"Беларусы паўней за іншыя славянскія народы захавалі традыцыйны народны каляндар, асабліва каляндарную паэзію, песні”, – лічыць фалькларыст Таццяна Валодзіна. І падкрэслівае, што ў нашым народным календары не было нічога прыдумана спецыяльна – усё мела тлумачэнне. Напярэдадні Вялікадня паразмаўлялі з экспертам пра культуру беларускіх святаў і як традыцыі, сфарміраваныя тысячагоддзямі, уплывалі на ментальнае здароўе нашых продкаў.
Адпраўная кропка беларускіх святаў – рух сонца
На самай справе ўрачыстыя абрады і гулянні, якія складалі народны каляндар і дайшлі да сучасных беларусаў, нельга назваць выключна беларускімі. Вялікдзень, Каляды, Купалле і іншыя "нашы" святы старэйшыя за хрысціянства, і фарміраваліся ў тыя часы, калі яшчэ не было беларускай народнасці як такой. У той жа час назіраецца пераемнасць традыцый, і сённяшнія святкаванні працягваюць надзвычай архаічныя ідэі.
– У нашых продкаў асноўным прынцыпам вызначэння часу быў сонечны рух, – тлумачыць загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. – Назіраючы за ім, старажытны чалавек арыентаваўся ў порах года, планаваў гаспадарчыя клопаты. Таму першыя, самыя архаічныя святы, якія мы можам вылучыць, – гэта святы, прымеркаваныя да бегу сонца.
Таццяна Валодзіна падчас абраду “Ваджэнне стралы” ў Чачэрскім раёне
Дакацілася сонца да кропкі, дзе самая доўгая ноч і самы кароткі дзень, – святкуем Каляды, "нараджэнне Сонца". Дзень расце і становіцца роўным ночы, – маем свята веснавога раўнадзенства. Дзень працягвае расці і становіцца максімальнай даўжыні, а ноч – самай кароткай – і мы святкуем Купалле. Наступная кропка – свята восеньскага раўнадзенства, калі дзень зноў роўны ночы. І далей – па коле.
С цягам часу да гэтых святаў дадаліся сэнсы хрысціянскія. Але гэта далучэнне, падкрэслівае Таццяна, не было хаатычным.
– Напрыклад, з "нараджэннем Сонца" на Каляды нарадзiўся і Хрыстос, што невыпадкова: усе буйныя багі нараджаюцца разам з сонцам. Так Каляды аб’ядналіся з Раством. А сама калядная зорка – што за сімвал? Можа, і сімвал сонца, а можа – і Віфліемскай зоркі, якая паказала шлях вешчунам, што прыйшлі да немаўляткі Хрыста.
Святкаванне Калядаў
Дзень веснавога раўнадзенства выпадае на 22 сакавіка. Казалі, што ў гэты дзень прылятаюць 40 выраяў птушак, таму свята называецца Саракі́. А што такое вырай? Гэтага слова няма ў рускай мове, і раней яно пісалася як "върай". Гэта значыць птушкі ляцелі ў рай, на неба, туды, дзе душы продкаў. Птушкі – божыя пасланцы. Атрымліваецца, што на раўнадзенства “зямля адкрываецца раю” – і пачынаецца сельскагаспадарчы сезон. За тысячу год адбылося цеснае перапляценне прыродна-земляробчых ідэй з хрысціянскімі. Увогуле, народны каляндар – вельмі лагічны. У ім абсалютна ўсё будуецца па сонечных, прыродных, гаспадарчых, культурных заканамернасцях.
Абрад “Ваджэнне русалкі” ў Хойніцкім раёне
Святочныя народныя абрады тады і зараз
З цягам часу ўвасабленне святочных абрадаў спрашчалася. Пра класічны перыяд бытавання святаў з абраднасцю ва ўсёй сваёй паўнаце і прыгажосці вядома з пісьмовых крыніц і запісаў этнографаў XVIII-першай паловы XX стагоддзяў. Але атэізацыя ў пасляваенны час і размыванне сельскагаспадарчага ўкладу сур’ёзна паўплывалі на стан абраднасці і яе ролю ў жыцці беларусаў. Гараджане для сябе пакінулі тыя святы, якія для іх важныя – той жа Вялікдзень, Каляды...
Цікава, што ў розных кутках Беларусі святы народнага календара ладзяць у сваіх адметных варыянтах.
