Стратэгічны пункт абароны ад крыжакоў і рэзідэнцыя вялікіх князёў Літоўскіх, важны гандлёвы і рамесны цэнтр ВКЛ – усё гэта пра Ліду. Сюды мы сёння і адправімся, працягваючы нашыя падарожжы па Беларусі.

Падарожжа ў Ліду 1.jpg

З чаго пачалася гісторыя Ліды?

У 2023 годзе Ліда святкуе свой 700-гадовы юбілей. Датай заснавання горада лічаць 1323 год, калі па загадзе князя Гедыміна пачалося ўзвядзенне Лідскага замка. А ўвогуле, на працягу сваёй гісторыі Ліда была ўласнасцю розных вялікіх князёў Літоўскіх: Гедыміна, Кейстута, Альгерда, Ягайлы і Вітаўта.

З XIV ст. неаднаразова падвяргалася крыжацкім нападам. У XV-XVI стст. з’яўлялася значным гандлёвым і рамесным цэнтрам і мела сувязі з Новагародкам, Вільняй, Полацкам і Менскам.

Падарожжа ў Ліду 2.jpgЛіда над ракой Лідзянкай. Віленская губернія. Літаграфія, Напалеон Орда

У 1590 годзе Ліда атрымала Магдэбургскае права і ўласны герб. Пасля войнаў з Расіяй і Швецыяй, пачынаючы з другой паловы XVII ст., знаходзілася ў заняпадзе. Але ўжо праз 100 гадоў пачала зноў адраджацца ў гаспадарчым плане.

У выніку ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе, горад увайшоў у склад Расійскай імперыі. Затым перыядычна станавіўся ўласнасцю розных гаспадароў – адыходзіў то немцам, то савецкай уладзе, то палякам, а ў 1939-м, як і ўся Заходняя Беларусь, быў далучаны да БССР.

Падарожжа ў Ліду 3.jpgНа Рыначнай плошчы ў Лідзе (паштоўка 1915 г.), крыніца: lidanews.by

15 студзеня 1940 года Ліда стала цэнтрам Лідскага раёна і ўвайшла ў склад Баранавіцкай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, а ў пасляваенны перыяд адраджалася і “абрастала” новымі прадпрыемствамі, навучальнымі і культурнымі ўстановамі.

Лідскі замак – візітная картка горада

Як мы памятаем, будаўніцтва замка распачалося па загадзе вялікага князя Гедыміна і працягвалася, прыкладна, 5 гадоў. Замак у Лідзе быў часткай абарончай лініі супраць крыжацкай навалы: Навагародак – Крэва – Трокі – Вільня.

Падарожжа ў Ліду 4.jpg

Для ўзвядзення крэпасці выбралі балоцістае месца зліцця дзвюх рэчак – Ліды (Лідзеі) і Каменкі. Крэпасць паставілі на штучна створаным узгорку вышынёй у 5-6 м. Яе плошча складала прыкладна 0,6 га, таўшчыня сценаў – 1,5-2 м, вышыня – 12 м. 

Падарожжа ў Ліду 5.jpg

Асноўнымі матэрыяламі для будаўніцтва паслужылі бутавы камень і цэгла. На поўначы замак быў акружаны ровам, шырынёй у 20 м, які злучаў дзве рэчкі і аддзяляў крэпасць ад горада.

У плане замак нагадваў трапецыю: паўночная сцяна даўжынёй 93,5 м, паўднёвая – 80 м., заходняя – 84 м і ўсходняя – 83,5 м. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Лідскі замак будавалі майстравыя кіяўляне і палонныя з Валыні.

Падарожжа ў Ліду 6.jpg

Асноўным абарончым элементам замка з’яўляліся сцены. У верхняй іх частцы змяшчалася баявая галерэя, складзеная з цэглы. Галерэя трымалася на драўляных бэльках, а ў яе сценах меліся спецыяльныя байніцы, праз якія тагачасныя ваяры маглі страляць па ворагам.  

