Навагрудскі касцёл святога Міхала Арханёла сёлета адзначае 400 гадоў з дня свайго заснавання. З гэтай нагоды 28 і 29 верасня ў святыні прайшлі ўрачыстыя святкаванні.
Такія даты выбралі невыпадкова. 29 верасня Каталіцкі касцёл адзначае ўрачыстасць святых Арханёлаў — Міхала, Рафала і Габрыэля. Традыцыйна кожны храм, які носіць імя пэўных святых, або святаў, адзначае фэст ў дзень іх успаміну.
Святкаванне 400-годдзя святыні адбывалася на працягу ўсяго 2024 года. Але іх кульмінацыя прайшла менавіта 28-29 верасня. Спецыяльна да гэтай даты была адноўлена старажытная крыпта св. Дамініка і біскупа Віта, адрэстаўраваныя капліцы ў Мількавічах, Несутычах, Навагрудку (на старых могілках) і Гарадзечне. Таксама была зроблена копія "Келіха Ядзвігі" — артэфакта, які знайшлі падчас археалагічных раскопак на ўзвышшы Навагрудскага замка і вывезлі ў музей Эрмітажа. І яшчэ шмат розных цікавых мерапрыемстваў зрабілі да гэтага юбілею вернікі парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку на чале са сваім пробашчам — ксяндзом Юрыем Жэгарыным, а таксама з дапамогай шматлікіх добрых людзей — прафесіяналаў з розных сфераў.
Праграма галоўных дзён святкаванняў была даволі насычанай і ўключала: святыя Імшы, эўхарыстычныя працэсіі, Навагрудскія гістарычныя чытанні, містэрыю, канцэрты і інш.
Былы дырэктар музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба падчас Навагрудскіх гістарычных чытанняў распавёў пра ўнутранае жыццё школы дамініканаў, якая існавала пры кляштары ордэна і пра тое, якім вучнем быў Адам Міцкевіч. З гісторыяй самога дамініканскага ордэна на Беларусі гасцей пазнаёміла кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк.
Пасля дакладаў адбылася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп каад'ютар Уладзімір Гуляй.
#GALLERY_1#
Затым прайшло падсумаванне вынікаў конкурсаў малюнка і віктарыны, у якіх удзельнічалі дзеці і моладзь з Навагрудчыны; канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў Навагрудскай раённай школы мастацтваў і містэрыя "Дамініканцы Навагрудка".
#GALLERY_2#
У другі дзень святкаванняў, акрамя святых Імшаў, прайшоў урачысты прыём і ўручэннем памятнага юбілейнага знака, а таксама ўзнагародаў сябрам і дабрачынцам касцёла. Уручэнне чаргавалася з канцэртам хора Verum Cantus і гурта RYBY.
З гісторыі святыні
Касцёл святога Міхала Арханёла ў Навагрудку пабудавалі ў 1624 годзе на сродкі канюшага вялікага літоўскага Крыштафа Хадкевіча.
Спачатку храм быў драўляны і асвечаны ў гонар святога Яцэка. А каля 1724 года на яго месцы манахі-дамініканцы ўзвялі мураваную святыню, у якую ўключылі частку ранейшай пабудовы. У 1751 годзе храм амаль цалкам быў знішчаны падчас пажару, але адноўлены ў 1805 годзе.
#GALLERY_3#
Пасля пажару 1751 года касцёл перайменавалі ў гонар святога Міхала Арханёла. Паводле падання, ён выратаваў Навагрудак ад знішчэння падчас вайны 1654-1667 гадоў.
Адначасова з касцёлам быў збудаваны і кляштар манахаў-дамініканцаў. Пры ім у 1794 годзе адкрылі школу, у якую прымалі дзяцей розных веравызнанняў і светапоглядаў. Тут, сярод іншых, вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот.
Пасля паўстання 1830-1831 гадоў школу зачынілі, а ў ёй размясцілі гарадское вучылішча, затым - гімназію.
Праз некаторы час зачынілі і кляштар, а законнікаў размеркавалі ў іншыя месцы.
У будынку кляштара размясцілі павятовы і земскі суды, а потым яго ўвогуле разабралі на цэглу. Касцёл жа стаў парафіяльным.
У савецкі час касцёл быў зачынены ўладамі, а ў яго будынку размешчана мэблевае сховішча. А пасля пажару яго ўвогуле пакінулі ў руінным стане.
#GALLERY_4#
Толькі ў 1992 годзе касцёл зноў вярнулі вернікам, дзякуючы намаганням біскупа Антоні Дзям'янкі. Святыню адрэстаўравалі, а духоўнае жыццё ў ёй аднавілася. У хуткім часе быў таксама зноў адбудаваны кляштар, які зараз з'яўляецца рэкалекцыйным домам. У ім зараз праводзяцца духоўныя практыкаванні, а таксама розныя каталіцкія мерапрыемствы.
Фота: Марына Валасар