Калі будзеце праездам у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, абавязкова наведайце невялічкую вёску Грушаўка. Тут нарадзіўся шляхціч Тадэвуш Рэйтан. Менавіта ён, разам са сваімі паплечнікамі, у 1773 годзе імкнуўся сарваць Першы падзел Рэчы Паспалітай. Расказваем сумную, але адметную гісторыю самога Рэйтана, сядзібы, якая належала ягонаму роду, а таксама пра тое, што адбываецца ў Грушаўцы зараз.
Сядзіба роду Рэйтанаў пасля рэстаўрацыі, лістапад 2022 г.
Грушаўка знаходзіцца зусім побач з Ляхавічамі – за 5 кіламетраў ад райцэнтра. Тут часткова захавалася сядзіба старажытнага шляхецкага роду Рэйтанаў, які пасяліўся ў Грушаўцы, дзякуючы князям Радзівілам.
Сёння на тэрыторыі былога маёнтка можна ўбачыць родавы дом канца XIX стагоддзя, гаспадарчыя пабудовы і тое, што ад іх засталося, мураванку канца XVII стагоддзя, у якой апошнія дні свайго жыцця пражыў Тадэвуш Рэйтан, алею, возера, брукаванку, рэшткі парку і агароджы. Таксама, недалека ад самой сядзібы, на ўскраіне лесу, размяшчаецца гатычная капліца-пахавальня роду Рэйтанаў.
Грушаўка. Будынак спіртасховішча
Старажытная брукаваная дарога ў Грушаўцы
Капліца-пахавальня роду Рэйтанаў (1911-1914 гг. пабудовы)
Гісторыя мястэчка
Першыя згадкі пра вёску адносяцца да 1551 года. Тады каралева Барбара Радзівіл перадала паселішча Мікалаю Залескаму, а да гэтага маёнтак ўваходзіў у склад Ляхавіцкай воласці і быў уласнасцю самой Барбары.
Па некаторых звестках вёска належала таксама П. Шлягеру, потым, у 1680-1690-х гг. – слонімскаму земскаму суддзі Стафану Бруханскаму, а пасля яго смерці ў 1693 годзе маёнтак і камяніцу ў Нясвіжы набыў мазырскі скарбнік Міхал-Казімір Рэйтан. Вось такім чынам Грушаўкай і пачаў валодаць род Рэйтанаў.
Наступным гаспадаром вёскі стаў сын Міхала – Дамінік Рэйтан. У даволі сталым узросце ён ажаніўся з Тарэзай Валадковіч, са старадаўняга менскага роду Валадковічаў, і пасяліўся ў Грушаўцы, дзе пабудаваў невялікі палац.
Сядзіба ў Грушаўцы на карціне Напалеона Орды, 1860 год
У Грушаўцы ў Рэйтанаў нарадзілася 10 дзяцей, двое з якіх памерлі ў малым узросце. Самым старэйшым быў Тадэвуш Рэйтан, гаворка пра якога пойдзе далей.
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”
У 1772 годзе Расія, Аўстрыя і Прусія дамовіліся аб Першым падзеле Рэчы Паспалітай. Ім заставалася толькі афіцыйна аформіць такое рашэнне. З гэтай мэтай 19 красавіка 1773 года быў скліканы Сойм, які праходзіў у Варшаве. На яго збіраліся таксама прадстаўнікі ад розных ваяводстваў ВКЛ. Сярод іх былі і шляхцічы з Наваградчыны – Тадэвуш Рэйтан і Самуэль Корсак. Яны адпраўляліся ў Варшаву з дакладнай мэтай – перашкодзіць падзелу дзяржавы.
Для легалізацыі падзелу планавалася стварыць лаяльную канфедэрацыю і паставіць на чале яе і Сойма Адама Панінскага. Большасць паслоў жа застрашылі або падкупілі. І толькі 17 удзельнікаў ад ВКЛ, сярод якіх быў Рэйтан, выступілі супраць.
Тадэвуш Рэйтан. Мастак - Леанард Ходзька
Тры дні Рэйтан і паплечнікі зрывалі Сойм. Самому Тадэвушу нават прапаноўвалі 2 тысячы злотых, каб ён пакінуў залу. Рэйтан адмовіўся.
