Ці можна ў Беларусі зарабляць адно пісьменніцкай працай ці ўсё ж напісанне раманаў ў нашыя часы пераходзіць у шэраг іміджавых, але безпрыбытковых хобі? Патрэбна пачаткоўцу ў літаратуры адмысловая адукацыя? Што трэба рабіць, каб займець сваю чытацкую аўдыторыю? Пра гэта акурат перад Дзень беларускага пісьменства Смартпрэс запытаў у запатрабаванага беларускага аўтара, уладальніка прэміі Цёткі за раман "Мая мілая ведзьма" Валерыя Гапеева.

гапееў-2.jpg

"Можна за месяц наляпаць 400 тысяч знакаў па дамове і лічыць сябе прафесійным пісакам"

- Звышпапулярны латвійскі рускамоўны пісьменнік Слава Сэ, каб карміць дзяцей, працаваў сантэхнікам. Беларускія літаратары таксама спрэс выкладчыкі ці журналісты, як і вы. Ці рэальна зарабляць на жыццё толькі пісаннем раманаў?

- Ды лёгка! Ведаю дакладна, буйное расейскае выдавецтва плаціць да 1000 долараў за 400 000 знакаў (гэта 20 аркушаў тэксту) на заяўленую тэму. За месяц можна наляпаць на клавіятуры. Усё - ты прафесійны пісака. Таленту, канечне, трошкі трэба…

- Але вы гаворыце пра аднадзеённую літаратуру, я ж пытаюся пра тых, хто застаецца ў гісторыі. Чаму за савецкім часам Уладзімір Караткевіч, Васіль Вітка ці Іван Шамякін маглі цалкам прысвяціць сябе творчасці, не думаючы пра побыт, а сучасныя пісьменнікі не?

- Зірніце ўважлівей на біяграфіі Шамякіна і Віткі - яны ж былі на пасадах, адзін выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя" узначальваў, другі - рэдакцыю газеты "Літаратура і мастацтва", потым часопіса "Вясёлка". Але быў прэцэдэнт у нашай літаратуры! Піліп Пестрак - ён быў літкансультантам у Саюзе пісьменнікаў, а потым афіцыйна пераведзены "на творчую працу". Што датычыцца сучаснікаў… Ведаю двух пісьменнікаў, якія казалі, што жывуць з літаратурнай творчасці (і пішуць беларускую прозу. Фантастычна, але будзем верыць.

- У вас тэхнічная адукацыя, вы працавалі на "Інтэграле". У які момант цяга да творчасці перамагла?

- Цяга да пісьма з юнацтва… Пачаў больш-менш сур’ёзна пісаць, калі вопыту набраўся жыццёвага, сын ужо падлеткам быў. Зрэшты, першая кніга для яго і пісалася. Абставіны - усяго толькі пэўны каталізатар пэўнага працэсу, які ўнутры цябе. Калі ёсць той працэс, то штуршком можа стаць што заўгодна.

- Як вы ставіцеся да адукацыі ў літаратурных інстытуцыях? Ці могуць там навучыць, як стаць пісьменнікам?

- Людзі ж ідуць у літінстытут не для таго, каб стаць пісьменнікамі. Яны ўжо адчуваюць сябе пісьменнікамі ды ідуць навучыцца нейкім рэчам, каб не выдумляць ровар. Прынамсі, мне давялося даходзіць да многага самому гадамі, што атрымаў бы на адной лекцыі. Напрыклад, пабудова кампазіцыі, знітаванне сюжэту, канфлікт як рухавік…

Тут можна параўнаць з любым майстэрствам, ды хоць як дровы калоць: можна бухаць сякерай з-за пляча па круглым бярозавым палене, пашчапаць яго на трэскі. А можна - мне бацька паказаў - пакласці тое палена, трымаць яго рукой, прыставіць пятку ляза да паленца, пасля асцярожна узняць уверх і сякеру, і паленца – бах! Дзве роўныя палавінкі. Гэта сякера. Што ўжо казаць пра пісьменства?

"Каб атрымаць аўтарскі ганарар, трэба пачакаць рэалізацыі тыражу"

гапееў-4.JPG

- Вашыя першыя творы друкаваліся ў "Маладосці" і іншых літаратурных часопісах. Пачаткоўцу ў ХХІ-м стагоддзі можна здабыць аўдыторыю такім шляхам?

- Каб першую кнігу можна было выдаваць толькі пасля публікацый у часопісах - колькі б смецця мы пазбавіліся! Часопіс - гэта першы вопыт рэдагавання цябе, гэта асаблівая планка, якой трэба дасягнуць, гэта (хай некаторыя паморшчацца) пэўны знак якасці.

Што да аўдыторыі - канешне. Тлумачу: часопісы выпісваюць бібліятэкі, чытаюць бібліятэкары. Калісьці я прынёс у выдавецтва "Мастацкая літаратура" рукапіс "Ведзьмінай тоні". Там спыталі: для каго проза, узяліся чытаць. Пачыталі – спадабалася. І уключаюць у тэматычны план. Той план атрымлівае бібліятэкар. Бачыць маё прозвішча, згадвае: чытала. І альбо згаджаецца замовіць маю кнігу, альбо не. Так праз бібліятэкі збіраюць тыраж. І не бяруся сказаць, што б было, каб не часопісная публікацыя.