– Кожная гаспадыня гатуе дранікі трошкі па-свойму: хтосьці дадае муку, хтосьці – не, але дранікі ад гэтага не перастаюць быць дранікамі. Тое ж самае і з каляндарнымі святамі: для ўсіх існуе схема, ідэя, стрыжань святкавання – і шмат камбінацый, – паясняе Таццяна. – Каляды ў Брагінскім раёне і ў Браслаўскім – розные рэчы. На поўначы Беларусі на Каляды не водзяць казу, не ходзяць пераапранутыя. Там жэняць Цярэшку: гэта такая гульнёвая інсцэніроўка вяселля. А яшчэ ёсць шэраг рэгіянальных святаў: напрыклад, пінскае ваджэнне куста, веткаўскае і чачэрскае ваджэнне і пахаванне стралы – такіх абрадаў няма ў іншых рэгіёнах.
Абрад “Чырачка” ў Лельчыцкім раёне. Фота: Смартпрэс
Чытайце таксама:
“Шукайце моцнага мужчыну, з такім добра каціцца з гары”. В глубинке весело и колоритно позвали весну
На Вялікдзень на паўночнай Беларусі гурт мужчын – валачобнікаў – абыходзіў вёску па тыпу калядоўшчыкаў, выконваючы адмысловую віншавальную песню. У Лагойскім раёне ёсць вёска Крамянец, дзе мясцовыя жыхары ходзяць шанаваць Святы камень. У Лельчыцкім раёне ў велікодную раніцу ходзяць да каменных крыжоў, альбо "каменных дзевачак". Карагод “Стрылка” водзяць у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна, а ў Маладзечанскім, у вёсцы Маркава, – карагод "Луку́" ці крывы карагод.
Таццяна Валодзіна падчас абраду “Чырачка” ў Лельчыцкім раёне
З цягам часу святочные абрады могуць спрашчацца. Але разам з гэтым застаюцца людзі, якія стараюцца працягваць традыцыі на ўзроўні сям’і. У Валожынскім раёне не так даўно адбылося Гуканне вясны. Сабраліся некалькі соцен людзей у нацыянальных строях, з малымі дзецьмі: ладзілі майстар-класы, спявалі песні. І гэта так здорава!
Многія элементы зніклі, многія – трансфармаваліся, але застаецца ідэя свята. Калі мы будзем гэту ідэю падтрымліваць і увасабляць у мадэрнізаваных формах, у гэтым не будзе нічога крэпка страшнага.
Таццяна Валодзіна ў час абраду “Ваджэння і пахавання стралы” ў Веткаўскім раёне
"Традыцыя цэментуе ўстойлівасць, парадак у жыцці. Сучаснаму чалавеку гэтага не хапае"
Таксама, адзначае Таццяна, любое народнае свята, апроч прывязкі да календара, стаіць на трох “падпорках”. Па-першае – гэта працяг роду. Любое свята, якое ні крані, мае ідэю працягу рода, нараджэння дзяцей. Па-другое – забеспячэнне ўрадлівасцю і ежай. Гэта выключна матэрыяльная мэта, як сёння мы жадаем адзін аднаму багацця. Па-трэцяе – ушанаванне продкаў. Нідзе так, як на Беларусі, не святкуюць Радуніцу. І калі ўзяць святы па колу, – а іх каля дваццаці, – кожнае мае ідэю падзякаваць роду за тое, што мы ёсць, і папрасіць спрыяння на будучыя справы.
– І ёсць яшчэ такая асобная штука, на якую мы доўгі час мала звярталі ўвагу, – заўважае фалькларыст. – Гэта важнасць святаў для псіхалагічнай устойлівасці чалавека. Для сучаснай гарадской моладзі кожны дзень можа быць святам. Кожны дзень можна смачна есці, купляць сабе падарункі, спаць да ссінення і не працаваць – і нават, пры жаданні, зрабіць гэта стылем жыцця. І мы бачым, да чаго гэта вядзе: да дэпрэсій і псіхалагічных зрываў.
Купалле. Глыбоцкі раён
А як жыў чалавек у традыцыі? Кожны дзень – праца, потым нядзеля – адпачынак. Праз некалькі тыдняў – вялікае свята. Ты танцуеш, спяваеш, наеўся ад душы, у цябе вялізны выкід станоўчых эмоцый. А потым зноў праца. Чалавеку для здаровай псіхікі патрэбна зразумелае асяроддзе, цыклічнасць. І традыцыя давала нашым продкам гэтае асяроддзе, цэментавала раўнавагу, гармонію, парадак у жыцці.
Аўтар: Вера Рагатка. Фота: Смартпрэс i асабісты архіў суразмоўцы
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.