Многім мінчукам падаецца, што парк Янкі Купалы існаваў ў самым цэнтры сталіцы заўсёды. Некаторыя нават памятаюць старую назву — парк 30-годдзя БССР. Аднак гэта ўсё пасляваенная гісторыя. А да вайны тут гаманіў жылы квартал драўляных хат і штогод разлівалася Свіслач, заганяючы тутэйшых жыхароў на гарышчы. Экскурсавод, музеязнаўца Павел Каралёў зладзіў спецыяльна для Смартпрэс экскурсію па тутэйшых алеях і распавёў пра цікавосткі, якія даказваюць, што мы часта не прыкмячаем гісторыю, якая літаральна ў нас пад нагамі.

korolev_5.jpg

Пракладалі камунікацыі — наткнуліся на залатыя манеты з выявай Мікалая ІІ

Сённяшняя вуліца Інтэрнацыянальная акурат упіраецца ў парк Купалы, а калісьці яна пад дарэвалюцыйный назвай Хрышчэская, а пасля з класічнай савецкай назвай Кастрычніцкая працягвалася ажно да Свіслачы. Павел Каралёў упэўнівае, што веласцежка, якая карыстаецца попытам у сучасных мінчукоў, крыху паўтарае трасіроўку былой шашы. За спіной помніка Янку Купалу, якога, зразумела, на пачатку мінулага стагоддзя тут не было, праходзіла вуліца Садовая. У той час па ёй грукатала конка: конныя трамваі ішлі ўздоўж драўляных дамоў і паварочвалі на сённяшні праспект Незалежнасці.

korolev_6.jpg

У квартале знаходзілася і ее цёзка: вуліца Садова-Набярэжная, якая ішла ўздоўж Свіслачы. Дарэчы, да 1910-х гадоў мінчукам было больш зручна перабірацца на другі бераг: тут існаваў яшчэ адзін мост, які выводзіў на вуліцу Шырокую (сённяшнюю Куйбышава). Мост, па якім аўтамабілі імчаць да Траеццкага прадмесця быў вядомы як Паліцэйскі, бо злучаў два рукавы Паліцэйскай вуліцы — той, што зараз носіць імя Янкі Купалы.

— У газеце “Савецкая Беларусь” за 1922-ы год выходзіла нататка, што на вуліцы Шырокай пакутуюць каштаны: увосень і ўзімку там пасвіліся козы мінчукоў і аб’ядалі кару гэтых дрэваў, — смяецца спадар Каралёў.

Але той бок Свіслачы цікавы не толькі шкадлівымі козамі: у лютым гэтага года Павел Каралёў знайшоў у скверы Марата Казея, што месціцца паміж Свіслаччу і Траецкай гарой, сапраўдны скарб:

— У мяне ёсць звычка: хадзіць, узіраючыся ў зямлю пад нагамі. У скверы тады ішлі будаўнічыя работы, таму я часта заходзіў, паглядзець на раскапаныя траншэі. Там і прыкмеціў нешта жоўтае. Аказалася, залатая манета з выявай Мікалая ІІ.

Побач знайшоў пярсцёнак, масіўны ланцужок, залатую зубную каронку і россып манетаў, якіх назбіралася на два тузіна. Знаходка зараз месціцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук.

Французскае наў-хаў і электрычнасць спецыяльна для пісьменнікаў

Ідзем уздоўж Свіслачы да спуску да вады, дзе яшчэ колькі гадоў таму стаяла лодачная станцыя.

— Да вайны тут знаходзілася Пастэраўская станцыя. Першы такі медыцынскі пункт, які спецыялізаваўся на прышчэпках ад шаленства, адчыніўся ў Парыжы. Хутка нау-хаў дабралося і да губернскага Мінску. Мы з гісторыкамі жартуем, што сюды праз горад па прышчэпку цягнуліся гужы кароў і коз. Дарэчы, у жыхара гэтага раёна Янкі Купалы ў хаце жыла нямецкая аўчарка па мянушцы Рэкс. Так што і народны паэт Беларусі мог хадзіць да гэтай пастэраўскай станцыі дзеля свайго гадаванца.

На супрацьлеглым беразе стаіць зялёны будынак дома-музея I з’езду РСДРП. Напачатку мінулага стагоддзя мы б яго адсюль не пабачылі, бо месціўся ён бліжэй да Круглай плошчы, што сёння носіць імя Перамогі. Некаторы час там жылі літаратары Янка Купала і Змітрок Бядуля. 

