Калі прыязджаеш у Мазыр, адразу заўважаеш яго ўзгорысты рэльеф, які ўтварыўся тут пасля сходу ледавіка. Уздоўж горада працякае рака Прыпяць, а наводдаль ад цэнтра размясцілася “Даліна Анёлаў” - з помнікамі архітэктуры барока. Але аб усім - па парадку.
Касцёл святога Міхала Арханёла ў Мазыры
Мазыр - горад дастаткова старажытны. Першая ўзгадка пра яго датуецца 1155 годам і сустракаецца ў “Аповесці мінулых гадоў”. Тады кіеўскі князь Юрый Даўгарукі перадаў Мазыр чарнігаўскаму князю Святаславу Алегавічу.
Гісторыкі мяркуюць, што заснаваны горад быў значна раней, у VIII стагоддзі. Першае паселішча, ад якога пайшоў Мазыр, знаходзілася на месцы старажытнага гарадзішча позняга бронзавага веку, у прадмесці Кімбараўка. Потым, у XI-XII стст. яго перанеслі на “Замкавую гару” ў цэнтры горада, дзе з цягам часу ўзвялі драўляны замак.
Вежа на Замкавай гары
За сваю гісторыю Мазыр неаднаразова знішчаўся знешнімі ворагамі, а потым зноў адбудоўваўся. Уваходзіў у склад Кіеўскага, Чарнігаўскага і Тураўскага княстваў. З XIV ст. знаходзіўся ў складзе ВКЛ. Потым, як і іншыя гарады Заходняй Беларусі, - у Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польшчы і БССР.
Мазырскі замак: драўляны навабуд
Бадай што першай славутасцю, якую можна наведаць у Мазыры, з’яўляецца Мазырскі замак. Ён знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, на Замкавай гары. Гэта навабуд, створаны ў 2005 годзе на месцы старадаўняга Мазырскага замка.
У канцы XV ст. замест драўлянай пабудовы на Замкавай гары ўзвялі замак. Першыя згадкі пра яго сустракаюцца ў летапісах 1519 года. На тэрыторыі старадаўняга замка знаходзіліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы, палац, царква св. Спаса, калодзеж і тры вежы.
Замак руйнаваўся падчас набегаў татараў, паўстання Міхаіла Глінскага (1508 г.) і пахода войскаў Васіля IV у 1535 годзе. Але кожны раз яго аднаўлялі.
У 1676 годзе замак перабудавалі. Яго тэрыторыю пашырылі, узвялі яшчэ дзве вежы - “Птушыную” і вежу каля старога рынку. Кіраваў будаўніцтвам Міхаіл Нарбут. З гэтага часу замак быў умоўна падзелены на “стары” і “новы”.
Падчас розных баявых дзеянняў XVII стагоддзя замак неаднаразова знішчаўся і паступова прыйшоў у заняпад.
Сённяшні Мазырскі замак з’яўляецца паменшанай копіяй былога збудавання. У яго вежах размешчаны тры экспазіцыі - “Збройная”, “Паляўнічая” і “Адміністрацыйная”. На тэрыторыі замка знаходзіцца праваслаўная капліца Праабражэння Гасподняга, калодзеж, розныя пабудовы і краязнаўчы музей.
Краязнаўчы музей на тэрыторыі Мазырскага замка
Сабор святога Арханёла Міхаіла: былы касцёл і турма НКУС
Недалёка ад Мазырскага замка знаходзіцца праваслаўны сабор св. Арханёла Міхаіла, які раней з’яўляўся касцёлам і належаў каталіцкаму ордэну бернардынцаў.
Сабор святога Арханёла Міхаіла ў Мазыры
Гісторыя сабора пачалася ў 1615 годзе, калі кароль Рэчы Паспалітай Сігізмунд ІІІ Ваза вырашыў заснаваць у Мазыры кляштар ордэна бернардынцаў. Задума была рэалізаваная праз 3 гады. Мазырскі стараста Балтазар Стравінскі, на выдзеленай каралём зямлі, ўзвёў касцёл і некалькі домікаў для манахаў.
