Сядзіба роду Навіцкіх знаходзіцца ў вёсцы Савейкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Сёння, на жаль, яна закінутая, але калісьці тут віравала жыццё. Што можна пабачыць у Савейках, хто валодаў маёнткам у розныя гады, куды падзеліся скульптуры з тэрыторыі сядзібы і ці чакаць рэканструкцыі палацавага комплексу? Пра гэта - у нашым матэрыяле.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 1.jpg

Знайсці сядзібу не будзе праблемай. Адразу па ўездзе ў Савейкі з боку Ляхавічаў вы ўбачыце бетонную агароджу і металічную браму, якая вядзе на старажытную алею перад сядзібай.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 2.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 3.jpg

Алея мае даўжыню 450 метраў. З абодвух бакоў абсаджана елкамі ды іншымі дрэвамі, а таксама кустамі. З левага боку ад яе размяшчаецца пладовы сад, з правага – зёлкавыя лугавіны. Паступова алея прыводзіць да партэру перад сядзібным домам.

Як сядзіба ў Савейках трапіла да Навіцкіх і што тут было за савецкім часам?

Маёнткам у Савейках у розныя часы валодалі Бенігсены, Чапскія, Незабытоўскія, Рдултоўскія і Навіцкія. Сёння, на жаль, няма дакладных звестак, калі быў закладзены палацава-паркавы комплекс і непасрэдна сам палац. На гэты конт сярод гісторыкаў і даследчыкаў ёсць розныя версіі.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 4.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 5.jpg

Па адной з іх – гэта канец XVIII – пачатак XIX стагоддяў, калі валадаром у Савейках быў Лявонцій Бенігсен – Літоўскі генерал-губернатар. Лічыцца, што першапачаткова сядзібны дом пабудавалі ў барочна-класіцыстычным стылі.

Беларускі мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Анатоль Кулагін называе 1850-ы год і лічыць, што сядзіба была закладзена пры Навіцкіх. На падмурку ж сядзібнага дома пазначана дата - 1901 год. Даследчыкі лічаць, што ў гэтым годзе адбылася рэканструкцыя будынку.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 6.jpg

У сядзібным доме размяшчалася бібліятэка, архіў і музей мясцовай фаўны, які лічыўся самым вялікім прыватным музеем Польшчы ў даваенны перыяд.

Як ужо было пазначана, спачатку ўладарамі сядзібы былі Бенігсены, затым – Чапскія, праз некаторы час зноў Бенігсены. Потым Лявонцій Бенігсан прадаў маёнтак  Крыштафу Незабытоўскаму.

У Крыштафа была дачка Валерыя, якую ён выдаў замуж у 1835 годзе за Канстанціна Фадзея Рдултоўскага – маршалка слуцкага са Снова. І з 1840-га года Савейкі сталі яго ўласнасцю.

Канстанцін быў даволі адукаваным чалавекам. Скончыў Сарбону, захапляўся паэзіяй і літаратурай і нават пераклаў на англійскую мову “Санет” Адама Міцкевіча, дадаўшы да перакладу свой уласны верш. Міцкевіч, у знак удзячнасці, назваў Рдултоўскага “ліхім” паэтам і адзначыў “стылістычную вольнасць” у яго вершах. Разам з Адамам Міцкевічам Канстанцін Рдултоўскі сустракаўся ўвесну 1828 года з Аляксандрам Пушкіным у салоне Караліны Сабанскай у Пецярбургу. 

Але шляхціч шмат сродкаў траціў на літаратурныя вечары, хутка разарыўся і прадаў сядзібу ў Савейках свайму адміністратару Гектару Бавентуравічу Навіцкаму – як кампенсацыю за пазыкі. Валерыя спрабавала праз суд аспрэчыць права на валоданне маёнткам, але ў яе нічога не атрымалася.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 7.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 8.jpg

Сядзіба перайшла Навіцкаму ў 1860-м годзе, а праз год ён стаў яе паўнапраўным гаспадаром. Тады ж Навіцкаму перайшлі вінакурны, шкіпідарны, смаляны і піваварны заводы, а таксама 2 вадзяныя млыны.  

