Калі хочаце збегчы куды-небудзь з Мінску на адзін дзень і даведацца больш пра гісторыю Беларусі, адзін з добрых варыянтаў – Валожын. Тут сустракаюцца элементы культуры розных рэлігій і перыядаў. Самая першая ешыва (навучальная ўстанова, дзе рыхтавалі рабінаў) на тэрыторыі Усходняй Еўропы, старадаўні касцёл у класіцыстычным стылі, палац Тышкевічаў і іншыя цікавосткі.

Падарожжа ў Валожын 1.jpg

Як дабрацца да Валожына з Мінску

Валожын знаходзіцца ў 76 км ад Мінску. Дабрацца да райцэнтра можна:

  • на маршрутцы - ад ст. м. “Каменная Горка” (прыпынак з боку медцэнтра “Лодэ”), кошт білетаў - ад 3 да 7,5 руб.

  • на аўтобусе - ад аўтавакзала “Цэнтральны” і ад ст. м. Каменная Горка. Кошты білетаў - ад 6,5 да 8,57 руб. Інфармацыя можа змяняцца, таму ўдакладніць яе лепш на сайце ticketbus.by або па нумары 114

  • на ўласным аўтамабілі - па трасе М6 (на Гродна) да вёскі Бабровічы, пасля - паварот на трасу Р56.

Крыху гісторыі 

Крыжакі.jpg

Упершыню Валожын узгадваецца напрыканцы XIV стагоддзя ў нямецкіх хроніках. Ёсць версія, што крыжаносцы, якія праходзілі праз паселішча, называлі яго “Флаштэйн”, або “Влошын”. У перакладзе гэта азначае “лесасплаў”, “плыт”.  Такім чынам яны далі назву паселішчу. 

У 1440-я гады Валожынам кіравалі аднаіменныя князі Валожынскія, у якіх паселішча канфіскавалі з-за ўдзелу ў змове супраць вялікага князя Казіміра Ягелончыка. Затым у розныя перыяды гісторыі горад быў уласнасцю вядомых шляхецкіх родаў: Манівідаў, Вярэйскіх, Гаштольдаў, Радзівілаў, Служкаў, Чартарыйскіх і Тышкевічаў. Да нашага часу найбольш захаваліся помнікі архітэктуры ў стылі класіцызму, узведзеныя якраз у часы кіравання графаў Тышкевічаў.

Што паглядзець?

Касцёл святога Юзафа 

Каталіцкая парафія ў Валожыне была створана яшчэ ў 1475-м годзе. Прыкладна ў той жа час, у 1492-м і 1500-м гг. тут былі пабудаваныя драўляныя касцёлы, а потым – кляштар бернардынаў. Яго заснаваў у 1681 годзе гетман літоўскі і кашталян віленскі Юзаф Багуслаў Служка. Прыкладна праз дзевяць гадоў пасля гэтага драўляны касцёл зноў перабудавалі і пашырылі. Храм прастаяў да 1815 года, пакуль не згарэў у пажары.  

Сучасны мураваны касцёл святога Юзафа (пл. Свабоды, 2) ўзвялі побач з драўляным у 1806-1816 гг. ў стылі класіцызму. Фундатарам выступіў тагачасны ўладальнік Валожына Юзаф Тышкевіч. Дарэчы, зараз пад хорамі касцёла размешчана сямейная пахавальня Тышкевічаў. У ёй пахаваны Юзаф Тышкевіч і члены яго сям’і.

Падарожжа ў Валожын 2.jpg

Падарожжа ў Валожын 3.jpg

У 1860-х гадах па загадзе расійскіх уладаў кляштар бернардынаў быў знішчаны, а новы касцёл забраны ў католікаў і перададзены праваслаўным.

Падарожжа ў Валожын 3-1.pngКасцёл у Валожыне перадалі праваслаўным пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, фота прыкладна 1860-я гг.- пач. XX ст. 

Падарожжа ў Валожын 3-2.pngКасцёл св. Юзафа ў Валожыне, 1941 год.

