Арганісты з розных мясцінаў Беларусі, а таксама з-за мяжы прыязджаюць у беларускую вёску Мядзведзічы, каб сыграць на старажытным аргане 1912 года. Інструмент аднавілі ў 2020-м і ўжо цягам трох гадоў тут праходзяць канцэрты арганнай музыкі.
Падчас канцэрту Ганны Лабкоўскай у Мядзведзічах 13 жніўня
Сёлета ў праграме фестывалю Ars Magna Organi ў Мядзведзічах было запланавана 7 канцэртаў. Пяты з іх прайшоў зусім нядаўна – 13 жніўня. Творы знакамітых кампазітараў выканала арганістка з Мінску Ганна Лабкоўская. Прагучалі мелодыі Ёгана Себасцьяна Баха, Нікалауса Брунса, Марсэля Дзюпрэ, Аліўе Месіяна і Сезара Франка.
Заўважым, што канцэрты ў межах фестывалю Ars Magna Organi праходзяць зараз не толькі ў Мядзведзічах, але таксама ў Пінску і Віцебску, дзе арганізуюцца на мясцовым узроўні.
Арганістка Ганна Лабкоўская
Арганізатарам фестывалю ў Мядзведзічах выступіў Ляхавіцкі райвыканкам. Наступныя выступленні адбудуцца 27 жніўня і 10 верасня. Уваход на ўсе канцэрты – бясплатны.
Арган у Мядзведзічах знаходзіцца ў мясцовым касцёле св. Апосталаў Пятра і Паўла. Ён быў збудаваны ў 1912 годзе віленскім майстрам Пятром Вайцяховічам. Гэта найбуйнейшы інструмент, выкананы ў цалкам рамантычным стылі, што захаваўся ў першапачатковым выглядзе.
Старажытны арган у Мядзведзічах (1912 г.)
Мядзведзіцкі арган лічыцца таксама адным з найбуйнейшых арганаў Беларусі, якія былі збудаваныя да Першай сусветнай вайны. Ён займае другое месца па сваёй велічыні сярод гістарычных арганаў Брэсцкай вобласці, а таксама трэцяе – па колькасці рэгістраў, сярод усіх адрамантаваных гістарычных арганаў Беларусі, саступаючы толькі арганам у Пінску і Мсцібаве.
Аднаўленне аргану ў Мядзведзічах
З ініцыятывай аднавіць арган некалькі гадоў таму выступіў Ляхавіцкі райвыканкам. Потым адбылася сустрэча прадстаўнікоў мясцовых уладаў з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам, на якой і вырашылі рэалізаваць гэтую справу.
Аднаўленне аргану ў Мядзведзічах, 2020 год (фотаздымкі з facebook Аляксандра Бурдзялёва)
Цягам 10 месяцаў, з восені 2019-га да лета 2020 года адбываўся рамонт аргану, у якім удзельнічала 13 чалавек – валанцёры-энтузіясты розных прафесій з Мядзведзічаў і з іншых мясцін Беларусі. Да іх далучыўся, у тым ліку, колішні пробашч парафіі св. Апосталаў Пятра і Паўла, кс. Вінцэнт Сяўрук. Працэсам аднаўлення кіраваў Аляксандр Бурдзялёў, стваральнік энцыклапедыі “Арганы Беларусі”.
Марына Валасар, фота аўтара