Учора, 3 снежня, католікі Беларусі і ўсяго свету распачалі час Адвэнту. Што гэта такое і якія традыцыі з гэтым звязаныя, распавядаем у нашым матэрыяле.
Адвэнт (ад лац. “adventus” - “прыйсце”) - гэта перыяд перад святам Божага Нараджэння. Распачынаецца ён за чатыры тыдні да Раства і суправаджаецца малітоўнымі і пакаяльнымі практыкамі, традыцыямі, засяроджаннем і рэфлексіяй.
Першыя згадкі пра Адвэнт у гістарычных крыніцах сустракаюцца яшчэ ў IV ст. У залежнасці ад года, Адвэнт можа распачынацца ў перыяд з 27 лістапада па 3 снежня і заканчваецца 24 снежня.
Вернікі, па-жаданні, выбіраюць для сябе пэўныя пастановы на Адвэнт, каб лепей яго перажыць. Гэта можа быць абмежаванне ў мясных або салодкіх стравах, адмова ад сацсетак або музыкі і іншае.
Прарокі Старога Запавету прадказвалі з’яўленне Хрыста
Адвэнт мае патройнае значэнне. Па-першае - гэта ўспамін чакання першага прыйсця Езуса Хрыста - Сына Божага. Другое - гэта разважанне на тэму другога прышэсця Хрыста ў канцы свету. І трэцяе (асноўнае) - перыяд радаснага чакання нараджэння Хрыста. Час падрыхтоўкі да гэтага важнага хрысціянскага свята.
Адвэнт - гэта асаблівы час падрыхтоўкі да свята Божага нараджэння
Кожная нядзеля Адвэнту таксама мае сваё значэнне. Першая прысвечана другому прышэсцю Хрыста. Другая і трэцяя паказваюць пераход ад Старога да Новага запавету Бібліі. Чацвертая прысвечана падзеям з Евангелля, якія папярэднічалі нараджэнню Езуса Хрыста.
Традыцыі Адвэнту
Перыяд Адвэнту мае свае цікавыя традыцыі, якія ў розных народаў свету могуць адрознівацца. У Беларусі аднымі з распаўсюджаных традыцый з’яўляюцца адвэнтавы вянок, рараты і адвэнтавы каляндар.
Адвэнтавы вянок
Традыцыя рабіць адвэнтавы вянок паходзіць з ХІХ ст. з пратэстантызму. Лютэранскі пастар Джон Віхэрн заснаваў у Гамбургу школу для дзяцей-сіротаў. У перыяд Адвэнту 1839 года ён прыдумаў заахвоціць дзяцей да малітвы асаблівым чынам. Для гэтага быў створаны вянок дыяметрам у 2 метры, а па яго краях размешчаны 24 свечкі - на кожны дзень Адвэнту.
Штодзённа запальвалася чарговая свечка, дзеці збіраліся каля вянка на супольныя сустрэчы, маліліся і спявалі песні. У хуткім часе такая традыцыя распаўсюдзілася ў іншых краінах Еўропы.
Каталіцкі адвэнтавы вянок робяць з зялёных яловых або піхтавых галінак у форме круга. Па яго баках ставіцца 4 свечкі, якія сімвалізуюць чатыры нядзелі Адвэнту. Кожную нядзелю запальваецца чарговая свечка. Запальванне свечак мае значэнне гатоўнасці да прыходу Хрыста.
Адвэнтавы вянок напоўнены сімвалізмам. Святло свечак мае значэнне надзеі, зялёны колер вянка - працяг жыцця. Круглая форма - сімвал вечнасці, у якой няма пачатку і канца. Вянок у сваёй цэльнасці азначае ўвесь Божы народ, які радасна і з любоўю чакае прыход Хрыста ў свет.
Раратнія Імшы (рараты)
Рараты (або раратнія Імшы) - гэта спецыяльныя каталіцкія службы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі. Яны праводзяцца, як правіла, на світанні, або вечарам.
Рараты прыйшлі ў Беларусь з Захаду, дзе існавалі ўжо ў XIII стагоддзі. Гэтыя службы нагадваюць вернікам пра Дзеву Марыю, якая параўноўваецца з ранішняй зоркай, што ззяе на небе перад узыходам сонца. Нібы ранішняя зорка, Марыя папярэднічае з’яўленню Хрыста - Сонца і Святла для ўсяго свету.
Падчас раратняй Імшы, фота: polanka.przemyska.plНа раратніх службах звычайна прысутнічае шмат дзяцей. Яны прыходзяць на рараты са свечкамі або лампадкамі, запальваюць іх і ідуць у працэсіі. У дарослых у гэты час таксама ў руках запаленыя свечкі і лампадкі, якія сімвалізуюць збіранне добрых учынкаў.
Добрыя учынкі павінны дапамагчы асвятліць цемру граху ў душы, а таксама паказаць шлях Хрысту да сэрцаў людзей.
Затым на спеў “Хвала на вышынях Богу” у касцёле запальваецца святло, свечкі гасяцца і служба працягваецца як у звычайныя дні.
Падчас раратняй Імшы на алтары таксама запальваецца свечка-раратка, якая з’яўляецца сімвалам Дзевы Марыі.
Адвэнтавы каляндар
Гэтая традыцыя не такая распаўсюджаная ў Беларусі, як папярэднія, але таксама існуе. Адвэнтавы каляндар звычайна робіцца для дзяцей у выглядзе скрынкі з акенцамі. Акенцаў столькі, колькі дзён у Адвэнце.
У скрынцы змяшчаюцца цукеркі або іншыя невялікія падарункі. Кожны дзень Адвэнту дзеці (і дарослыя таксама) могуць адкрыць толькі адно акенца і дастаць са скрынкі падарунак. Але толькі пасля таго, як зробяць добры учынак. Сёння варыянты і мадыфікацыі Адвэнтавага календара могуць быць рознымі.
Адвэнтавы каляндар узнік у ХVII стагоддзі, калі існавала традыцыя падчас Адвэнту вывешваць на сцены дамоў малюнкі, на якіх былі адлюстраваны біблейскія матывы. Сям’я збіралася разам перад малюнкамі і разважала над іх сюжэтамі. Так паглыбляліся веды пра Хрыста.
Аўтар: Марына Валасар