Сёння католікі Беларусі і ўсяго свету адзначаюць свята Вялікадня – Уваскрасення Ісуса Хрыста. Па ўсёй краіне раніцай адбываюцца адмысловыя набажэнствы, якія ўключаюць урачыстую працэсію і Святую Імшу (службу). Мы пабывалі на святочнай літургіі ў вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна.
Каталіцкае набажэнства на Вялікдзень
Святочная літургія ў католікаў мае свае асаблівасці. На світанні святар разам са сваімі памочнікамі падыходзіць да сімвалічнага гробу Хрыста, дзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт (Святыя Дары) і некаторы час прыбывае ў цішыні. Такі момант літургіі ёсць не ва ўсіх каталіцкіх святынях, але даволі часта сустракаецца. Затым радасна абвяшчае ўваскрасенне Хрыста.
Потым адбываецца ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і фігурай Уваскрослага Хрыста вакол касцёлаў, або па вуліцах населеных пунктаў. Яна азначае ўрачыстае абвяшчэнне ўваскрасення Ісуса Хрыста.
Падчас урачыстай працэсіі на свята Уваскрасення Хрыста ў вёсцы Мядзведзічы, Ляхавіцкага раёна
Вернікі абыходзяць храмы тры разы, несучы харугвы, абразы, а таксама, у некаторых выпадках, рассыпаючы пялёсткі жывых кветак.
Кс. Леанард Акалатовіч, пробашч парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, разам з міністрантамі (прыслужнікамі) пераносіць Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі вакол касцёла
Потым распачынаецца святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (на лац. мове resurrection – уваскрасенне).
Пасля святой Імшы католікі вяртаюцца ў свае дамы і адзначаюць Вялікдзень за святочным сталом. Некаторыя стравы, якія ўжываюцца ў гэты дзень, асвячаюць, па традыцыі, напярэдадні, у Вялікую суботу. У велікодны перыяд хрысціяне вітаюць адно аднаго словамі: “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”
Паходжанне назвы свята
Распаўсюджаная назва свята – “Пасха” паходзіць ад яўрэйскага “Песах”, якое азначае “праходзіць міма” і звязана з Біблейскай гісторыяй. Падчас апошняга “егіпецкага пакарання” анёл смерці знішчаў усіх першынцаў у Егіпце. Яўрэям Бог наказаў памазаць вушакі дзвярэй у дамах крывёю ахвярнага ягняці. Тыя дамы, дзе быў такі знак, бяда не закранула. Менавіта пасля знішчэння першынцаў фараон, нарэшце, адпусціў ізраільцянаў на свабоду пасля доўгіх гадоў няволі. І сёння яўрэі святкуюць “Песах” як успамін аб вызваленні ізраільскага народа з егіпецкага рабства.
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, в. Мядзведзічы, Ляхавіцкі р-н, Брэсцкая вобл.
Асуджэнне Ісуса, мукі, смерць на крыжы і Уваскрасенне прыпалі на дні яўрэйскай Пасхі. Таму першыя хрысціяне перанялі назву свята ў іудзеяў. Цяпер даты хрысціянскай Пасхі і Песаха не супадаюць, гэта два розныя святы. У заходніх славянаў Уваскрасенне Хрыста называецца “Вялікі дзень” ці “Вялікая ноч”. У Беларусі распаўсюджаная назва – “Вялікдзень”.
Марына Валасар, фота аўтара