Асабліва драматычны момант адбыўся ў час прамовы Самуэля Корсака, калі ён адкрыта называў дэпутатаў здраднікамі. Тыя ж, не чакаючы заканчэння прамовы, пачалі выходзіць з залы. Тады Тадэвуш Рэйтан лёг крыжам перад выхадам і закрычаў: “Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!” Але дэпутатаў гэта не спыніла. Яны пераступілі Рэйтана і выйшлі. Частка ж пакінула залу праз іншы ўваход.
Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года, Ян Матэйка, 1866 год
Пратэст працягнуўся і на наступны дзень. І толькі калі сам кароль пад пагрозай ваеннай інтэрвенцыі Расійскай імперыі даў згоду на падзел, ліцвінская шляхта здалася. Застаўся толькі Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі з Міншчыны. Тадэвуш нават абвясціў галадоўку… Але нічога не дапамагло і падзел быў узаконены.
Усе гэтыя падзеі падарвалі псіхічнае здароўе Тадэвуша Рэйтана. Апошнія гады свайго жыцця ён пражыў у роднай Грушаўцы, у невялікай мураванцы з закратаванымі вокнамі, побач з сядзібай.
Існавала шмат чутак і версій наконт яго смерці. Асноўная з іх – самагубства. Але ўжо зараз, на аснове першакрыніц (прыватных лістоў родзічаў і інш.) вядома, што памёр Тадэвуш у выніку няшчаснага выпадку. У жніўні 1780 года да маёнтка пад’ехаў экіпаж, з якога выйшаў расійскі афіцэр. Тадэвуш кінуўся да акна, разбіў шыбу і смяротна параніўся. Памёр, як пішуць, “праз пару дзён”, трымаючы ксяндза за руку…
Партрэт Тадэвуша Рэйтана. Мастак - Уладыслаў Барвіцкі, 1781 год
Тадэвуша Рэйтана ўзгадвалі ў сваіх творах шматлікія літаратары і мастакі. У Мінску нават існавала вуліца Рэйтана (з 1919 па 1921 гг.) – былая Юр’еўская. А ў Баранавічах да 1939 года – таксама і гімназія ў яго імя.
Рэйтаны і жыццё сядзібы
Пасля смерці Тадэвуша гаспадарамі Грушаўкі сталі яго малодшыя браты – Антон і Станіслаў. Потым, у 1818 годзе, – пляменнік Станіслава Рэйтана – Дамінік. Затым сядзіба перайшла па спадчыне яго сыну Стафану, які заўчасна памёр у 1863 годзе, а праз год і яго жонка. Дзеці ж засталіся сіратамі.
Апошнім гаспадаром Грушаўкі з роду Рэйтанаў стаў сын Стафана і Сафіі Юзаф. Менавіта ён у канцы XIX- пачатку XX стагоддзя перабудаваў стары сядзібны дом у новы – драўляны.
Грушаўскі палац, чэрвень 1916 г.
Сядзібны дом Рэйтанаў, 1939 год.
Палац узвялі цалкам з дрэва, таму што з-за хваробы Юзафу не рэкамендавалі жыць у мураваным памяшканні. Таксама тады з’явіліся ўсе гаспадарчыя пабудовы, якія поўнасцю ці часткова дайшлі да нашага часу, сярод якіх тры вялікія гумны з унікальнай інжынернай планіроўкай (адно з іх часткова захавалася і з’яўляецца адзіным такім у Беларусі), бровар (узарваны ў савецкі час), спіртасховішча з бутавага каменю, кароўнік і стайня ў неагатычным стылі.
Толькі “мураванка”, у якой апошнія дні жыў Тадэвуш Рэйтан, з’явілася, па некаторых звестках, яшчэ ў XVII стагоддзі. Пасля смерці Тадэвуша ў ёй быў сямейны архіў, збожжа, а ў савецкі час – лазня.