Іншая справа прыйсці пасля 2-3 кніг, якія карысталіся попытам у чытачоў: выдавецтва хутчэй адклікаецца да супрацоўніцтва.

- Вы атрымалі шмат літаратурных прэмій. Гэта дапамагае выхаду чарговай кнігі?

- Наконт дзяржаўнага выдавецтва я ўжо гаварыў: збярэцца тыраж - будзе кніга. Бывае і такі варыянт: дырэктар выдавецтва прачытаў у літаратурным часопісе твой твор і сам прапаноўвае выдаваць кнігу.

гапееў-5.jpg

Што да літаратурных прэмій - яны розныя. Якая вартасць "Залатога купідона" (гэтую прэмію Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу за найлепшую кнігу года прызначаў дзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом - Смартпрэс), ці ”народнай” прэміі шляхам галасавання у ФБ?

Не думаю, што ў Беларусі тыя конкурсы надта ўплываюць. Часам падаецца, што атрымліваецца наадварот. Возьмем прэмію Гедройца (літаратурная прэмія нядаўна ліквідаваных Беларускага ПЭН-цэнтра і недзяржаўнага Саюза беларускіх пісьменнікаў выдавалася за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове - Смартпрэс): пакуль ідзе вызначэнне пераможцы і ўручэнне, усе пра аўтара гавораць, пішуць, спрачаюцца. А наступны твор лаўрэата ўжо ніхто не заўважае, быццам яго і няма ўвогуле! Гэта не толькі я заўважыў: на гэта адзін з лаўрэатаў скардзіўся, а паважаная мной пісьменніца падзялілася, што не хацела б трапіць у пераможцы, бо гэта амаль брацкая магіла. Атрымаў Гедройца – ідзі, спачывай там на лаўрах, не замінай іншым чубы драць за вышыню…

- Калі выдаткоўваць на кнігу з уласнай кішэні, то колькі трэба закладваць у смету? І ці ёсць шанс вярнуць грошы, распрадаўшы тыраж?

- Нейкая вядомасць па тых жа часопісных публікацыях і ў сацсетках можа сыграць на руку і выдавецтва укладзе частку грошай у тыраж. Калі ў цябе ёсць імя - можа, укладзе цалкам. Калі самому - лічыце па сабекошце кнігі (аб’ём, друк, вокладка і іншае). Шанец вярнуць грошы ёсць, але невядомаму раней аўтару я б не раіў так рызыкаваць.

- На які памер аўтарскага ганарару можа разлічваць пісьменнік?

- За кнігу дзяржаўнае выдавецтва налічвае недзе 600-800 рублёў (здаецца, тры базавыя за аўтарскі ліст. Параўнайце: у савецкія часы было 500 рублёў за той жа аб’ём). Гэта не таямніца, ёсць жа дзяржаўныя расцэнкі. Аднак, каб атрымаць сёння ганарар, трэба па прапісаных умовах пачакаць рэалізацыі тыражу. Бярэш частку ці цалкам кнігамі (сваімі і чужымі).

Што тычыцца перавыдання, то ў дзяржаўным выдавецтве ганарар налічаць ізноў. Гэта агульгапрынятая практыка. Калі выдавецтва прыватнае, то ўсе будзе залежыць ад таго, як складалася дамова. Можа пашчасціць і на ганарар, і на працэнт ад продажу.

"Горват вам у прыклад!"

- Вернемся да папулярнасці: займець заўзятараў сярод чытачоў прасцей, здаецца, у інтэрнэце…

- Наконт інтэрнэту… Ды Андрусь Горват вам у прыклад!

- "Радзіва "Прудок", ператварыўшыся з пастоў у Фэйсбуку ў кнігу, атрымала некалькі дадатковых тыражоў, што рэдкасць для беларускамоўных кніг.

- Так. А вось нядаўняе - Васіль Грынь, які занатоўвае дыялогі землякоў і выкладае іх у Фейсбуку. Іх проста чытаць – асалода, там – характары адразу, там жыццё  крыніцай... Я не раз пытаўся ў Васіля, калі ён зробіць з тых запісаў кнігу. І вось кніга выйшла. Талент плюс інтэрнэт - гэта заўсёды поспех. Але, звярніце ўвагу на першы складнік.

У наш час, калі пісьменнікаў больш, чым чытачоў, зацікавіць нават выкшталцонай кнігай цяжка. Дапамагае тая ж самая вядомасць, падтрымка сяброў, добрае стаўленне крытыкаў. Водгукі ў сацсетках спрацуюць, калі гэта будуць аўтарытэтныя людзі. Карацей, сёння без піяру ў добрым сэнсе гэтага слова будзе цяжка. Сённяшні чытач беларускай літаратуры жыве ў гарадах, ён – адукаваны чалавек, інтэлігент, мае досыць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі вы з правінцыі яшчэ (а там чытачоў вобмаль), без аўтарытэтных сяброў - ваш шлях да вядомасці можа быць вельмі доўгі.