Пры Навіцкіх у Савейках працавалі, у тым ліку, сыраварны, свячны і мылаварны заводы, а таксама дзейнічалі тры карчмы.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 9.jpg

У склад маёнтка ўваходзіў фальварак Заполле і вёскі Тальмінавічы, Гайнін, Гайнінцы, Лапацічы, Мядзведзічы і Куршынавічы. Акрамя гэтага, Навіцкія валодалі маёнткам Берасневічы.

Апошнімі  ўладарамі Савейкаў былі Тэафіл і Андрэй Навіцкія. Комплекс належаў шляхецкаму роду да 1939 года, пакуль у Заходнюю Беларусь не прыйшла савецкая ўлада.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 10.jpgПалац Навіцкіх у Савейках,1939 г.

Спяшаючыся, Навіцкія ў 1939-м пакінулі Савейкі. Сам комплекс быў разрабаваны, а арандатар, які яго абараняў, забіты. У часы Вялікай Айчыннай вайны сядзібны дом быў моцна разбураны.

Пасля вайны сын Тэафіла Навіцкага – Ежы, які на той час служыў павераным польскім паслом у Францыі, прапаноўваў савецкім уладам аднавіць былую родавую сядзібу за ўласныя грошы. З гэтай мэтай ён даслаў ліст у Савет Міністраў БССР. Аднак, улады яму адмовілі.

А праз некаторы час яны самі пачалі аднаўляць сядзібу па старых чарцяжах. І ўжо ў 1954 годзе ў яе будынку размясціўся дом адпачынку работнікаў лясной гаспадаркі ўсесаюзнага значэння. Палац аднавілі ў неакласічным стылі.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 11.jpg

Потым у сядзібным доме размяшчаліся: санаторый для хворых на сухоты, участковая бальніца, на базе якой летам працаваў дзіцячы лагер, а таксама ўрачэбная амбулаторыя.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 12.jpgЗакінутая танцпляцоўка ў Савейкаўскім парку

Парк “Савейкі” – помнік прыроды рэспубліканскага значэння

Маляўнічай часткай сядзібнага комплексу з’яўляецца парк, размешчаны за палацам. Ён займае плошчу прыкладна ў 10 гектараў.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 13.jpg

У парку растуць больш за 25 відаў дрэваў і кустоў. Акрамя традыцыйных тут сустракаюцца і экзатычныя. Гэта, напрыклад: лістоўніца еўрапейская, шэры арэх, конскі каштан, ірга каласістая, бэз венгерскі, каліна канадская і ясень звычайны адналісты. Парк з’яўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва Беларусі.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 14.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 15.jpg

У паўднёва-ўсходняй частцы парку размяшчаліся тры сажалкі, якія злучаліся паміж сабой каналамі і сістэмамі дамбаў.  

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 16.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 17.jpg

У цэнтры апошняй з іх, самай вялікай, знаходзіўся невялікі востраў з мураванай альтанкай, на які можна было патрапіць праз каменны арачны мосцік. Зараз сістэма сажалак таксама існуе, але яны вельмі пазарасталі.

Бровар, афіцына, капліца і іншыя пабудовы

Акрамя сядзібнага дома ў Савейках захаваўся будынак афіцыны, бровар, флігель і некаторыя гаспадарчыя пабудовы.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 18.jpgБровар Навіцкіх у Савейках, 1901 года пабудовы

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 19.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 20.jpg

Бровар мае цікавую арыгінальную канструкцыю. Ён складаецца з чатырох вытворчых блокаў, розных па вышыні. Будынак зроблены з колатага каменя чырвонага і шэрых адценняў. На яго фасадзе яскрава бачныя ініцыялы апошняга ўладальніка маёнтка “Т. N.”, што абазначаюць: “Тэафіл Навіцкі”, а таксама дата пабудовы – “R 1901”.