— Што цікава, у Мінску на той час электрычнасць была, але магла падавацца з перабоямі. Дык існуе ліст, які ў тыя часы Акадэмцэнтр Наркамасветы БССР даслаў на адрас начальніка электрастанцыі. У дакуменце просяць "акуратна падаваць электраэнергію" у дом гэтых двух пісьменнікаў, "бо таварышчы Купала і Бядуля па абавязку сваёй службы мусяць працаваць вечарамі".

korolev_1.jpg
Дзмітрый Полазаў

Пакідаем Свіслач за спінай і ідзем у глыб парка. Дзесьці на месцы сённяшніх клумбаў стаяў дзіцячы садок з цудоўнай назвай "Беларускі ачаг". У ім выхавацелькай працавала жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч. У суседнім доме была кватэра мастака Дзмітрыя Полазава. За той невялікі час, які выпускнік пецярбургскай Акадэміі мастацтваў пражыў у Мінску, ён паспеў намаляваць партрэты такіх будучых класікаў беларускай літаратуры, як Колас, Бядуля, Купала. З апошнім яго звязвала шчырае сяброўства.

Бяром курс на серабрыстую таполю з нязвыклым для сучаснага вуха імём Дзюннікава.

Адзін брат выратоўваў ад самагубства, двое дапамагалі з карьерай

— Дзюнік — гэта памяншальна-ласкальнае ад Эдуард, — тлумачыць спадар Каралёў. — Эдуард Шабуня быў пляменнікам братоў Луцкевічаў — тых самых, што пачалі выдаваць першую беларускую газету "Наша Ніва", адзін з іх Антон, стаў на чале Беларускай народнай рэспублікі. Дык вось хлопчык вылавіў у рацэ дрэўца і прынёс на двор да родзічаў. Тыя вырашылі, што гэта яблыня, чаму ж не пасадзіць. У выніку ж вырасла таполя. 

korolev_9.jpg

Дамы братоў Луцкевічаў ацалелі ў вайну і прастаялі ў парку да 50-х гадоў. Калі ж іх знеслі, то для сваякоў — напрыклад, сюды прыязджаў спявак Данчык, які таксама паходзіць з веткі Луцкевічаў — тая Дзюнікава таполя стала арыентырам пошукаў радавога гнязда.

У 2018-м годзе з нагоды 100-годдзя БНР улады дазволілі паставіць памятны знак, што нагадвае пра дамы дзеячаў беларускага Адраджэння. А літаральна праз год высветлілася, што самі дамы знаходзіліся крыху далей. У парку будавалі калодзеж для стока вады, і экскаватар зачапіў старыя падмуркі. Павел Каралёў успамінае:

— Я адразу напісаў ліст у міністэрства культуры, каб іх ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пакуль ведамства вывучала заяўку, будаўнікі былі вымушаныя спыніць працу на аб’екце. Яны гублялі свой час, я ж прасіў не разбураць гістарычную спадчыну. Рабочыя пагадзіліся перанесці траншэі на некалькі метраў. Калі ж клалі пешаходныя дарожкі, толькі шэраг цэглаў з падмуркаў прыбралі. Астатняе надзейна захавана і чакае свайго часу. Можаце прыходзіць і сядзець на лаўцы Луцкевічаў, як мы яе паміж сабой называем: яна знаходзіцца акурат на месцы аднаго з дамоў братоў.

Што датычыцца мінкультаўскага спісу, падмуркі туды не трапілі. Аднак улады пайшлі насустрач у пытанні замацавання згадак аб гісторыі гэтага раёну: непадалёк ад фантану з’явілася шыльда з гістарычнай рэканструкцыяй тэрыторыі парку, на якой нанесена трасіроўка старых вуліц і пазначаны самыя цікавыя дамы і аб’екты пачатку мінулага стагоддзя. Мы ж ад шыльды вяртаемся да камяню з памятнай таблічкай, прысвечанай братам Луцкевічам.

— Тут пазначаны Антон і Іван, якія ў тым ліку стварылі першую беларускую гімназію і унікальны музей, дзе Максім Багдановіч і пабачыў упершыню тыя слуцкія паясы, пра якія напісаў у сваім знакамітым вершы. Аднак быў яшчэ трэці брат — Стэфан, доктар. Калі ў 1930-м гадзе Купала рабіў спробу самагубства, то яго маці пабегла па дапамогу менавіта да доктара Луцкевіча. Увогуле, мне падаецца, што калі-небудзь мы прыйдзем да таго, калі імёны стваральнікаў беларускай незалежнасці пачнуць належна ўшаноўвацца, братам Луцкевічам адкрыюць музей. Вось на гэтых падмурках яго і можна будзе ўзвесці. Гэта будзе сугучна з музеем Купалы, бо Антон і Іван ў нейкім сэнсе зрабілі кар’еру будучаму народнаму паэту, выцягнушы яго з працы на спіртзаводзе ў віленскую рэдакцыю беларускай газеты.