- Ці патрэбна пісьменніку, каб яго пазнавалі, свяціцца ў сацсетках, хадзіць на свецкія тусоўкі? Гэта ўвогуле паўплывае на продаж яго кніг?

- Вы пра продаж кніг ці пра літаратурную іх вартасць? Тусоўкі зробяць вам імідж, ды не зробяць вас пісьменнікам. Але для распаўсюду тыражу сёння ўсе сродкі добрыя. І ўсе, паверце, выкарыстоўваюцца. Былі б грошы, можна зладзіць цэлую шмадхадовую рэкламную кампанію. Вось у аднаго аўтара нашага што ні выхад кнігі, то скандалы, інтрыгі, расследаванні. Вы мяне забіце, але несумленнасць і творчасць у мяне не спалучаюцца, далібог. І паверце, не разумею тых, хто пішчом лезе ў пісьменнікі, не выбіраючы сродкаў. Вось малады аўтар выдае кнігу. Нядрэнна так разварочвае сам рэкламную кампанію ў сетках. А кніга непісьменная! Ён траціцца не на рэдактара, а на рэкламу сябе. Кніга мае мастацкую вартасць злева ад нуля, у ёй - запазычаныя кавалкі з адкрытых крыніц, амаль ганебны копі-паст, пра што пішуць у сацсетках абураныя крытыкі і чытачы (і гэта пры тым, што ў Беларусі даволі міралюбная чытацкая аўдыторыя). Уявім, нейкі чалавеча першы раз спрабуе пачытаць беларускую прозу, і, арыентуючыся на публікацыю ў папулярным выданні, купляе гэты графаманскі раман. Ці вернецца гэты чытач пасля такога па нешта беларускае? Як мне, дык гэта жахліва.

А есць Андрэй Федарэнка і Юрый Станкевіч, якія доўгі час нідзе не свяціліся, людзі цалкам не “тусовачныя”,  але ў іх былі і ёсць свае чытачы, іхнія кнігі чакаюць,  яны былі і ёсць вядомыя пісьменнікі.

"Прыватныя выдавецтвы практычна не маюць выхаду на бібліятэкі"

- У часы нашых бацькоў кнігі выходзілі мільённымі тыражамі і разыходзіліся ў абавязковым парадку па бібліятэках? Які тыраж сучаснай беларускай літаратуры?

гапееў-7.jpg

- У маіх кніг такія лічбы: "Мая мілая ведзьма"- 1000 асобнікаў, "Урокі першага кахання", улічваючы яго перавыданне, - 3000, апошняя кніга "Зніч ваўкалака"- 1500, астатнія недзе такія ж. “Дарослыя” раманы ў прыватных выдавецтвах – 300-500 асобнікаў. І дзяржаўнае выдавецтва не мае права даць загад бібліятэкарам набываць беларускае. Яны самі складаюць замовы. Калі абысціся без лішняй сціпласці, то мае кнігі для падлеткаў ведаюць бібліятэкары, таму попыт на іх ёсць. Бяда ў іншым: прыватныя выдавецтвы практычна не маюць выхаду на бібліятэкі. І калі ў маім раёне наша бібліятэка купіла мае "дарослыя" раманы, то для іншых я - толькі аўтар кніг для падлеткаў.

- Ці можна выправіць сітуацыю?

- Першы раз спатыкнуўся аб гэта пытанне, бо раптам падумаў: а трэба нам нешта там выпраўляць? А калі мы – знікаючая нацыя, калі тое, што маем, завецца аб’ектыўным касмалагічным працэсам? Калі мы – апошнія магікане беларускіх балот? Тым самым пішчом лезці са сваімі кнігамі ў побыт беларуса? Штучнасць ніколі не стварала рэальную аснову пад чым бы там ні было. Можа, хопіць шукаць адказ на пытанне: "Як змяніць?", а пачаць проста працаваць – кожны над тым, што крыху ўмее, да чаго пакліканы?

- Выглядае сумна. Але вы не кідаеце гэтую справу. Чаму?

- Раптам некалі знойдзецца хоць тры чытачы, якім будзе цікавая беларуская літаратура. Дык вось, калі будзе хоць тры – трэба пісаць, каб ім было што пачытаць.  Хоць для трох…

У маёй галаве зараз дзве кнігі. Першая – фэнтэзі, на беларускай глебе, з усім пантэонам інфернальных і не сіл. Задумваецца, як апошняя кніга для падлеткаў, будзе сёмая па ліку, добрая лічба. Другая - эпічны рэалістычны раман пра апошнія 30 гадоў у Беларусі: як мянялася краіна, як мяняліся людзі, чаму. Я гэта павінен напісаць …

Аўтар: Настасся Панкратава

Фота: з хатняга архіва суразмоўцы і аккаунта ў ФБ