Гэты горад часта з’яўляецца абавязковым пунктам турыстычных маршрутаў на шляху да Ружанаў і Брэста. І нездарма. Тут можна наведаць малую радзіму нацыянальнага героя Польшчы і ЗША – Тадэвуша Касцюшкі, убачыць купель, у якой ён быў ахрышчаны, а таксама прагуляцца па неагатычным замку старажытнага роду Пуслоўскіх. Едзем у Косава, каб паглядзець усё сваімі вачыма.
Хто валодаў Косавам?
Косава размяшчаецца недалека ад Івацэвічаў. Гісторыя паселішча даволі даўняя і налічвае больш за 500 гадоў. Першыя згадкі пра яго датуюцца 1494 годам. Тады вялікі князь Аляксандр перадаў Косава ўласнаму маршалку Івану Літавору Храптовічу.
Пазней мястэчка належала розным шляхецкім родам: Осцікам, Сангушкам, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім.
Сядзіба Касцюшкаў і палац Пуслоўскіх на малюнку Напалеона Орды, 1875 г.
У гады Першай Сусветнай вайны, з 1915-г., Косава было пад нямецкай акупацыяй. Пасля Рыжскага мірнага дагавора ўвайшло ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, атрымала статус горада і стала цэнтрам павета. У 1939 годзе Косава ўвайшло ў БССР і ў 1940-м стала райцэнтрам. Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, а ў 1947 годзе стаў часткай Івацэвіцкага раёна.
Палац Пуслоўскіх (Косаўскі замак)
Самай вядомай знакамітасцю Косава з’яўляецца палац Пуслоўскіх, або “Косаўскі замак”, пабудаваны ў неагатычным стылі па ініцыятыве Вандаліна Пуслоўскага ў 1838-1850 гадах. Праект пабудовы склаў архітэктар Францішак Яшчолд. У другой палове ХІХ ст. адбылася рэканструкцыя палаца, якой займаўся архітэктар Уладзіслаў Марконі, а салонны мастак Францішак Жмурка абнавіў афармленне інтэр’ераў.
Косаўскі замак складаўся з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і двух бакавых – аднапавярховых. Будынак упрыгожвалі 12 вежаў, якія сімвалізавалі месяцы года. Самыя вялікія з іх абазначалі май, чэрвень, ліпень і жнівень. Да нашага часу захаваліся толькі 10 вежаў.
У палацы было 132 пакоі, якія цалкам адрозніваліся. Сістэму калідораў і размяшчэнне вокнаў уладкавалі так, што на працягу 2,5 дзён на год адзін з пакояў цалкам быў асвечаны сонцам. У гэтыя дні адзначаўся “Дзень пакоя”. Гаспадары багата ўпрыгожвалі пакой і праводзілі там шмат часу.
Элементы інтэр’еру “Рубінавай залы” ў Косаўскім замку
У Косаўскім замку было шмат прыгожых залаў, якія мелі свае назвы і прызначэнне. У Белай зале танчылі, у Ружовай – слухалі музыку і займаліся працай, у Чорнай – гулялі ў карты… Таксама ў палацы размяшчаліся галерэя і багатая бібліятэка на 10 тысяч кніг. Рэстаўратары выказваюць здагадкі, што ў Параднай зале пад шкляной падлогай раней было штосьці накшталт акварыуму, дзе плавалі экзатычныя рыбкі.
Часткі інтэр’еру Белай залы ў Косаўскім замку
Палац быў узведзены на пагорку, які ўтварыўся пасля стварэння трох штучных азёраў, што захаваліся і да нашага часу. Пагорак з часам пераўтварыўся ў прысядзібны парк з больш чым 100 відамі раслін, а таксама скульптурамі і фантанамі. У агульную кампазіцыю быў уключаны таксама стары прысядзібны парк Касцюшкаў. Завяршаўся паркавы масіў вышэйзгаданымі сажалкамі.
Пасля Вандаліна ўладальнікам палаца стаў Леанард Пуслоўскі, які прадаў родавы дом расійскаму купцу Аляксандраву, каб пагасіць даўгі ад гульні ў карты. Потым палац увесь час пераходзіў да розных гаспадароў.
Падчас Першай сусветнай вайны палац разрабавалі і часткова разбурылі. З 1921 да 1939-га гадоў ён належаў Польшчы і змяшчаў у сабе адміністрацыю староства Косаўскага павета, а таксама вучылішча садаводства. Затым, у верасні 1939 года, ў замку знаходзіліся часткі Чырвонай арміі, якія прабылі там да 1941 года.
Косаўскі замак у часы Першай сусветнай вайны
Найбольш палац пацярпеў у часы Вялікай Айчыннай вайны: у 1944 годзе мясцовыя партызаны падпалілі будынак, бо баяліся, што фашысты зладзяць у ім засаду.
У савецкі час палац і навакольная тэрыторыя належалі Дзяржаўнаму лясному фонду. У 1947 годзе мясцовыя ўлады спрабавалі часткова прыстасаваць яго пад дзіцячы дом, але задача аказалася непасільнай і працы былі спыненыя. Доўгі час ён стаяў у запусценні і толькі ў 2007 годзе распачалася рэстаўрацыя, якая скончылася ў 2023 годзе. Зараз у Косаўскім замку размяшчаецца музей, гатэль, кафэ і рэстаран.
Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі
Побач з Косаўскім палацам знаходзіцца музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі. Пабудаваны ён на месцы родавай сядзібы Касцюшкаў, якая была ўзведзена ў 1720 годзе. Тут 4 лютага 1746 года нарадзіўся дзяржаўны і ваенны дзеяч Беларусі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Менавіта ў гэтым доме ў Мерачоўшчыне ён правёў свае першыя 9 гадоў жыцця.
У гады Вялікай Айчыннай вайны сядзіба Касцюшкаў згарэла падчас пажару, які арганізавалі партызаны, каб перашкодзіць фашыстам зрабіць засаду.
У 2003 годзе Косаўскі аблвыканкам прыняў рашэнне аднавіць старую сядзібу Касцюшкаў. У тым жа годзе былі праведзены археалагічныя раскопкі, падчас якіх быў знойдзены стары фундамент сядзібы, а таксама падвальныя памяшканні. Менавіта на гэтым фундаменце і быў узведзены новы дом па старых фотаздымках. Аднаўленне адбылося пры фінансавай падтрымцы Злучаных Штатаў. Цырымонія адкрыцця музея прайшла 23 верасня 2004 года.
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Косаве, усталяваны ў 2018 годзе
Музей падзяляецца на 2 часткі – мемарыяльную і гістарычную. У мемарыяльнай частцы знаходзяцца сенцы, кухня, пакой маці, працоўны кабінет бацькі і гасціная. Экспазіцыя пакояў папаўняецца мэбляй ХІХ-ХХ стст.
У гістарычнай частцы прадстаўлены экспанаты, знойдзеныя падчас раскопак 2003 года, а таксама рэчы, дакументы і карціны, звязаныя з біяграфіяй Тадэвуша Касцюшкі. Тут змяшчаюцца ў асноўным копіі (арыгіналы знаходзяцца ў ЗША і Польшчы).
Адзенне і зброя ўдзельнікаў паўстання 1794 года (касінераў) і сучасны парадны мундзір кадэтаў Ваеннай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце
Інтэр’ер музея Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве, “гасціная”
Таксама ў музеі можна спусціцца ў падвальнае памяшканне, якое захавалася ад старой сядзібы ХVIІІ стагоддзя.
У 2018 годзе побач з музеям быў усталяваны помнік Тадэвушку Касцюшку, створаны ва Украіне па праекце скульптара з Беларусі Гэніка Лойкі. Ля сядзібы можна ўбачыць таксама памятны валун у гонар Тадэвуша Касцюшкі.
Касцёл святой Тройцы
Гісторыя касцёла святой Тойцы ў Косава пачалася 1 верасня 1520 года. Тады Троцкім ваяводай Ежы быў заснаваны першы касцёл у гонар Святой Тройцы і Найсвяцейшай Панны Марыі. У часы Рэфармацыі касцёл св. Тройцы быў кальвінісцкай абшчынай.
У 1626 годзе ўладальнік Косава, Вялікі Гетман ВКЛ, Леў Сапега пашырае зямельныя ўладанні і зафундоўвае новы каменны касцёл. Таксама ў гэты час ён перадае касцёлу абраз Маці Божай Ласкавай 1620 года (які потым аказваецца цудатворным) і арыгінальную купель для хросту, выкананую на кракаўскі ўзор. Менавіта ў гэтай купелі 12 лютага 1746 года ахрысцілі Тадэвуша Касцюшку. Купель захавалася да нашага часу.
У 1872 годзе здарыўся пажар і касцёл згарэў. На яго месцы ў 1877 годзе была ўзведзена новая цагляная святыня ў неагатычным стылі. Сродкі на будаўніцтва збіралі парафіяне касцёла, а асабліва фінансава дапамог Вандалін Пуслоўскі.
Касцёл дзейнічае бесперапынна. У савецкія часы храм быў зачынены, але не знішчаны і не разрабаваны. Святыня проста пуставала, і ў ёй не размяшчаліся ніякія іншыя ўстановы. Такім чынам, у храме захаваліся ўсе культавыя рэчы. Добры стан касцёла захоўвалі яго парафіяне.
Каталіцкая капліца 1859 года
На ўездзе ў Косава з боку Івацэвічаў, пасярод могілак, знаходзіцца каталіцкая капліца 1859 года пабудовы. Асаблівасць яе ў тым, што ў яе сценах умураваныя старажытныя надмагіллі. Выкананая святыня ў рэтраспектыўна-гатычным стылі. Яна ўяўляе сабой прамавугольнік з чатырма невялікімі вежкамі ў вуглах будынка. Пакрыты храм двухскатным дахам. У інтэр’еры капліцы – крыжовыя скляпенні на дапаможных арках.
Капліцу пабудавалі на магіле ксяндза Адама Дмахоўскага. А побач з ёй знаходзіцца магіла паўстанцаў 1863-1864 гг.
Косава – багаты на гістарычныя помнікі горад. Акрамя славутасцяў тут можна наведаць праваслаўную каменную царкву Святога Антонія (1868 г.) і могілкаву драўляную капліцу Успення Найсвяцейшай Багародзіцы (1871 г.).
Як даехаць да Косава:
1. Цягнікамі з Мінска да Івацэвічаў (кошт білетаў – ад 14 да 22 руб.), а затым на аўтобусе да Косава (кошт білетаў – 1,60 руб.; аўтобусы адпраўляюцца 3 разы на дзень – ў 8:30, 11:30 і 17:30, але расклад лепей загадзя ўдакладніць, звязаўшыся з аўтавакзалам).
2. На ўласным транспарце – па трасе E30/M1 да Івацэвічаў, затым па трасе P44 да Косава.
Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% - толькі з дазволу рэдакцыі.