Уселюб – гэта невялікае мястэчка ў Навагрудскім раёне. Менавіта тут знаходзіцца бадай што самы старажытны касцёл у Беларусі. Але не толькі ён. Што яшчэ можна пабачыць у пасёлку?

Гістарычная даведка

Уселюб упершыню ўзгадваецца ў 1422 годзе на пячатцы Яна Няміры. Мястэчкам узгоднена валодалі шляхецкія роды Неміровічаў і Шчытаў, затым - ваявода полацкі Станіслаў Давойна, Мікалай Радзівіл Руды, а таксама іншыя шляхецкія роды.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Уселюб увайшоў у склад Расійскай імперыі, а на пачатку ХІХ стагоддзя імператар Аляксандр І падарыў мястэчка графу Юзафу О’Рурку, нашчадку старажытнага ірландскага роду О’Руркаў, за поспехі ў ваеннай службе.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам Уселюб увайшоў у склад Польскай Рэспублікі, а ў 1939 годзе быў далучаны да БССР.

Касцёл святога Казіміра

Касцёл Св. Казіміра выгляд з боку могілак.jpg

Касцёл лічыцца самым старажытным каталіцкім храмам на тэрыторыі сучаснай Беларусі з тых, што захаваліся да нашага часу. Ён пабудаваны да 1433 года. Першапачаткова - у гатычным стылі, аднак неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўраваўся, таксама змянялася яго назва. Спачатку касцёл быў асвечаны ў гонар святога Яна (Іаана) Хрысціцеля.

У часы Рэфармацыі храм пераўтварылі ў кальвінскі збор і аддалі пратэстантам. Гэтаму паспрыяў Мікалай Радзівіл Руды, якому на той час належаў Уселюб. У 1642 годзе святыню вярнулі католікам і асвяцілі ў гонар святога Казіміра.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны мясцовы пробашч, ксёндз Юзаф Кучынскі разам з пробашчам Навагрудскай парафіі ксяндзом Міхалам Далецкім хавалі ва Уселюбе ад фашыстаў яўрэйскіх дзяцей і палякаў. За гэта святароў расстралялі ў раёне вёскі Скрыдлева, што пад Навагрудкам. У 1945 годзе цела Кучынскага перавезлі і пахавалі на могілках ва Уселюбе.

Касцёл Св. Казіміра ва Уселюбе 1433 г. пабудовы.jpg

Савецкімі ўладамі касцёл святога Казіміра выкарыстоўваўся як збожжасховішча, потым – як спартыўная і танцавальная зала.

Па адной з легенд, аднойчы малады настаўнік фізкультуры вырашыў прымацаваць шведскую сценку ў храме. Падчас працы ён азірнуўся і ўбачыў у галоўным алтары жанчыну ў белым адзенні, якая са смуткам на яго глядзела. Пасля гэтага хлопец адмовіўся праводзіць заняткі ў касцёле і распавядаў людзям, што бачыў Дзеву Марыю.

У 1988 годзе святыню вярнулі католікам, а ў 1991 годзе, пасля аднаўлення, яе асвяціў пад ранейшай назвай біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Касцёл. Св. Казіміраінтэрер.jpg

Сучаснасць

Уселюб набыў папулярнасць адносна нядаўна. Літаральна 3 гады таму, калі мясцовы каталіцкі святар пачаў аднаўляць касцёл і прылеглую тэрыторыю вакол яго.

Ксёндз Віталь Цыбульскі быў накіраваны ў пасёлак для служэння пробашчам мясцовай парафіі. На пачатку свайго служэння святар і заняўся аднаўленнем святыні.

Ксёндз Віталь Цыбульскі.jpgКсёндз Віталь Цыбульскі

Паступова касцёл быў адрамантаваны, прыведзены ў належны стан, а побач з ім з’явілася шмат цікавых лакацый: кавярня для гасцей і турыстаў, парафіяльны кіёск з сувенірамі, “Даліна Эн-Кэрэм”, дзе знаходзіцца вялікая альтанка, каталіцкі “Крыжовы Шлях”, экспазіцыя старых рэчаў пад адкрытым небам, старажытныя драўляныя гульні і шмат іншага.


Падсілкавацца можна ў кавярні пры доме святара: папіць кавы ці гарбаты з мучнымі вырабамі, або паўнавартасна паабедаць, папярэдне замовіўшы стравы перад прыездам.

На прыкасцёльнай тэрыторыі таксама дазваляецца ладзіць безалкагольныя святы. Гэтая паслуга даступная для ўсіх.