Калі рэшкі гэтых дамоў схаваны ў зямлі, то побач паміж кустоў не-не ды і выглядваюць шэрагі цэглаў. Гэта тое, што засталося ад баннага комплексу Плаўскага.

Спецыяльны маршрут для ахвотнікаў папарыцца

Двухпавярховая цагляная лазня Плаўскага з’явілася ў Мінску ў 1875 годзе. Яна вытрымала тую бамбёжку ў першыя дні Вялікай Айчыннай, калі за дзень быў узарваны і згарэў практычна ўвесь гэты раён у абдымках Свіслачы. Будынак бачны на многіх гістарычных фатаздымках пасляваеннага часу, але ў 1960-я гарадскія ўлады прынялі рашэнне яго знесці.

korolev_4.jpg

— Пад гэтымі дрэвамі дастаткова заглыбіцца на сем сантыметраў, каб наткнуцца на яе падмуркі. Лазня была тыповай для таго часу, з цырульняй і іншымі паслугамі. Унутры аздоблена прыгожай кафлей. Зараз мне пашчасціла ля чарговай траншэі камунальнікаў знайсці душавую палівачку, якой каля 100 гадоў. Для мяне гэта рыэальна каштоўна: даваенны прадмет з гэтай самай лазні! Такіх цікавостак літаральна з-пад ног у мяне ўжо на цэлы "Куфар старажытнасцяў" у тэлеграме назбіралася.

Пасля рэвалюцыі лазня перастала належыць Плаўскаму, але заставалася папулярным месцам сярод гараджан. Нават да яе былі наладжаны так званыя побытавыя рэйсы - гарадскі транспарт адмыслова спыняўся ў банныя дні ля лазні, каб забраць распараных наведвальнікаў.

— У гэтую парылку любілі завітаць Купала з Коласам і адно другога парыць. Прычым, у кожнага была нейкая асабістая тэхніка, як праходзіць венікам па целе, — смяецца спадар Каралёў. — Асабіста мне падабаюцца ўспаміны Пімена Панчанкі. Нагадаю, насупраць лазні на гэтай тагачаснай вуліцы Кастрычніцкай быў уваход у дом Янкі Купалы. Дык вось маладыя паэты часцей, чым да таго была патрэба, прыходзілі мыцца, бо спадзяваліся пабачыць знакамітасць. Купала на той час быў сапраўднай суперзоркай. Дык хлопцаў аднойчы за руку ўхапіла жонка паэта, маўляў, вы, паўсім відаць, вершы пішаце, то чакайце, зараз выйдзе Купала з цырульні і я вас з ім пазнаёмлю. Дык Панчанка піша, што ад страху яны нават уцяклі — так баяліся пабачыцца наўпрост са сваім кумірам.

Прадказальнік патопаў

Заканчваем нашу экскурсію ля веснічак былой купалавай хаты: на гэтым месцы зараз стаіць невялікі валун. Той дом паэт набываў у 1926-м годзе на дзве сям’і разам з сястрой Леакадзіей. Чаму абраў гэты раён сказаць цяжка: блізка да цэнтру горада, аднак месца не вельмі зручнае, бо праз год тут былі патопы ды паводкі.

— Тут можна гаварыць пра яшчэ адну легендарную серабрыстую таполю. Купала называў яе "мой вартавы", бо дрэва прадказвала паводкі. Як я разумею, яно пачынала напаўняцца знутры вадой, ад гэтага рыпець і трышчэць. Як тое Купала чуў, то ведаў, трэба тэрмінова ратавацца. Паэт жартаваў: "Люблю вясновую Свіслач, хоць і нярэдка яна заганяла мяне на гарышча", — распавядае экскурсавод.

Дарэчы, сённяшняя таполя — гэта дачка той, купалавай. У бамбёжку дрэва толькі з аднаго боку абгарэла, аднак ацалела. Ужо у 1965-м годзе вернага вартавога зламала бура.

korolev_8.jpg

— Існуе здымак, на якім школьнікі ходяць вакол загінулай таполі. Тады ж пляменніца народнага паэта узяла галінку ад таго дрэва і пасадзіла побач. Зараз камунальныя службы абследвалі магутнае дрэва і высветлілі, што недзе наверсе ёсць полыя часткі: ёсць пагроза, што калі-некалі яно не вытрымае чарговую буру і абрынецца. Музейшчыкі, канешне, мараць, каб яно прастаяла як мага больш. Аднак не адмаўляюць мачымасці, што ў купалавай таполі з’явіцца ўнучка.

Аўтар: Настасся Панкратава

Фота: Ганна Шарко