Падарожжа ў Ліду 7.jpg

Падарожжа ў Ліду 8.jpg

А ворагаў, вядома, было шмат. Найбольш замак пацярпеў ад іх у пачатку XVIII ст., падчас Паўночнай вайны. Тады шведы ўзарвалі абедзве вежы замка.

Падарожжа ў Ліду 9.jpg

У 1794-м ў замку змагаліся з царскімі войскамі паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі. І крэпасці дасталася яшчэ больш. У 1891 годзе, пасля пажару ў Лідзе, мясцовыя ўлады пачалі ўвогуле разбіраць замак для аднаўлення горада, а з замкавых схілаў бралі пясок. У выніку амаль поўнасцю былі страчаныя рэшткі паўднёва-заходняй вежы, а таксама часткова разабраная заходняя сцяна.

Падарожжа ў Ліду 10.jpg

Некаторыя працы па ўмацаванні замка былі зробленыя ў пачатку XX стагоддзя, а калі Ліда ўваходзіла ў склад Польшчы, у крэпасці нават праводзілі рэстаўрацыйныя работы польскія спецыялісты пад кіраўніцтвам архітэктара Тадэвуша Буршэ.

Падарожжа ў Ліду 11.jpgРуіны Лідскага замка, 1930 г. 

У летні перыяд Лідскі замак часта быў прыпынкам для вандроўнага цырка або звярынца, зімой у яго двары залівалі каток, а ў сярэдзіне ставілі святочную ялінку.

Падарожжа ў Ліду 12.jpgЛядовы каток у Лідскім замку, 1930-я гг., pawet.net

22 студзеня 1940 года замку надалі статус помніка архітэктуры. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ім змяшчаўся лагер ваеннапалонных Чырвонай арміі, а ў пасляваенны перыяд пэўны час быў невялікі стадыён. Таксама, па старой традыцыі, тут часта спыняўся перасоўны звярынец.

Падарожжа ў Ліду 13.jpg

Падарожжа ў Ліду 14.jpg

Нягледзячы на тое, што Лідскі замак у 1953 годзе ўключылі ў спіс помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, ён працягваў разбурацца. І толькі ў 1978 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія вяліся, з перапынкамі, да 2020 года. Большасць таго, што мы сёння бачым у замку – вынік такой працяглай рэстаўрацыі.

Падарожжа ў Ліду 15.jpg

Падарожжа ў Ліду 16.jpgЭлементы старадаўняга ўзбраення ў экспазіцыях Лідскага замка

Зараз у крэпасці размяшчаюцца музейныя экспазіцыі, а ў яго двары – прыватная кавярня.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа – пабудавалі з пятай спробы

Недалёка ад Лідскага замку знаходзіцца касцёл Узвышэння Святога Крыжа 1765-1770 гг. пабудовы. Святыня ўзводзілася біскупам Тамашам Зяньковічам на грошы яго дзядзькі – біскупа віленскага Міхала Зяньковіча. Храм пабудавалі побач з папярэднім, драўляным касцёлам, які стаяў у падзамчышчы і быў чацвертым па ліку касцёлам на гэтым месцы.

Падарожжа ў Ліду 17.jpg

Першы касцёл у Лідзе ўзвялі яшчэ ў 1387 годзе, па загадзе караля Ягайлы. Аднак, ён згарэў падчас крыжацкай навалы ў 1392-м. Наступныя дзве святыні, якія будавалі на тым жа месцы, таксама былі знішчаны падчас нападаў знешніх ворагаў. І толькі чацвертая засталася цэлай, пакуль яе не разабралі, па загадзе Лідскага старасты і падстолія ВКЛ Сцыпіёна, для матэрыялаў на будаўніцтва мясцовай уніяцкай царквы.