Даліна Эн-Кэрэм.jpg

кавярня Miriam пры касцёле Св. Казіміра ва Уселюбе.jpg

Арт-галерэя каля касцёла 2021 г.jpgАрт-галерэя каля касцёла

“Мы заўсёды стараемся быць гасціннымі да людзей, якія прыязджаюць, і не глядзім на канфесіі. Імкнемся прыняць чалавека такім, які ён ёсць – як Божае стварэнне.  Ну і стараемся зрабіць усё, каб яму было тут добра”, – заўважае Віталь Цыбульскі.

Святар дадае, што для турыстаў ёсць магчымасць начлегу і харчавання, калі яны пажадаюць затрымацца ва Уселюбе.

Музей старых рэчаў на тэрыторыі касцёла ва Уселюбе.jpgМузей старых рэчаў

Старажытны драўляны боўлінг. Рэканструкцыя.jpgСтаражытны драўляны боўлінг. Рэканструкцыя

Пры касцёле штогод праводзяцца шматлікія духоўныя практыкаванні для вернікаў, сустрэчы і мерапрыемствы.

У прыкасцёльнай краме можна набыць розныя сувеніры і каталіцкія рэчы.jpgУ прыкасцёльнай краме можна набыць розныя сувеніры

Царква св. Міхала Арханёла

Яшчэ адна гістарычная кропка ва Уселюбе – праваслаўная царква святога Міхала Арханёла, пабудаваная ў 1840 годзе. 

Царква Св. Міхала Арханёла 1840 г. пабудовы.jpg

Будынак мае добры адрэстаўраваны стан, а тэрыторыя вакол яго акружана невысокай агароджай з каменю. На цэнтральным уваходзе размешчана каменная брама-званіца 1884 года пабудовы.

Сядзіба О’Руркаў

Фамільны дом ОРуркаў(Уселюб 1917 г.).jpgФамільны дом ОРуркаў (Уселюб, 1917 г.)

У 1820 годзе ва Уселюбе пасяліліся прадстаўнікі старажытнага ірландскага роду О’Руркаў. Гэта быў Юзаф О’Рурк і яго сям’я. Ён атрымаў мястэчка і амаль 5 тыс. гектараў зямлі ад рускага імператара Аляксандра І за выдатныя ваенныя заслугі і так і застаўся дажываць свой век ва Уселюбе.

Сяляне вельмі любілі графа О’Рурка, таму што ён быў спагадлівым, добразычлівым і адкрытым, часта дапамагаў у цяжкіх справах. У 1849 годзе граф памёр і быў пахаваны ў капліцы, якую сам жа і пабудаваў на мясцовых могілках ля касцёла.

Падчас уладарання О’Руркаў Уселюб быў адным з цэнтраў па вытворчасці сыроў.

Рэшткі гаспадарчых пабудоў сядзібы ОРуркаў 2.JPG

Рэшткі гаспадарчых пабудоў сядзібы ОРуркаў 4.jpg

Рэшткі гаспадарчых пабудоў сядзібы ОРуркаў.JPG

Сёння ад сядзібы графа застаўся толькі фундамент. На жаль, будынак згарэў падчас пажару ў 2012 годзе. Але ксёндз Віталь Цыбульскі мае вялікае жаданне аднавіць яго і зрабіць музей і цэнтр ірландскай культуры.

Да нашага часу захаваліся рэшткі прысядзібнага парку і часткова - гаспадарчыя пабудовы: флігель, свіран і гаспадарчы двор. А таксама вышэйзгаданая капліца-пахавальня.

Капліца-пахавальня Оруркаў 2.JPGКапліца-пахавальня О'Руркаў

На што яшчэ звярнуць увагу?

Таксама турыстам ва Уселюбе могуць падацца цікавымі старажытныя яўрэйскія могілкі і будынак старой сінагогі.

Як дабрацца з Мінска да Уселюба?

Старажытная алея ў прысядзібным парку Оруркаў.jpg1. На грамадскім транспарце

На маршрутках “Мінск – Навагрудак” (кошт – 14 руб.), а затым на аўтобусе Навагрудак – Уселюб (адпраўленне з аўтастанцыі ў Навагрудку, кошт – 1,80 руб.

Аўтобусам “Мінск (аўтавакзал Цэнтральны) – Уселюб” (толькі ў пятніцу і нядзелю), адпраўленне ў 19:40, кошт – 18,2 руб. У адваротным напрамку аўтобус адпраўляецца ў 13:10.

2. На ўласным аўтамабілі

Аўтамабілем (179 км): ад МКАД да Дзяржынска, затым паварот на Стоўбцы (38 км да горада Стоўбцы), паварот на Навагрудак (74 км да Навагрудка), паварот на поўнач, да вёскі Уселюб (24 км).

Аўтар Марына Валасар, фота аўтара і з архіву парафіі Св. Казіміра ва Уселюбе

***

Чытайце нас у Viber і Telegram