Недалека ад бровара размяшчаецца флігель, пабудаваны такім самым спосабам. У ім пэўны час быў жылы дом.

Афіцына (звычайна так называлася аптэкарская лабараторыя) размяшчаецца на беразе возера, побач з сядзібай. Яна знаходзіцца ў самым дрэнным стане, бо ў яе абвалілася перакрыццё і зараз будынак паступова разбураецца.

Таксама ў Савейках захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Сярод іх, напрыклад: стайня, свіран і адміністратыўны корпус. 

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 28.jpgБудынак стайні ў Савейках

У адным кіламетры ад вёскі, на старых могілках размяшчаецца старадаўняя каталіцкая капліца-пахавальня роду Навіцкіх, пабудаваная ў XIX ст. у класіцыстычным стылі. Падчас Другой Сусветнай вайны яна была разбураная і да сённяшняга дня не аднаўлялася.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 29.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 30.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 31.jpg

Куды падзеліся скульптуры каля сядзібы Навіцкіх?

У сярэдзіне XX стагоддзя, калі ў сядзібе быў санаторый, каля будынку палаца з’явіліся каларытныя скульптуры жывёлаў – зубра, аленя і мядзведзяў, а таксама помнік Леніну ў цэнтры партэру і скульптура жанчыны з дзіцём на руках каля будынку флігеля. Турысты любілі фатаграфавацца на іх фоне.

Пару гадоў таму скульптуры былі дэмантаваны і вывезены ў райцэнтр.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 32.jpgСкульптура жанчыны з дзіцем у Савейках, фота 2020-га (злева) і 2023 гадоў

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 33.jpg

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 34.jpg

Зараз амаль усе яны размяшчаюцца ў розных частках Ляхавічаў.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 35.jpgСкульптура зубра ў Савейках, 2016 год

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 36.jpgЗубра з парку ў Савейках перавезлі ў Ляхавічы ў 2021 г., фота: “Ляхавіцкі веснік” 

Ці будзе рэстаўрацыя палацавага комплексу?

У 2013 годзе сядзібна-паркавы ансамбль у Савейках за $200 тысяч выкупіла СЗАО “Лада Гарант”. Уласнік хацеў рэканструяваць сядзібу, але штосьці пайшло не так, і да сённяшняга часу гэта не было зроблена. У 2020 годзе пракуратура Ляхавіцкага раёна запатрабавала закансерваваць будынак палацу, таму што існавала пагроза яго абвалу.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках 37.jpg

Сёння ж сядзіба разам з паляўнічай гаспадаркай “Савейкі” зноў выстаўлены на продаж. Комплекс можна набыць прыблізна за $400 тысяч.

Як даехаць да сядзібы Навіцкіх з Мінску

На грамадскім транспарце:

  • любым відам транспарту да Баранавічаў, затым – на дызель-цягніках “Баранавічы-Лунінец” або “Баранавічы-Гарынь” да прыпынку “Куляні” і адтуль 4 км. пешшу ў накірунку вёскі Савейкі.

  • любым відам транспарту да Баранавічаў – аўтобусам да Ляхавічаў – аўтобусам да Савейкаў. Аўтобус Ляхавічы-Савейкі ходзіць толькі 3 дні на тыдзень (серада, субота, нядзеля)

На аўтамабілі:

  • выехаць з Мінску з боку метро Малінаўка, па трасах Р1 і М1 даехаць да вёскі Скарчава, дзе павярнуць у бок Ляхавічаў, далей па трасе Р4, кіруючыся ўказальнікамі, да Савеек.

Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц

*Использование и цитирование данной статьи допускается в объеме, не превышающем 20% при наличии гиперссылки. Более 20% - только с разрешения редакции.


Получать все новости оперативно в Telegram.