Падарожжа ў Ліду 18.jpg

Будынак новага мураванага касцёла ўзвялі ў стылі сталага барока. Спачатку ў ім былі таксама дзве трох’ярусныя вежы па баках франтона, але ў 1821 годзе яны былі знішчаныя падчас пажару.

Каля касцёла была збудаваная званіца, а сам комплекс храма акружала мураваная агароджа з барочнай брамай. Аднак званіца знікла ў ХІХ ст., а агароджу знеслі пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Падарожжа ў Ліду 19.jpgЛідскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў 1912 г., фота: pawet.net

У 1928 годзе касцёл асвяціў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. У савецкі перыяд святыня не зачынялася і працягвала дзейнічаць па прызначэнні. Храм уключылі ў спіс помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Падарожжа ў Ліду 20.jpgІнтэр’ер касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе

У касцёле 8 алтароў. Ёсць старадаўні абраз Маці Божай Лідскай (Ружанцовай), які, згодна з паданнем, прывезлі ў Ліду з Візны (Беласточчына) ў 1376 г. манахі францысканцы. Таксама ў храме знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, намаляваны ў 1847 годзе.

Падарожжа ў Ліду 21.jpg

Скляпенні, сцены, аконныя адхілы святыні ўпрыгожваюць фрэскі, скульптура і арнаментальная лепка. 

Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор – рэдкі прыклад храма-ратонды

Сабор святога Міхала Арханёла ў Лідзе будаваўся спачатку як каталіцкі храм у гонар св. Юзафа Каласанса. Касцёл узводзілі на месцы былога драўлянага храма, з 1797 па 1825 гг., разам з кляштарам манахаў-піяраў. 5 тысяч рублёў на пабудову касцёла ахвяраваў імператар Павел І.

Падарожжа ў Ліду 22.jpg

У 1832 годзе, пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг., кляштар піяраў зачынілі. Пасля некаторы час у ім размяшчалася гандлёвая школа. Сам касцёл пацярпеў ад пажару ў 1842 годзе, быў адноўлены, а пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, у 1863-м, перададзены праваслаўным і асвечаны ў гонар св. Міхала Арханёла.

Падарожжа ў Ліду 23.jpg

У 1922 годзе манахі-піяры вярнуліся ў Ліду. Некаторы час касцёл дзейнічаў, але ў 1939-м савецкая ўлада яго зачыніла.

У часы Другой Сусветнай вайны каталіцкая святыня зноў функцыянавала, але ў пасляваенны час была зачыненая ў чарговы раз. У розныя перыяды тут знаходзіліся спартыўная зала, музей і планетарый. У 1996 г. будынак зноў стаў храмам. Яго перадалі праваслаўным.

Падарожжа ў Ліду 24.jpgКасцёл св. Юзафа Каласанса (сёння - сабор св. Міхала Арханёла) у Лідзе, 1946 г. 

Будынак  з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Гэта рэдкі прыклад храма-ратонды ў будаўніцтве каталіцкіх святыняў.

Падарожжа ў Ліду 25.jpg

У інтэр’еры царквы можна ўбачыць 8 пар дарычных калон, а таксама роспіс на столі ў тэхніцы грызайль.

Падарожжа ў Ліду 26.jpg

Падарожжа ў Ліду 27.jpg

Да царквы прымыкае будынак былога кляштара піяраў, а побач – аднаярусная вежа-званіца. 

Падарожжа ў Ліду 28.jpg

Падарожжа ў Ліду 29.jpg

Як даехаць да Ліды

1. На маршрутках. Кошты вагаюцца ад 10 да 15 руб.

2. Цягнікамі. Ёсць некалькі штодзённых цягнікоў. Кошты білетаў – ад 9,19  да 22,90 руб. 

3. На ўласным транспарце – па трасе М6 да перасячэння з трасай М11 каля вёскі Калясішча (Лідскі раён), затым па трасе М11 да Ліды.

Аўтар: Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц

*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% - толькі з дазволу рэдакцыі.