыры 

Едзем у Мазыр 31.jpg

Жаночы кляштар цыстэрцыянак праіснаваў да 1883 года, пасля чаго быў зачынены. У 1888 годзе яго будынкі перадалі праваслаўным, а касцёл пераасвяцілі ў царкву святой Тройцы.  

Едзем у Мазыр 32.jpg

У савецкія часы будынак кляштара выкарыстоўваўся як казарма, а ў касцёле былі складскія памяшканні, дзіцячы дом і музычнае вучылішча. 

Едзем у Мазыр 33.jpg

Толькі ў пачатку 1990-х гадоў храм вярнулі вернікам. Зараз ён дзейнічае і адкрыты для наведвання. 

Мазырскія яры: “прывітанне” ад ледавіковага перыяду 

На ўскрайку Мазыра ёсць вельмі незвычайнае месца - заказнік “Мазырскія яры”. Гэта тэрыторыя з ляснымі масівамі, плошчай больш чым 1100 гектараў, якая складаецца з высокіх узгоркаў, яроў і равоў. На паўночна-усходнім баку заказніка знаходзіцца старажытнае гарадзішча Кімбараўка. 

Едзем у Мазыр 34.jpg

Такі ландшафт утварыўся тут 250 тысяч гадоў таму, у выніку сходу ледавіка. На дне яроў і зараз можна сустрэць валуны.  

Вышыня яроў дасягае 230 м над узроўнем мора і 90 м над Прыпяццю. Глыбіня даходзіць да 60 м, а крутасць схілаў - да 30 градусаў. На дне некаторых з іх праходзяць вуліцы горада. 

Едзем у Мазыр 35-1.jpgМазырскія яры, фота: zapovednytur.by 

Заказнік “Мазырскія яры” стварылі ў лютым 1986 г., каб захаваць унікальны стан прыродна-ландшафтных экасістэм, а таксама флору і фауну гэтай мясцовасці. У 2007 годзе са складу заказніка выключылі пэўную частку яроў, якія знаходзіліся на тэрыторыі горада. Зараз у “Мазырскіх ярах” сустракаецца прыкладна 980 відаў раслін, у тым ліку - занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Таксама ёсць розныя віды жывёл і птушак. 

Едзем у Мазыр 36.jpg

У заказніку арганізаваныя 2 турыстычныя сцяжынкі, праходзячы якія можна пазнаёміцца з прыродай, флорай і фаунай аб’екта. Адна са сцяжын мае даўжыню 6 км і разлічаная на 3-4 гадзіны шляху. Другая - 2-х кіламетровая, праходзіцца за 2 гадзіны.  

Як даехаць у Мазыр з Мінска? 

1. На маршрутцы - кошт білетаў 25 руб. 

2. На цягніку да Калінкавічаў - кошт білетаў - ад 15,79 руб. да 24, 22 руб., далей на дызелі або маршрутцы/аўтобусе - да Мазыра (кошт білетаў - ад 63 кап.) 

3. На ўласным транспарце - выезд з Мінску з боку ст. м. Магілёўская, далей па трасах М5 і Р31 ў бок Р131 (паварот на Мазыр) і далей - да Мазыра 

Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц 

*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% - толькі з дазволу рэдакцыі.