Католікам яго вярнулі толькі ў 1919 годзе. Але пасля Вялікай Айчыннай вайны храм зноў забралі ўлады і доўгі час выкарыстоўвалі ў розных мэтах. Тут было складское памяшканне, цэх будаўнічага жалезабетону і завод пластмасавых вырабаў.  У 1990-я гг. святыня была вернута католікам, адноўлена і зараз у ёй праводзяцца набажэнствы.

Падарожжа ў Валожын 4.jpg

Падарожжа ў Валожын 5.jpgПомнік Яну Паўлу ІІ (Папа Рымскі з 1978 па 2005 гг.) каля касцёла ў Валожыне

Каля касцёла размяшчаецца таксама брама-званіца, пабудаваная ў 1829 годзе, а ўжо ў нядаўні час з іншага боку святыні быў усталяваны помнік Яну Паўлу II.

Палац Тышкевічаў

Палацава-паркавы ансамбль роду Тышкевічаў знаходзіцца зусім побач з касцёлам св. Юзафа, аднак патрапіць на тэрыторыю галоўнага будынку і ўнутр яго зараз праблематычна. Тут размяшчаецца вайсковая частка. У флігелі насупраць – аддзяленне міліцыі. Перпендыкулярна двум першым будынкам размешчаны будынак былой аранжарэі. Тут зараз знаходзяцца ваенкамат, натарыяльная кантора і рэдакцыя мясцовай газеты. Парк, які быў каля рэзідэнцыі графаў, на жаль, не захаваўся.

Падарожжа ў Валожын 6.jpgАдзін з флігеляў палаца Тышкевічаў, зараз - аддзяленне міліцыі ў Валожыне

Палацава-паркавы ансамбль Тышкевічаў пабудаваны ў стылі класіцызму ў 1782-1806 гг. на беразе ракі Валожынкі. Аўтарам праекта стаў віленскі архітэктар Аўгустын Касакоўскі. Усе тры будынкі комплексу ўтваралі паўадкрыты двор.

Два паралельныя флігелі аднапавярховыя, з высокімі цокальнымі часткамі. Бакавыя іх крылы больш стрыманыя і сціплыя ў плане архітэктуры, а цэнтральныя часткі выдзеленыя мансардавымі паверхамі і ўпрыгожаныя вялікімі калонамі, як у старажытнай Грэцыі.

Падарожжа ў Валожын 7.jpg

Падарожжа ў Валожын 8.jpgГалоўны будынак палаца Тышкевічаў у Валожыне. Зараз - вайсковая частка

У трэцім, двухпавярховым, будынку, які ідзе перпендыкулярна першым двум, была вялікая аранжарэя. Цэнтральная частка яе завяршалася вялікім купалам, бакавыя крылы былі драўлянымі.  

Да Першай сусветнай вайны ў аранжарэі вырошчвалі апельсінавыя дрэвы, пальмы і розную іншую экзотыку. За ёй размяшчаліся цяпліцы, парнікі і гадавальнікі, якія акружаў пладовы сад. Сабраныя плады ішлі на экспарт.

Падарожжа ў Валожын 9.jpgБудынак былой аранжарэі графаў Тышкевічаў, фота: Віялета Фаміна

Таксама калісьці побач з палацамі былі гаспадарчыя пабудовы. Напрыклад, прыгожыя стайні ў французскім стылі, якія нічым не саступалі ўнутраным ўладкаваннем замежным аналагам.

Тышкевічы валодалі комплексам да 1939-га года. Потым ён перайшоў дзяржаве.

Валожынская ешыва

Значную частку жыхароў Валожына раней складалі яўрэі. І, канешне ж, гэта ўплывала на яго культурнае жыццё. У адзін момант тут з’явілася навучальная ўстанова для падрыхтоўкі рабінаў – самая першая ва ўсёй Усходняй Еўропе ешыва. Цікавы факт: большасць літвакоўскіх ешыбатаў (ешыў) свету ўзялі за ўзор менавіта Валожынскую ешыву. Сучаснікі называлі яе “Маці ешыбатаў”.

Падарожжа ў Валожын 10.jpgБудынак былой ешывы (вул. Кірава, 2Б) ў Валожыне

Валожынская ешыва была пабудаваная ў 1803 годзе. У ёй вучыліся шматлікія вядомыя рабіны свету. Адначасова тут атрымлівалі веды прыкладна 400 студэнтаў. Былі навучэнцы і з іншых краін. Напрыклад, з Англіі, Германіі і ЗША.