У 1645 годзе землі ордэна пашырыліся. Палкоўнік у адстаўцы Стэфан Лазко падарыў манахам частку узвышша каля Мазырскага замка і пачаў будаваць там каменны кляштар. Але ў выніку казацка-сялянскай вайны кляштар быў знішчаны. І толькі ў 1745 годзе, па ініцыятыве мясцовага шляхецкага роду Аскеркаў, пачалося будаўніцтва новага каменнага кляштара і касцёла. На тым самым месцы.
Кляштарны комплекс узвялі ў стылі позняга барока. Касцёл пабудавалі ў выглядзе базылікі з дзвюма вежамі і трыма нефамі. Пры кляштары працавала пачатковая школа і бібліятэка, а ў крыпце касцёла знаходзілася фамільная ўсыпальніца роду Аскеркаў.
Пасля нацыянальна-вызваленчых паўстанняў ХІХ ст. кляштар зачынілі, у яго сценах размясціліся прысутныя месцы Мазырскага павета, а касцёл у 1864 годзе перадалі праваслаўным і асвяцілі ў гонар архістратыга Божага Міхаіла.
У перыяд з 1937 па 1941 гг. у царкве размяшчалася турма НКУС (НКВД) Палескай вобласці. У былым кляштары - упраўленне гэтай арганізацыі. Паводле некаторых звестак, тут было вынесена больш за 2000 смяротных прысудаў.
Храм зноў адчынілі ў 1941 годзе, а ў 1952-м савецкія ўлады яго зарэгістравалі.
З 1992 года сабор св. Арханёла Міхаіла ў Мазыры лічыцца галоўным храмам адроджанай Тураўскай епархіі.
У крыпце царквы, на месцы расстрэлаў і катаванняў, створаны храм у гонар Новапакутнікаў Палескіх. Гэта першы ў Беларусі храм, прысвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэсій. У памяць аб загінулых тут пастаянна гарыць каля 100 лампадаў.
Храм у гонар Новапакутнікаў Палескіх у Мазыры
Таксама ў саборы адкрыты Царкоўны гісторыка-археалагічны кабінет.
Касцёл Святога Крыжа і мужчынскі кляштар цыстэрцыянаў
У Мазыры існавала таксама два кляштары ордэна цыстэрцыянаў - мужчынскі і жаночы. Месца, дзе яны размяшчаліся, называлі “Далінай Анёлаў” - з-за белага адзення манахаў.
Мужчынскі кляштарны комплекс быў закладзены ў 1711 годзе ва ўрочышчы Кімбараўка. У яго склад уваходзілі: касцёл, кляштар, каменная агароджа і званіца ў стылі барока. Пры кляштары функцыянавала школа і бібліятэка на 850 тамоў.
Касцёл пры мужчынскім кляштары цыстэрцыянаў, 1916 г., фота з архіву Аляксандра Баранава
Кляштар цыстэрцыянаў у Мазыры, 1885 год
Фундатарам комплекса стаў наваградскі кашталян Антоні Аскерка. Матэрыяльна дапамагалі манахам вялікія князі - Аўгуст ІІ Моцны і Аўгуст ІІІ, а таксама прадстаўнікі роду Аскеркаў.
Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гг. кляштар ліквідавалі, а касцёл прымусова перарабілі ў царкву Урадавага сіноду Расійскай імперыі.
У савецкі час у будынках кляштара доўгі перыяд была запалкавая фабрыка “Маланка”, а пасля - мэблевая фабрыка, якую зачынілі толькі ў 2010 годзе.
Касцёл пры кляштары цыстэрцыянаў у Мазыры, сучасны выгляд
Касцёл і кляштар цыстэрцыянаў у Мазыры, 2023 г.
Як бачна, зараз кляштарны комплекс знаходзіцца ў занядбаным стане, але ў асобных яго будынках зроблены рамонтныя працы і праводзяцца каталіцкія службы.
