15 кастрычніка ў вёсцы Мядзведзічы, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, распачаўся фестываль арганнай музыкі "Gloria Deo".
Мядзведзічы, касцёл свв. апосталаў Пятра і Паўла
Першы канцэрт у межах фестывалю даў арганіст з Масквы Аляксей Шмітаў. Музыкант выканаў творы Баха, Мендэльсона, Брамса і Райнбергера.
Вядучым канцэрту выступіў Аляксандр Бурдзялёў, стваральнік энцыклапедыі "Арганы Беларусі".
Арганіст Аляксей Шмітаў падчас выступлення ў Мядзведзічах
Гэта ўжо другі па ліку восеньскі фестываль у Мядзведзічах, які ладзіцца ў касцёле свв. апосталаў Пятра і Паўла на старажытным аргане 1912 года. Першы прайшоў восенню 2021 года.
Сёлета ў праграме "Gloria Deo", акрамя ўзгаданага, запланаваны яшчэ два канцэрты арганнай музыкі, канцэрт вакальнай музыкі з арганам, а таксама паказ нямой кінастужкі 1918 года Frate Sole, якая распавядае пра жыццё святога Францішка Асізскага.
Фільм пакажуць з нагоды 800 год з моманту заснавання каталіцкага ордэна францысканцаў. Стужка будзе агучана з дапамогай арганнай імправізацыі.
Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца: Курыя Пінскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Ляхавіцкі райвыканкам.
На ўсе канцэрты ўваход вольны.
Фота Марыны Валасар