Установу перыядычна афіцыйна зачынялі, ў 1824-м і 1858-м. гадах, але ўпартыя рабіны працягвалі навучаць сваіх паслядоўнікаў нелегальна.

Падарожжа ў Валожын 10-1.pngВаложынская ешыва на старым фотаздымку

Царскія ўлады хацелі ўключыць у працэс навучання ешыбату свае правілы – вывучэнне рускай мовы па стандартах яўрэйскіх народных вучылішчаў, розныя свецкія навукі і іншае. Кіраўнікі ешывы з гэтым не згаджаліся. Найбольшы ціск на ўстанову адбываўся пры рабіне Нафталі Берліне.

Падарожжа ў Валожын 10-2.pngРабін Нафталі Берлін

Апошняе афіцыйнае закрыццё ешывы адбылося ў 1892 годзе. Пасля гэтага Берліна і яго вучняў выслалі з Валожына. Сам Нафталі цяжка перажываў закрыццё ўстановы, захварэў і памёр у Варшаве ў 1893 годзе. Аднак, нягледзячы на чарговае закрыццё, праз некалькі гадоў Валожынская ешыва зноў пачала дзейнічаць, хоць і неафіцыйна. Канчаткова была зачынена толькі ў 1939-м годзе.

Падарожжа ў Валожын 11.jpg

Падарожжа ў Валожын 12.jpg

Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку ўстановы размяшчаўся рэстаран, потым – “Кулінарыя”. 

Вяртанню ешывы яўрэям паспрыяў знакаміты ўраджэнец Валожыншчыны, былы прэм’ер і прэзідэнт Ізраіля – Шымон Перэс. У 1998 годзе ён наведаў Валожын, у выніку чаго была дасягнута дамоўленасць аб рэканструкцыі будынка. У 2000-м былую ешыву перадалі ва ўласнасць Іудзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню ў Рэспубліцы Беларусь. Пакуль што задумка не рэалізавалася і будынак яшчэ рэстаўруецца. У ім плануецца зноў адкрыць яўрэйскую навучальную ўстанову.

Шимон Перес в Вишнево.jpgШымон Перэс пад час візіту ў родную вёску Вішнева (Валожынскі раён),1998 год

Царква Канстанціна і Алены

Яшчэ адна турыстычная кропка ў Валожыне – праваслаўная драўляная царква святых Канстанціна і Алены (вул. Савецкая, 70), пабудаваная ў 1855-1866 гг. па загадзе генерал-губернатара Мураўёва. Цэрквы, падобныя да Валожынскай, у народзе называлі “мураўёўкамі”. Іх будавалі ў шматлікіх населеных пунктах Беларусі. Такім чынам улады хацелі зрабіць беларускую праваслаўную архітэктурную традыцыю больш падобнай да расійскай. Храм лічыцца помнікам драўлянага дойлідства.

Падарожжа ў Валожын 15.jpg

У 1875 годзе пры царкве Канстанціна і Алены адкрылі багадзельню, а пасля - аднакласную царкоўна-прыходскую школу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны царква не зачынялася. У 1990-я гады побач пабудавалі капліцу, у 1991-м пры храме адкрылі нядзельную школу.

Падарожжа ў Валожын 16-1.jpgА так зараз выглядаюць яўрэйскія могілкі, тут пахаваны заснавальнік валожынскай ешывы, Хаім Валожынер, і іншыя вядомыя мясцовыя рабіны.

Падарожжа ў Валожын 16-2.jpg

***

Вядома, гэта далёка не ўсё, чым можа зацікавіць Валожын. Тут таксама можна наведаць старажытнае гарадзішча з рэшткамі гарадскіх могілак часоў сярэднявечча, “Крыніцу Валожынскую” па вул. Кірава, праваслаўную царкву Перамянення Гасподняга і іншыя, можа, не настолькі яркія на першы погляд, але таксама значныя гістарычныя мясціны горада.

Аўтар Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц

*Использование и цитирование данной статьи допускается в объеме, не превышающем 20% при наличии гиперссылки. Более 20% - только с разрешения редакции.


Получать все новости оперативно в Telegram.