Касцёл святога Міхала Арханёла і былы кляштар цыстэрцыянак
Ва ўрочышчы Кімбараўка, у гэтак званай “Даліне Анёлаў”, знаходзіцца яшчэ адзін выдатны помнік архітэктуры барока - касцёл святога Міхала Арханёла. Побач з храмам размешчаны корпус былога кляштара цыстэрцыянак.
Першы драўляны касцёл тут пабудавалі ў 1610 годзе. Загад на гэта даў кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІ Аўгуст. Пры кляштары была адкрытая школа для дзяўчынак, у якой вывучаліся: лацінская і французская мовы, арыфметыка, музыка і гігіена.
У 1743-1745 гг., па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара цыстэрцыянаў, Бенедыкта Ражанскага, на месцы драўляных будынкаў былі ўзведзены цагляныя, у стылі позняга барока, а з Вільні запрасілі некалькі манахінь для служэння. Матэрыяльна падтрымаў будаўніцтва Казімір Сапега.
Будынак былога кляштара цыстэрцыянак у Мазыры
Жаночы кляштар цыстэрцыянак праіснаваў да 1883 года, пасля чаго быў зачынены. У 1888 годзе яго будынкі перадалі праваслаўным, а касцёл пераасвяцілі ў царкву святой Тройцы.
У савецкія часы будынак кляштара выкарыстоўваўся як казарма, а ў касцёле былі складскія памяшканні, дзіцячы дом і музычнае вучылішча.
Толькі ў пачатку 1990-х гадоў храм вярнулі вернікам. Зараз ён дзейнічае і адкрыты для наведвання.
Мазырскія яры: “прывітанне” ад ледавіковага перыяду
На ўскрайку Мазыра ёсць вельмі незвычайнае месца - заказнік “Мазырскія яры”. Гэта тэрыторыя з ляснымі масівамі, плошчай больш чым 1100 гектараў, якая складаецца з высокіх узгоркаў, яроў і равоў. На паўночна-усходнім баку заказніка знаходзіцца старажытнае гарадзішча Кімбараўка.
Такі ландшафт утварыўся тут 250 тысяч гадоў таму, у выніку сходу ледавіка. На дне яроў і зараз можна сустрэць валуны.
Вышыня яроў дасягае 230 м над узроўнем мора і 90 м над Прыпяццю. Глыбіня даходзіць да 60 м, а крутасць схілаў - да 30 градусаў. На дне некаторых з іх праходзяць вуліцы горада.
Мазырскія яры, фота: zapovednytur.by
Заказнік “Мазырскія яры” стварылі ў лютым 1986 г., каб захаваць унікальны стан прыродна-ландшафтных экасістэм, а таксама флору і фауну гэтай мясцовасці. У 2007 годзе са складу заказніка выключылі пэўную частку яроў, якія знаходзіліся на тэрыторыі горада. Зараз у “Мазырскіх ярах” сустракаецца прыкладна 980 відаў раслін, у тым ліку - занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Таксама ёсць розныя віды жывёл і птушак.
У заказніку арганізаваныя 2 турыстычныя сцяжынкі, праходзячы якія можна пазнаёміцца з прыродай, флорай і фаунай аб’екта. Адна са сцяжын мае даўжыню 6 км і разлічаная на 3-4 гадзіны шляху. Другая - 2-х кіламетровая, праходзіцца за 2 гадзіны.
Як даехаць у Мазыр з Мінска?
1. На маршрутцы - кошт білетаў 25 руб.
2. На цягніку да Калінкавічаў - кошт білетаў - ад 15,79 руб. да 24, 22 руб., далей на дызелі або маршрутцы/аўтобусе - да Мазыра (кошт білетаў - ад 63 кап.)
3. На ўласным транспарце - выезд з Мінску з боку ст. м. Магілёўская, далей па трасах М5 і Р31 ў бок Р131 (паварот на Мазыр) і далей - да Мазыра
Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% - толькі з дазволу рэдакцыі.