Стайня канца ХІХ пач. ХХ стст. у Грушаўцы
Грушаўка. Кароўнік пачатку XX стагоддзя
Гумно ў Грушаўцы, XIX– пач. XX стст., мае унікальную для Беларусі планіроўку і патрабуе неадкладнай рэстаўрацыі
Юзаф Рэйтан не меў нашчадкаў, таму пасля яго смерці ў 1910 годзе скончылася гісторыя роду Рэйтанаў. Каля яго магілы быў сімвалічна зламаны меч – у знак сканчэння шляхецкай дынастыі. Пахавалі Юзафа спачатку на могілках у Ляхавічах, а потым перапахавалі ў Грушаўскай капліцы.
Капліца-пахавальня Рэйтанаў каля Грушаўкі, 1928 год
Маёнтак перайшоў пляменніку Юзафа – Генрыку Грабоўскаму. Фактычна, далейшае жыццё сядзібы залежала ад Генрыка, яго сына Аляксандра і жонкі Юзафа Рэйтана Аліны з Гартынгаў. Але іх будучыня таксама аказалася сумнай. Генрыка ў 1939-м годзе забілі мясцовыя бандыты, Аліну ў 1940-м саслалі ў Казахстан, а сын Грабоўскага ў 1944-м быў забіты немцамі.
Грушаўку нацыяналізавала савецкая дзяржава. Будынкі выкарыстоўваліся пад розныя патрэбы. У сядзібным доме, напрыклад, доўга была камуналка, потым ён пуставаў і паступова знішчаўся вандаламі і аматарамі даўніны. Прыйшлося яго закансерваваць, але і гэта не ўратоўвала ад злачынцаў.
Вяртанне памяці і рэстаўрацыя
Дзякуючы ініцыятыве даследчыка Зміцера Юркевіча і Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, а таксама газеты “Культура”, ў Грушаўцы і ў розных населеных пунктах Беларусі з 2013 па 2018 гады праводзіліся суботнікі, летнікі, пленэры, фестывалі і тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Рэйтанам і іх Грушаўскай сядзібе.
Валанцёры замацавалі ў розных месцах сядзібнага комплексу інфармацыйныя шчыты з гісторыяй маёнтка і роду Рэйтанаў.
Сядзібны дом Рэйтанаў у Грушаўцы да рэстаўрацыі. Фота: belkraj.by
З 2014 года да аднаўлення маёнтка пачала далучацца і дзяржава. Сталі праводзіцца маштабныя дзяржаўныя суботнікі. Сродкі з іх выкарысталі для падрыхтоўкі праекта аднаўлення сядзібы. Праз некаторы час у маёнтку з’явілася ахова.
Грушаўка. Рэшткі былога бровара
Рэшткі лядоўні
Потым сумеснымі намаганнямі дзяржавы, валанцёраў і краязнаўцаў удалося атрымаць грант ад Еўрасаюза на рэстаўрацыю сядзібы. Агульная яго сума складае 1 327 000 еўра. З іх 140 000 унёс беларускі бок. Рэстаўрацыя пачалася ў 2020-м годзе.
Памятны валун у гонар Тадэвуша Рэйтана каля капліцы-пахавальні побач з Грушаўкай
За апошнія 3 гады ў Грушаўцы быў часткова адноўлены сядзібны дом. Працы яшчэ шмат, але ўжо цяпер бачны цудоўны вынік.
Сядзібны дом роду Рэйтанаў у Грушаўцы, лістапад 2022 г.
У падвалах сядзібнага дома плануецца зрабіць музейныя экспазіцыі, мастацкую галерэю і філіял мастацкай школы г. Ляхавічы, навучэнцы якой будуць прыязджаць сюды на пленэры.
Астатнія будынкі комплексу пакуль застаюцца ў аўтэнтычным стане. Толькі “Мураванку” валанцёры Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана часова накрылі шыферам.
“Мураванка” (прыкладна канец XVII ст.), у якой апошнія свае гады пражыў Тадэвуш Рэйтан
Як бачым, гэтая гісторыя, хоць і драматычная, але мае пазітыўны працяг. Грушаўка ўжо зараз – папулярнае для турыстаў месца у Беларусі. А пасля завяршэння рэстаўрацыйных прац і адкрыцця музейных экспазіцый, магчыма, стане адным з культурных цэнтраў нашай краіны…
Аўтар Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытых крыніц
*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% - толькі з дазволу рэдакцыі.